Филин

Ірына Марозава

Васілевіч: «Як бы мы ні любілі Чырвоны касцёл — перадусім трэба клапаціцца пра людзей»

Мадэратарка «Хрысціянскай візіі» — пра тое, ці згуляе Лукашэнка ў добрага чараўніка, і пра тое, чаму ліквідацыяй рэлігійных аб’яднанняў веру пад кантроль не возьмеш.

Днямі на сайце парафіі святых Сымона і Алены быў апублікаваны зварот вернікаў да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай адчыніць дзверы храма для прыхаджан. Сцвярджаецца, што яго ініцыятарамі выступілі дзеці, якіх сярод прыхаджан Чырвонага касцёла больш як 1,5 тысячы чалавек, а аўтарамі — іх бацькі.

«Нашы дзеці ў сваіх малюнках да свята Раства малююць расчыненыя дзверы Чырвонага касцёла. Мы, іх бацькі, звяртаемся да Вас: напярэдадні зімовых святаў дапамажыце нам паверыць у цуды… Спадзяемся на Вас, як на чараўніка; Ваша слова — і дзверы адчыняцца, і людзі змогуць увайсці. Рамонты, пашкоджаная праводка, іншыя абставіны — нічога немагчымага няма для таго, хто здольны дапамагчы», — гаворыцца ў звароце, які названы лістом Каляднай надзеі.

Нагадаем, Чырвоны касцёл зачынілі для вернікаў на прыканцы верасня 2022 года пасля пажару, які адбыўся ўначы пры падазроных абставінах. Прыход часова перамясціўся ў касцёл Дзевы Марыі на плошчы Свабоды ў Мінску. Рамонтныя ж работы і рэканструкцыю плануюць пачаць толькі ў першым квартале 2024 года — пасля іх завяршэння, як паведаміла сталічная адміністрацыя, будзе прынятае рашэнне аб аднаўленні дзейнасці храма, але ніхто не абяцае, што гэта рашэнне будзе станоўчым.

Ці прыме Аляксандр Лукашэнка прапанаваную гульню ў «добрага чараўніка», альбо ўсе ранейшыя захады з боку парафіі, у тым ліку адстаўка ксяндза Уладзіслава Завальнюка, бескарысныя ў абставінах, калі працягваецца курс на рэпрэсіі, і касцёл застанецца зачыненым? Імаверны лёс аднаго з самых вядомых мінскіх храмаў Филин абмеркаваў з тэолагам і палітолагам, мадэратаркай «Хрысціянскай візіі» Наталляй Васілевіч.

Наталля Васілевіч

— Мне здаецца, што супольнасць Чырвонага касцёла проста спрабуе выкарыстаць усе магчымыя сродкі, — гаворыць Наталля Васілевіч. — Яны маліліся і каля зачыненага касцёлу, і ў зачыненай плябаніі, і пробашч Уладзіслаў Завальнюк прыцягнуў увагу да сітуацыі, калі ўладкаваўся дворнікам і чысціў снег. Вось цяпер звяртаюцца да Лукашэнкі, прычым звяртае на сябе ўвагу форма звароту: яго максімальна ўзносяць на п’едэстал, моляць-просяць ледзь не як святога Мікалая, чараўніка, які прыляціць на блакітным верталёце і зробіць нешта звыш натуральнага свету.

Можа быць, гэта робіцца нават без асаблівай надзеі на вынік — проста каб засведчыць: і такі спосаб быў выкарыстаны. На мой погляд, парафія падыходзіць з пункту гледжання тэхналогій, спрабуе паказаць усім астатнім, у тым ліку нунцыю, Папу Рымскаму, беларускаму грамадству і нават прапагандыстам, што нават такое не спрацуе.

Бо часта адбываюцца такія закіды, маўляў, вас улады пераследуюць, таму што вы ідзяце ў канфрантацыю, не жадаеце прадэманстраваць лаяльнасць — то вось, робіцца люстраны крок, разварот на 180 градусаў: давайце паспрабуем пагаварыць з Лукашэнкам як з добрым чараўніком. І калі гэта не спрацуе, усе будуць бачыць, — ніякія праявы лаяльнасці не выратоўваюць.

Другі момант, на які звяртае ўвагу Наталля Васілевіч — ухвалення правіцеля ў звароце так шмат, што гэта нават выглядае як тонкі тролінг, намёк, што ў парафіі цудоўна разумеюць: пераслед адбываецца зусім не таму, быццам у касцёле засела апазіцыя, прычыны значна больш глыбокія.

— Мне заўсёды здавалася на інтуітыўным узроўні, што Чырвоны касцёл на плошчы Незалежнасці, дзе стаіць Дом Ураду і помнік Леніну, трошкі выклікае дысананс, — дзеліцца суразмоўца, — ён перацягвае ўсю ўвагу на сябе і становіцца цэнтрам плошчы. Прыгадайце: калі раней прыйсці на плошчу Незалежнасці, колькі людзей падыходзіла да помніку Леніну, і колькі ішлі да касцёла, да мемарыялу Яну Паўлу ІІ, скульптурнай кампазіцыі з архангелам Міхаілам і змеям, — там пастаянна віравала жыццё.

