Галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» збівалі пры затрыманні. Ягор Марціновіч атрымаў траўму галавы

Пасля ператрусаў у офісе і дома Ягора павезлі ў Следчы камітэт на допыт, дзе яму выклікалі хуткую дапамогу.

Як паведамляе прэс-служба СК, Марціновічу была аказаная медыцынская дапамога. Гэтую ноч Ягор правёў у ізалятары на Акрэсціна. Кажа, што адчувае сябе лепш, піша Наша Ніва.

Сёння раніцай яго ўпершыню пакармілі, а затрымалі ўчора, каля 10 гадзін раніцы. Яму і іншым вязням у камеры не выдалі матрацы і пасцелю.

Галоўны рэдактар «Нашай Нівы» затрыманы на 72 гадзіны як падазраваны па ч. 1 арт. 342 (арганізацыя ці падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або ўдзел у іх).

Таксама ў ІЧУ на Акрэсціна ў такім жа статусе знаходзяцца галоўны рэдактар часопіса «Наша гісторыя» Андрэй Дынько, кіраўнік аддзела рэкламы і маркетынгу Андрэй Скурко, галоўны бухгалтар Вольга Раковіч.

Андрэй Скурко хворы на цукровы дыябет, інсуліназалежны, яму дазволілі ўзяць лекі з разлікам на трое сутак.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 1.6 (оценок:29)