Выборы-2020

Фенаменальна неагрэсіўная кампанія Ціханоўскай: ніводнага інцыдэнту

Скончыўся перыяд агітацыйнай кампаніі на выбарах. 9 жніўня — асноўны дзень галасавання. Падсумоўваючы гэты перыяд, хочацца адзначыць вельмі пазітыўны для перспектыў Беларусі факт, піша Андрэй Дынько на Нашай Ніве.

Мітынг Святланы Ціханоўскай у Брэсце 2 жніўня. Фота Надзеі Бужан

Кампанія папулярнага кандыдата Святланы Ціханоўскай прайшла не проста мірна, а ўвогуле без адзінага інцыдэнта.

Ціханоўская збірала гіганцкія па беларускіх мерках мітынгі, на гэтыя зборы часам прыходзілі апаненты, а часам — адкрытыя правакатары, як на 10-тысячным сходзе ў Гомелі. Аднак ніякі акт насілля не азмрочыў гэтай феерычнай кампаніі.

Нават калі ўлады ў парушэнне ўласнага ж заканадаўства забаранілі такія чаканыя мітынгі-канцэрты ў Мінску, Слуцку і Салігорску да іншых гарадах, нават калі адбыліся затрыманні давераных асоб Ціханоўскай — а ўсяго ў Беларусі за час «выбарчай кампаніі» затрымана пад 1400 чалавек, сумны рэкорд дзікага парушэння канстытуцыйных нормаў, праціўнікі Аляксандра Лукашэнкі не адказалі насіллем на насілле.

Абсалютна негвалтоўны, неагрэсіўны характар беларускай апазіцыі дае добрыя надзеі на будучыню Беларусі.

Як паказвае гісторыя іншых краін, там, дзе змаганне за грамадзянскія правы і свабоды адбывалася негвалтоўна, развіццё краіны пасля надыходу перамен адбывалася нашмат больш паспяхова, чым там, дзе яно суправаджалася насіллем.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(37)