Политика

Навумчык: «Ніхто не жадаў паміраць за Данцыг. І за Крым – таксама»

Ці асьмеліцца Пуцін пачаць вайсковы канфлікт з Польшчай?

Журналіст Сяргей Навумчык прыводзіць гістарычныя аналогія, якія кажуць, што нават неверагоднае магчыма — галоўнае мець «волю да перамогі». А ў сённяшнім канфлікце ў аднаго боку яна дакладна ёсць.

— Пішуць, што Пуцін не асьмеліцца пачаць вайсковы канфлікт з Польшчай ці краінамі Балтыі, паколькі тыя члены NATO, — адзначае Сяргей Навумчык.

Вось якраз таму, што яны члены NATO – ён і можа пайсьці на такі канфлікт (Лукашэнка тут пешка).

Запытаемся: што будзе, калі Пуцін зойме адну з балтыйскіх краінаў, увядзе туды войскі? Паводле 5-га пункту статута, NATO павінна іх абараняць. Я, зразумела, не пра «глыбокую занепакоенасьць», не пра самыя жорсткія санкцыі аж да поўнай блакады – чхаць ён хацеў на санкцыі.

У мяне вялікія сумневы, што будуць абараняць. Бо Эўропа не гатовая ваяваць за сябе. Мы бачылі гэта на прыкладзе нападу на Ўкраіну – пасьля таго, як Кіеў «рэвалюцыяй годнасьці» пацьвердзіў свой эўрапейскі выбар. Мы памятаем, як ЗША І Вялікабрытанія падцерліся Будапэшцкім мэмарандумам.

(Толькі ня трэба мне казаць, што ў Мэмарандуме «ня быў прапісаны мэханімзм гарантый» – перакананы, Чэрчыль ці Тэтчар адказалі б Крамлю бяз усякіх «прапісаных мэханізмаў». Тут жа паўтарылася сытуацыя з гісторыі, вядомая фразай «Ніхто не жадаў паміраць за Данцыг» (цяпер – Гданьск).

«Дык вы лічыце, што за Крым Захад мусіў пачаць вайну зь ядзернай краінай?» – запытаюцца.

Але тады гэтак жа правамоцна і аналагічнае пытаньне: «А ў выпадку акупацыі нейкай балтыйскай краіны (так, члена NATO) – вы перакананыя, што NATO распачне вайну зь ядзернай краінай?».

Так, 5-ты пункт статуту абавязвае NATO абараняць любую краіну NATO у выпадку агрэсіі, ня можа быць, каб яго праігнаравалі.

Але мы жывем у часы, калі ўчора нерэальнае сёньня зьдзяйсьняецца. Хто мог у 2013 сказаць, што Пуцін пажадае анэксаваць Крым (першы гвалтоўны перадзел межаў у Эўропе пасьля 1945).

У вайне, увогуле ў супрацьстаяньні вельмі важныя тое, што называецца «воля да перамогі».

Асабіста мне падаецца (хачу памыліцца), што ў Захаду няма волі да супраціву. А ў супрацьлеглага боку воля да агрэсіі – ёсьць.

І калі мы ўжо прыгадалі гісторыю, зраблю яшчэ адну аналогію.

У сакавіку 1936 году Гітлер вырашыў увесьці войскі (некалькі батальёнаў) у Рэйнскую вобласьць, якая паводле Вэрсальскай дамовы была дэмілітарызаваная і Нямеччына ня мела права мець там ніводнага салдата.

Фельдмаршалы адгаворвалі Гітлера, палічыўшы гэта суіцыдальнай авантурай: з другога боку мяжы стаялі французскія войскі, якія ў дзесяткі разоў пераўзыходзілі нямецкія па колькасьці, ня кажучы ўжо пра тэхніку. Французы адкінулі б немцаў за адзін дзень. «Калі б вы аказалі супраціў, мы былі б разьбітыя, гэта быў бы вельмі моцны ўдар па рэнамэ Гітлера, і ён бы не ўтрымаўся б ва ўладзе» – скажа потым французам Гударыян.

Але Гітлер інтуітыўна адчуваў, што французы ня пойдуць на канфлікт. І перамог. Спачатку ў Рэйнскай вобласьці, а потым у Чэхаславаччыне, Бэльгіі, Даніі, Францыі…

Грузія-2008, Крым-2014 – гэта і быў пуцінскі Рэйн.

Гісторыя не заўсёды паўтараецца ў форме фарсу, часам яна паўтараецца трагічна.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.5(73)