Общество

Зьнялі дырэктараў школ, забаранілі пісаць пра лета. Як у Горадні змагаюцца з паступленьнем выпускнікоў за мяжу

У Горадні зьнялі з пасадаў некалькі дырэктараў за тое, што шмат выпускнікоў іхных школ паступілі вучыцца за мяжу, піша Радыё Свабода. Бацькі вучняў расказваюць, што непажадана ехаць вучыцца нават у Расею. Настаўнікам забараняюць даваць дзецям сачыненьні на тэму: «Як я правёў лета».

На нарадзе аб адукацыі 21 верасьня Аляксандар Лукашэнка прапанаваў павялічыць тэрміны адпрацоўкі выпускнікоў ВНУ і падумаць над увядзеньнем адпрацоўкі для студэнтаў платнай формы навучаньня.

«Мяне інфармуюць, што самыя-самыя прасунутыя, клясныя спэцыялісты з краіны выяжджаюць. Больш за тое, нейкая ў нас сыстэма: скончыў ВНУ, не адпрацаваў і пайшоў», —заявіў Лукашэнка.

Як стала вядома Свабодзе, улады робяць і іншыя захады супраць масавага ад’езду таленавітай моладзі за мяжу. Пра тое, як гэта адбываецца ў Горадні, Свабодзе расказалі настаўнікі мясцовых школ.

«Алімпіяднікі, стабальнікі ЦТ, суцэльная інтэлектуальная эліта»

Настаўніца адной з горадзенскіх школ Вера* (імёны суразмоўцаў зьмененыя дзеля бясьпекі. — РС) расказала Свабодзе, што ў Горадні некалькіх дырэктараў школ перад новым навучальным годам зьнялі з пасадаў за высокі працэнт выпускнікоў, якія паехалі вучыцца ў Польшчу і іншыя краіны.

«Значыць, школа не праводзіць дастатковай працы, калі дзеці паступаюць за мяжу», — пераказвае словы кіраўніцтва настаўніца.

Сярод рэпрэсаваных былы дырэктар гімназіі № 1 Барыс Сяброўскі. Ён кіраваў гімназіяй 14 гадоў, яшчэ 8 быў намесьнікам дырэктара ў вучэбнай працы. Цяпер ён выкладае ў школе фізыку і астраномію.

«Настаўнікі за яго ўсе перажывалі», — кажа Вера.

Барыс Сяброўскі. Фота: Гімназія №1 імя акадэміка Я.Ф.Карскага горада Гродна

Гімназія № 1 шмат гадоў лічылася адной з найлепшых школьных установаў Горадні. Яна атрымлівала статус найлепшай установы адукацыі Беларусі летась і ў 2017 годзе. Больш за 10 гадоў была найлепшай на адпаведным конкурсе ў горадзе. Летась стала ляўрэатам на рэспубліканскім конкурсе «Найлепшыя тавары Беларусі» ў сфэры адукацыі.

«У іх алімпіяднікі, стабальнікі на ЦТ. Усе конкурсы яны выйграюць, суцэльная інтэлектуальная эліта. Іх хвалілі, як найлепшую школу, усё было выдатна», — успамінае нядаўняе стаўленьне да гімназіі настаўніца.

Яна лічыць заканамерным тое, што разумныя маладыя людзі, якія могуць палепшыць свае ўмовы жыцьця, едуць жыць і вучыцца за мяжу. Настаўніца абураецца, што ў гэтым вінавацяць клясных кіраўнікоў і дырэктараў.

«Ня ведаю, як чалавек зь цьвярозым розумам можа лічыць, што настаўнік здольны ўгаварыць бацькоў, каб яны сваё дзіця пакінулі тут, калі ў іх ёсьць магчымасьць і жаданьне адправіць яго за мяжу. Гэта настаўнікаў могуць запужваць звальненьнем. Але на бацькоў школа ня мае юрыдычнага ўплыву. Чалавек пасьля 11-й клясы можа падаваць дакумэнты, куды захоча. У школы няма рычагоў ціску на выпускнікоў», — кажа Вера.

Месца Сяброўскага заняла начальніца аддзела адукацыі Кастрычніцкага раёну Горадні Алена Адамовіч. Фактычна яе таксама панізілі. Вядома, што ў ейным раёне пазбавілі пасадаў чатырох дырэктараў школ за тое, што дзеці выбралі сабе «няслушнае» месца для працягу навучаньня.

«Калі хтосьці з настаўнікаў адпачываў за мяжой, хай не расказваюць»

Яшчэ адна настаўніца з Горадні Надзея расказала Свабодзе, што ў іхняй школе на пэдагагічнай нарадзе агучылі, што вельмі кепска вядзецца праца ў прафарыентацыі. Выявілі некалькі выпускнікоў, якія нібыта нікуды не паступілі, сярод іх былі і выдатнікі.

«Гэтыя дзеці не пазначылі ні факультэту, ні навучальнай установы. Відавочна, што яны паступілі ў Польшчу. Кіраўніцтва сказала клясным кіраўнікам: «Калі яны зусім нікуды не паступілі, то вы будзеце хадзіць штотыдзень і кантраляваць, чым займаецца дзіця, наколькі яно занятае. Навучыце любіць радзіму!». Хаця гэтыя дзеці ўжо ня вучацца ў школе», — пераказвае Надзея.

Настаўнікаў, у якіх уласныя дзеці вучацца за мяжой, таксама папярэдзілі, каб не расказвалі пра гэта.

«Сядзіце і маўчыце пра сваіх дзяцей, і не расказвайце, як там добра», — дадае настаўніца.

Кіраўніцтва школы выказала спадзеў, што ніхто з настаўнікаў ня дасьць дзецям сёлета пісаць сачыненьне на тэму «Як я правёў лета».

