«Прыроджаны лідар». Дзень народзінаў у Ягора Марціновіча: «Будзе неба поўным зор!..»
З 8 ліпеня галоўны рэдактар «Нашай нівы» у няволі.
3 верасня — Дзень народзінаў у галоўнага рэдактара «Нашай Нівы», палітзняволенага Ягора Марціновіча.
Нажаль, ужо амаль два месяцы ён знаходзіцца за кратамі.
— На Дзень нараджэння мы заўсёды стараліся падрыхтаваць сюрпрызікі. Ва ўмовах турмы гэта зрабіць не так-та проста, але спадзяюся, Ягор адчуе, як моцна я яго кахаю. Нашыя старыя фотаздымкі я цяпер пераглядаю кожны дзень, — напісала ў Facebook жонка Ягора Адар’я Гуштын.
Яго калегі нагадалі, што Ягор трапіў у «Нашу Ніву» ў 2008 годзе. Тады у выданні быў абвешчаны конкурс вакансій, на які прыйшло больш за 50 заявак на два месцы.
— Журналіст ад Бога. Прыроджаны лідар. Той выпадак, калі ўсё сышлося. І ўменне пісаць, і здольнасць аналізаваць інфармацыю, і дар да авалодвання новымі тэхналогіямі, і харызма, і жыццялюбства, і рэалізм, і ўменне казаць «не», — кажуць пра свайго галоўнага рэдактара нашаніўцы.
Павiншаваў Ягора i паэт Уладзiмiр Някляеў: «Дзень народзінаў журналіста, палітвязня Ягора Марціновіча.
Вось чаго не мог уявіць, працуючы ў рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва» разам з Алесем Марціновічам, што ў яго, чалавека такой памяркоўнасці, якой хапіла б на трох беларусаў, будзе такі непамяркоўны, непаслухмяны ў «бацькі» сын.
Сам Алесь — таленавіты журналіст, асоба. Ведаю, што ён, як і я, сумуе па нашым маладым часе, але, якімі б мы ў тым часе ні былі, нашы дзеці лепшыя за нас. І настаў іх час!.. І з імі такімі можам мы не баяцца за Беларусь!..
Будзе так, як мае быць,
Будзем жыць, як мусім жыць,
Будзе неба поўным зор!..
З днём народзінаў, Ягор!»
Калектыў «Салідарнасці» віншуе Ягора з народзінамі. Мы жадаем яму моцы, веры і ганарымся ім, як усе, хто яго ведае!
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное