Гурневіч: «Дзмітрыеў спакойна размаўляе і з ябацькамі, і з аматарамі Пуціна, бо гэта таксама беларусы, а ў будучыні — патэнцыйныя выбарцы»

Журналіст — пра злоўжыванне паняццямі «агент КДБ» ці «агент Масквы».

— Андрэй Дзмітрыеў быў адной з першых ахвяраў «пакаяльных відэа» і атрымаў за гэта ад многіх кляймо здрадніка, — піша Дзмітрый Гурневіч. — Сёння ГУБАЗіК прадукуе такія відэа ў прамысловых маштабах і разумныя людзі ведаюць, што ня варта звяртаць на гэта асаблівай увагі, бо ў палоне галоўнае выжыць і не нашкодзіць іншым.

У 2010 годзе гэта было навінкай, таму многія, асабліва з палітычнай тусоўкі, не паверылі Дзмітрыеву, што пайсці на гэта ён мусіў выключна таму, што сілавікі шантажавалі яго свабодай блізкага чалавека. Але кагосьці гэта не пераканала, а камусьці не спадабалася форма яго апраўдання. І з тых часоў да яго прычапаліся латка «агента КДБ».

Але не толькі за гэта, яшчэ і за форму вядзення палітыкі. Палітыкаў я падзяляю на тры гатункі.

1) Тыя, хто адчувае рэальнасць, працэсы, настроі людзей і спрабуе ісці ў нагу з грамадствам, не абганяючы яго, але спрабуючы хітра з ім працаваць.

2) Тыя, хто адчувае рэальнасць, працэсы, настроі людзей і спрабуе іх змяніць, ідучы насуперак настроям.

3) Тыя, хто жыве ў ілюзіі і не разумее ані працэсаў, ані настрояў людзей, і нічога не робіць.

Як журналіст я назіраю за Дзмітрыевым шмат гадоў і адношу яго, бясспрэчна, да першых. (Каб пазбегнуць непатрэбнай дыскусіі, адразу скажу, што ён не мой кандыдат, але я спрабую паглядзець на сітуацыю аб'ектыўна).

Шмат каго бесіць, што ён удзельнічае ў выбарах, піша заявы ў сельсаветы і райвыканкамы, ходзіць туды з людзьмі на прыёмы з чыноўнікамі, да апошняга карыстаўся легальным поле дзейнасці (і не асабліва, дарэчы, з гэтым піярыўся). Для адных гэтага хапае, каб лічыць яго агентам, бо ён дзейнічае ў рэчышчы сістэмы.

Андрей Дмитриев на пикете в Слуцке, 1 июня 2020 года

Але для Дзмітрыева гэта адзіная форма працы, якую ён лічыць эфектыўнай. Таму ён спакойна размаўляе і з ябацькамі, і з аматарамі Пуціна, бо гэта таксама беларусы, а ў будучыні — патэнцыйныя выбарцы. І ў беларускай палітыцы такіх палітыкаў будзе яшчэ вельмі шмат, бо гэта проста паспяховая паліттэхналогія. (Роўна з такой ішоў на выбары Віктар Бабарыка).

Хто быў, ёсць агентам, ці яшчэ ім стане, спадзяюся мы некалі даведаемся дзякуючы архівам і іншым дакументам. Нехта, імаверна, прызнаецца і сам. Але сёння ў беларускай палітыцы паняццямі «агент КДБ» ці «агент Масквы» моцна злоўжываюць. Ім становіцца ледзь не кожны, з кім не пагаджаецца іншы бок. Гэта ўжо і мем, і з'ява роўная «закону Годвіна», які прадугледвае безсэнсоўнасць далейшай дыскусіі, калі апанент сягае ў ёй да аргументу пра Гітлера і нацызм.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.4(30)