«Каб тыя, хто правёў лета па-за межамі Беларусі, не напісалі, што так добра бавілі час. Калі хтосьці з настаўнікаў адпачываў за мяжой, хай таксама не расказваюць, як там добра. «Інакш хто будзе працаваць у нас? Застануцца адныя пэнсіянэры!», — перадае словы кіраўніцтва школы Надзея.

Яна ня памятае, каб раней настолькі акцэнтавалі ўвагу на паступленьне выпускнікоў менавіта ў беларускія ўстановы.

«Цяпер пажадана, каб усе дзеці тут засталіся, бо гэта наш фінансавы складнік», — тлумачыць яна прычыну, чаму моладзь забараняюць адпускаць за мяжу.

Суразмоўца дадае, што некаторыя бацькі самі адгаворваюць сыноў паступаць за мяжу, бо цяпер вучоба ў іншай краіне ня лічыцца падставай для адтэрміноўкі ад войска.

«Бацькі разумеюць, што сын будзе не ўязны ў Беларусь гадоў дзесяць. Яны дзіця некалькі гадоў ня ўбачаць», — тлумачыць яна.

Паводле Надзеі, у іхнай школе намесьніцу дырэктара па вучэбнай працы «папрасілі» пакінуць пасаду за тое, што яна ў 2020 годзе паставіла подпіс за Віктара Бабарыку.

«Я зразумела, што гэтыя звальненьні масавыя, калі правяралі гэтыя сьпісы і знайшлі. Ведаю, што і ў іншых школах такое ёсьць. Чалавек, ня згодны «з палітыкай партыі» ня можа займаць кіроўныя пасады», — камэнтуе гарадзенка.

«Вася паехаў у Кузьніцу закупіцца каўбасамі»

Настаўніца яшчэ адной горадзенскай школы Варвара таксама ведае, што звольнілі дырэктараў школ за «няўдалую прафарыентацыю». Гэта абмяркоўваюць у школах. Яна заўважае, што падобная праца вядзецца ўжо шмат гадоў, каб дзеці паступалі ў беларускія навучальныя ўстановы.

«Забіраюць на анкетаваньне, адпраўляюць па каледжах, унівэрсытэтах, каб зарыентаваць, якія ў нас ёсьць прафэсіі ў Беларусі. Ідзіце паступаць да нас!» — кажа яна.

Пытаньне паступленьня за мяжу заўжды было на кантролі, перакананая настаўніца. Проста цяпер ён стаў больш жорсткім, наступствам можа стаць страта высокай пасады.

Яна заўважае, што паступаць вучыцца ў Расею таксама не рэкамэндавана, бо гэта, паводле беларускіх чыноўнікаў, таксама замежжа.

«Ты павінен застацца ў Беларусі. Мы сябруем з Расеяй, але адукацыя ў нас розная. Нельга працаваць па расейскіх падручніках. Улетку езьдзіла праверка зь Міністэрства адукацыі і глядзела, каб у школах не было падручнікаў, дапаможнікаў бяз грыфу Мінадукацыі. Усе настаўнікі выкінулі свае дапаможнікі».

Цяпер на ўсёй навучальнай літаратуры, якой карыстаецца настаўнік, мае быць напісана «Рэкамэндавана Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь». Такія правілы датычаць усіх, незалежна ад прадмету.

«Яны баяцца, каб у дапаможніках нечага ідэалягічна няправільнага не было. Яны ж ня могуць усе дапаможнікі праверыць. Ведаюць, што пад грыфам Мінадукацыі ня будзе крамолы. Гэта датычыць ня толькі ўрокаў па гісторыі. І ў падручніку па матэматыцы можа быць няправільная задача: «Вася паехаў у Кузьніцу закупіцца каўбасамі...», — усьміхаецца Варвара.

Паводле назіраньняў настаўніцы, рэпрэсіі ў школах у сувязі з Польшчай і іншым замежжам узмацніліся прыкладна год таму, пасьля таго, як у Беларусі асудзілі прадстаўніка польскай меншасьці Анджэя Пачобута, а Польшча ў адказ закрыла памежны пераход у Баброўніках.

«Хто не пасьпеў выехаць, таго правяраюць. Кагосьці звальняюць, у тым ліку за подпісы за «не таго» кандыдата на выбарах-2020. Яны цяпер закідаюць Польшчы, што гэта наш вораг №1. Зараз разбураюць усё, што зьвязана з палякамі», — кажа Варвара.

12 тысяч беларускіх студэнтаў вучацца ў Польшчы

Сёлета 12 тысяч студэнтаў зь Беларусі вучацца ў Польшчы. Такія лічбы нядаўна паведамляў адукацыйны фонд «Пэрспэктывы», пісала Польскае радыё.

Сёлета ў чэрвені, пасьля папярэдняга навучальнага году Аляксандар Лукашэнка заклікаў выпускнікоў «трымаць нашу краіну ў сваіх руках».

«Глядзіце, гэта ўжо вашая адказнасьць. Ня выпусьціце сваю зямлю, іншай у вас ня будзе. Дзе б вы ні былі, дзе б ні вучыліся далей, дзе б вы ні працавалі. Гэта вашае. І сваё нікому не аддавайце», — зьвярнуўся да выпускнікоў Лукашэнка.

Старшыня Савету Рэспублікі Натальля Качанава перад пачаткам новага навучальнага году зазначыла, што дзяржава выдзяляе вялікія сродкі на адукацыю.

«Трэба максымальна эфэктыўна выкарыстоўваць бюджэтныя сродкі. Мы павінныя рыхтаваць кадры пад патрэбы эканомікі. Галоўнае сёньня — думаць, што будзе з маладымі людзьмі і куды яны пойдуць пасьля навучаньня», — адзначыла Качанава.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.2(15)