Чырвоны касцёл ніколі не быў пустым: да яго прыходзілі вернікі, фатаграфавалі турысты, гэта такі альтэрнатыўны сімвал Беларусі ці прынамсі Менска — не выпадкова ж ён трапіў на сувеніры, магніты, паштоўкі з выявамі сталіцы… Гэта сімвал альтэрнатыўнай улады, які заўсёды нагадваў, што ёсць Бог, а цяперашняя ўлада — абмежаваная і часовая.

Таму магчыма, што за пераследам Чырвонага касцёла стаіць гэткі ідэалагічны дысананс, які лукашэнкаўскі саўдэпаўскі рэжым проста трываць не ў стане.

На думку Наталлі Васілевіч, сёлета каляднага цуду не адбудзецца:

— На мой погляд, гэта паказвае сутнасць усёй улады Лукашэнкі: як ты ні малі, ні прыніжайся, ні прызнавай свае памылкі — гэта не працуе.

Рэжым хоча, каб усе пакаяліся, прыпаўзлі на каленях. Але нават тых, хто верыць уладам і прыпаўзае, усё роўна чакае пакаранне: ім абяцаюць, што ніякага пераследу не будзе, а потым даюць па 10 гадоў і ламаюць яшчэ больш… Гвалт вырас настолькі, што перагарнуць старонку не можа не тое каб беларускі народ, але сам рэжым не можа пераадолець свой страх, сваю нянавісць, сваю пагарду людзьмі.

Ускосна пра гэта сведчыць і тое, што пад каток трапляюць нават цалкам «свае», праўладныя арганізацыі — так, днямі суд ліквідаваў ГА «Бацькі і настаўнікі за аднаўленне праваслаўнай адукацыі». Бо любое не падкантрольнае рэжыму згуртаванне ці аб’яднанне ўспрымаецца як патэнцыйна небяспечнае.

А што будзе далей з Чырвоным касцёлам — не толькі сімвалам духоўнай свабоды, але і гісторыка-культурнай каштоўнасцю, якая фармальна знаходзіцца пад уладай дзяржавы? Ці пратрымаюць будынак зачыненым як мага даўжэй, ці перададуць, як ужо было ў гісторыі храму, нейкай пабочнай арганізацыі? Адказаць на гэтае пытанне зараз немагчыма, канстатуе Наталля Васілевіч, але ў наступным годзе агулам у рэлігійнай сферы ў Беларусі многае зменіцца:

— Многія рэлігійныя аб’яднанні, мяркую, не пройдуць перарэгістрацыю, і ў нас будзе вельмі шмат пустых храмаў альбо малітоўных дамоў, якія не выкарыстоўваюцца абшчынамі. Таму на рэлігійным полі нас чакаюць вялікія змены і яшчэ большая цэнтралізацыя. У 2020-м годзе рэжым пабачыў, што жыццё можа ўзнікаць на базе любых структур, нават нейтральных, — і цяпер стаіць задача ўсё максімальна знішчыць ці падпарадкаваць.

Што будзе з будынкам Чырвонага касцёлу — пытанне вельмі цяжкае. Наўрад ці ўлады дадуць яму разваліцца, але што будуць рабіць далей, спрагназаваць складана, давядзецца глядзець па факце, як улады распарадзяцца тым, што лічаць сваёй уласнасцю.

Але, як мне падаецца, цяпер у першую чаргу мы мусім дбаць не пра гісторыка-культурную спадчыну. Як бы мы ні любілі Чырвоны касцёл — перадусім трэба клапаціцца пра людзей. Лёсы палітвязняў, людзей, якія гінуць за кратамі, усіх беларусаў, якія застаюцца ў краіне маюць першаснае значэнне. Можна ахвяраваць каштоўнасцямі і нават помнікамі, але не жывымі людзьмі, якія знаходзяцца ў сітуацыі страху, ціску і прыгнёту.

Зрэшты, дадае тэолаг, пазбаўленнем рэгістрацыі рэлігійнае жыццё ў Беларусі ліквідаваць не атрымаецца. Людзі сыходзяць у нефармальную сферу, у малыя групы, але працягваюць маліцца і дапамагаць адно аднаму, падтрымліваць, быць разам, дзяліцца перажываннямі і ідэямі. І хоць магчымасцяў будзе менш, стасункі па-за кантролем дзяржавы, вельмі верагодна, дадуць большы плён.

Наталля Васілевіч заўважае, што ў пэўным сэнсе бягучую беларускую сітуацыю можна параўнаць з Раством, калі пасярод змроку з’яўляецца маленькі агеньчык:

Нават у Бібліі ёсць такі ўрывак, што людзі «сядзелі ў цемры вялікай, і ім заззяла святло», — мне здаецца, для нас гэта цяпер вельмі актуальна. Магчыма, калісьці ў гістарычных даследаваннях перыяд, у якім мы цяпер жывём, будзе называцца Цёмнымі альбо Змрочнымі часамі. Але святло ўсё роўна ёсць, і надзея ёсць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(43)