Политика

Карбалевич: «Дрэнная навіна для Лукашэнкі»

Як вайна ва Украіне паўплывала на настроі беларусаў. Тры высновы ад палітолага наконт чарговага дасьледаваньне Chatham House.

— Найперш, апытаньне пацьвердзіла, што спачуваньне Расеі ў гэтай вайне большае, чым спачуваньне Ўкраіне, — піша Валер Карбалевіч. — Паводле кіраўніка праекту Рыгора Астапені, «адказы, якія прадугледжваюць падтрымку Расеі ў вайне ў той ці іншай форме, зьбіраюць 35%, праўкраінскія опцыі набіраюць 20%». Справа тут ня толькі ва ўзьдзеяньні масіраванай прапаганды расейскіх і беларускіх тэлеканалаў, але і ў глыбокім укараненьні расейскіх наратываў у масавай сьвядомасьці беларусаў.

Амаль тры дзесяцігодзьдзі кампаніі няспыннай беларуска-расейскай інтэграцыі не маглі не пакінуць свайго сьледу. Беларусь — адзіная краіна, дзе палітыка «мяккай сілы» Расеі прыносіць пэўны плён. Хоць з кожным годам гэты эфэкт усё меншы. Нагадаю, што ў 2014–2016 гадах 2/3 беларусаў падтрымлівалі Маскву ў расейска-ўкраінскім канфлікце.

Другі момант. Паводле Астапені, «24% гарадзкіх жыхароў Беларусі згодныя з Лукашэнкам, што калі б ня быў нанесены прэвэнтыўны ўдар па Ўкраіне, то армія Ўкраіны атакавала б беларускія войскі». Менавіта гэтым Лукашэнка тлумачыў саўдзел Беларусі ў расейскай агрэсіі. Дык вось, высьвятляецца, што ён пераканаў толькі сваіх прыхільнікаў. І гэта дрэнная навіна для Лукашэнкі. Бо з улікам вельмі моцных антываенных настрояў уцягваньне краіны ў вайну — гэта, магчыма, нават горш, чым сілавое ўтрыманьне ўлады.

Нарэшце, трэцяя выснова. Астапеня адзначыў: «23% апытаных кажуць, што калі б беларускае войска паслалі на вайну ва Ўкраіну, то войска выконвала б загады. Іншыя адказы — пра розныя спосабы ўхіленьня ад выкананьня загаду». Мне гэтыя лічбы падаюцца проста фэнамэнальнымі. Каб сярод законапаслухмяных беларусаў, якія апрыёры любяць парадак, паважаюць дзяржаўныя інстытуты, толькі чвэрць лічыла, што вайскоўцы выканаюць загад, датычны ўдзелу ў вайне, — трэба, каб адбылося нешта надзвычайнае.

Нагадаю, што ў 2020 годзе, падчас найвастрэйшага палітычнага крызісу, усе сілавыя структуры, уключна з арміяй, амаль бездакорна выконвалі загады Лукашэнкі. Прычым большасьць тых загадаў супярэчылі Канстытуцыі і законам. Былі толькі адзінкавыя выпадкі, калі людзі ў пагонах адмаўляліся браць удзел у палітычных рэпрэсіях.

І вось цяпер толькі 23% лічаць, што вайскоўцы выканаюць загад, калі іх пашлюць на вайну ва Ўкраіну. Астатнія мяркуюць, што жаўнеры будуць сабатаваць іх выкананьне ці ўвогуле здадуцца ў палон украінцам. Зусім ня факт, што сапраўды так будзе, што войска адмовіцца ваяваць. Але тое, што так думае пераважная большасьць беларусаў, вельмі паказальна. Чаму так? Бо вайна. Яна ўсё мяняе.

Парадокс у тым, што ў масавай сьвядомасьці вайна з Украінай — страшней, чым вайна з уласным народам.

Оцени статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(25)