История

Андрэй Кныш

Яго яшчэ вернуць. Гісторыя Чырвонага касцёла ў архіўных і сучасных фотаздымках

21 лістапада 1910 года ў Мінску быў асвечаны касцёл Святога Сымона і Святой Алены.

З дапамогай архіўных і сучасных фотаздымкаў «Салiдарнасць» распавядае пра драматычную гісторыю аднаго з самых пазнавальных храмаў нашай сталіцы.

За пабудову новага касцёла ў шматканфесійным Мінску выступалі мясцовыя каталікі. Яны сабралі больш за 2000 подпісаў. Фундатарам выступіў Эдвард Вайніловіч, на той момант — віцэ-старшыня Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі.

Эдвард Вайніловіч і ягоныя дзеці – Сямён і Алена

Сваю назву храм у неараманскім стылі атрымаў у памяць пра заўчасна памерлых дзяцей Вайніловічаў — Сямёна (Сымона) і Алены (Гелены-Бянігны). Сымон памёр у 1897-м ад скарлаціны ў 12-гадовым узросце, Алена — у 1903-м. Яе смерць напаткала за дзень да 19-годдзя.

Касцёл быў пабудаваны ў 1905-1910 гг. Выбар на карысць раманскага стылю Вайніловічам быў зроблены з меркаванняў талерантнасці да розных канфесіяў. У сваіх мемуарах ён падкрэсліваў:

— Я не жадаў спыняцца на гатычным стылі, па-першае, таму, што ён стаў вельмі распаўсюджаны на той час пры будаўніцтве каталіцкіх святынь у Расіі, па-другое, таму, што ён вельмі адрозніваўся ад стылю праваслаўных храмаў, якія існавалі ў нашым краі, і гэтым як бы падкрэсліваў падзел па веравызнанні класаў нашага грамадства, бо пераважная частка сялянства была праваслаўная, а землеўласнікі — каталікамі, і я спыніўся на раманскім стылі, росквіт якога прыпадае на час, калі ўсходняя Царква існавала ў еднасці з Рымам.

У працэсе пабудовы

На той час Чырвоны касцёл з ягонай 50-метровай вежай-званіцай стаў самым высокім збудаваннем у горадзе, а сам храм — самай вялікай бажніцай. Касцёл мог змясціць да 1500 вернікаў.

Асвячэнне

21 лістапада 1910-га званы «Міхал», «Эдвард» і «Сымон» заклікалі гараджанаў на асвячэнне касцёла.

Урачыстасць выканаў ксёндз-дэкан Вітальд Чачот. На асвячэнне прыйшлі амаль усе мінскія каталіцкія святары. Знакавую падзею наведаў і тагачасны мінскі губернатар Якаў Эрдэлі.

Выява касцёла на паштоўцы

Касцёл працягвалі дабудоўваць і аздабляць і пасля асвячэння. Польскі архітэктар Томаш Пайздэрскі, які на замову Вайніловіча спраектаваў бажніцу, не дажыў да завяршэння працаў. Па просьбе фундатара ён зрабіў праект падобным да ўласнага праекта збудаванага ім касцёла Святой Эльжбеты ў польскім Ютросіне.

З прыходам бальшавікоў для касцёла, як і для іншых храмаў, насталі змрочныя і трагічныя часы. Роўна сто год таму, у 1923-м, Чырвоны касцёл быў разрабаваны. З вежаў былі скінутыя званы, з будынка вынеслі мэблю, абразы, посуд і гадзіннікі.

Годам раней парафіяне здолелі ўратаваць кніжны фонд бібліятэкі імя Адама Міцкевіча, якая існавала пры касцёле. Кнігі былі вывезеныя ў Беласток. Бібліятэка вярнулася ў Мінск у 1998-м — да 200-годдзя вялікага паэта.

У 1932-м касцёл быў зачынены для вернікаў, бліжэйшыя пяць гадоў тут працаваў Польскі тэатр БССР, а з 1937-га тут атабарылася кінастудыя «Савецкая Беларусь».

З прыходам немцаў у 1942-м касцёл аднавіў богаслужэнні. Але для святароў гэта не прынесла палёгкі. Пробашч касцёла ксёндз Станіслаў Глякоўскі прыняў пакутніцкую смерць ад рук нацыстаў у 1941-м, пробашч Мінскага кафедральнага касцёла, які правіў службу ў Чырвоным касцёле, быў расстраляны службоўцамі СД у снежні 1942-га.

Касцёл ацалеў у ліхалецці вайны, але меў шанцы быць зруйнаваным пасля яе. У 1944-м ён ізноў быў зачынены для вернікаў, сюды вярнулася кінастудыя.

Савецкая паштоўка

У 1960-я храм апынуўся пад пагрозай калі не поўнага знішчэння, то татальнай перабудовы — шмат каму з партыйных бонзаў не падабалася суседства Дома ураду з каталіцкай бажніцай.

Існуе версія, што ад незайздроснага лёсу касцёл уратаваў кінарэжысёр і мастацкі кіраўнік «Беларусьфільма» Уладзімір Корш-Саблін. Але сам будынак усё ж быў істотна рэканструяваны. У 1975-м тут быў адчынены Дом кіно з кавярняй і музеем. Да слова, менавіта тут адбылася прэм’ера фільма «Дзікае палявянне караля Стаха» паводле аднайменнай аповесці Уладзіміра Караткевіча.

А 19 кастрычніка 1988-га тут адбылася знакавая для будучай незалежнай Беларусі падзея. У сценах тагачаснага Дома кіно адбыўся Усебеларускі ўстаноўчы сход, які зацвердзіў Статут і Дэкларацыю таварыства, стварыў арганізацыйны камітэт Беларускага народнага фронту «Адраджэнне».

Пратэсты каля Дома ўраду, 1991 год. Фота Міколы Пачкаева

21 лістапада 1990-га касцёл быў вернуты вернікам. Гэтаму папярэднічалі чатыры гады намаганняў ініцыятыўнай групы, падтрыманай кзяндзом Уладзіславам Завальнюком.

Пра настойлівасць руху гаворыць такі факт: паўтара года штодзень і ў любое надвор’е да трох сотняў вернікаў ладзілі крыжовыя шэсці вакол будынка касцёла.

Пасля вяртання вернікам касцёл стаў не толькі рэлігійным, але і культурным цэнтрам. Адсюль у 1991-м упершыню пачалі ладзіцца пілігрымкі ў Будслаў. Акрамя таго, данінай павагі да фундатара сталі богаслужэнні ў сценах касцёла святароў уніяцкіх парафій.

26 жніўня 2020-га

У 2020-м у разгар пратэстаў храм стаў прыстанішчам для мітынгоўцаў, якія хаваліся тут ад сілавікоў. Падчас адной з акцый амапаўцы заблакавалі людзей у касцёле. Фота байцоў у чорным на прыступках касцёла абляцелі сусветныя інфармагенцтвы.

Прыйшоў час новых бальшавікоў — сёння касцёл фактычна ізноў адабраны ў вернікаў. 26 верасня 2022 года тут здарыўся загадкавы пажар.

Настаяцель касцёла Уладзіслаў Завальнюк прыбірае снег вакол храма, лістапад 2022-га. Фота: chyrvony.by

Пасля гэтага здарэння храм зачынілі, перасталі пускаць туды людзей, адключылі камунікацыі і скасавалі дамову арэнды, запатрабаваўшы ад парафіі вызваліць памяшканне.

Гарадскія ўлады не дазваляюць вернікам маліцца ні ў ацалелай частцы будынку, ні ва ўнутраным дворыку.

І ўсё ж сама гісторыя касцёла сведчыць, што ён здольны перажыць і гэтую навалу.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(35)