Филин

Сяргей Васілеўскі

Дракахруст: Пасля 2020-га на першы план выйшлі Качанава, генпракурор Швед і Карпянкоў, але зусім не Макей

Палітычны аглядальнік Юрый Дракахурст падзяліўся з Филином меркаваннем пра маўчанне афіцыёзу і пра магчымых пераемнікаў памерлага кіраўніка МЗС.

Юрый Дракахруст

— Чаму пра смерць Уладзіміра Макея так сціпла пісалі ў дзяржаўных СМІ? Зрэшты, і Лукашэнка пакуль што абмежаваўся сухім спачуваннем.

Пра што можа казаць такая рэакцыя? Гэта агулам прыкмета аўтарытарнай краіны ці тут ёсць нейкія ўласна беларускія чыннікі?

— Я разумею такую логіку — маўляў, у таталітарным грамадстве ёсць месца толькі першай асобе. Але і ў таталітарных краінах, калі гаворка ідзе пра высокапастаўленыя фігуры, якія знаходзяцца ў фаворы, то іх і хаваюць адпаведна.

У нашым выпадку, сапраўды, многія звярнулі ўвагу, што тон значна ніжэй, чым мог бы быць. Нават ніжэй, чым яму належыць быць у такіх выпадках. Я тлумачу гэта двума момантамі.

Першы — гледзячы па ўсім, Макей ужо даволі даўно прайграў апаратную гульню.

У 2015–2019 гадах, калі браць палітычную вагу, той жа фавор, ён быў, магчыма, другой асобай у дзяржаве. Ён быў вельмі ўплывовы. Пасля 2020-га, асабліва пасля лютага 2022-га, ягоная апаратная вага зніжалася.

Так, ён быў высокапастаўленым чыноўнікам, даволі прафесійна выконваў тое, што яму даручалася. Але калі гаворка ідзе менавіта пра палітычную вагу, то тут на першы план выйшлі зусім іншыя персоны: Качанава, людзі кшталту генпракурора Шведа, таго ж Карпянкова. Але зусім не Макей.

Другое тлумачэнне часткова звязанае з першым. За Макеем так ці інакш, асабліва сярод расійскіх экпертаў і палітыкаў, заставаўся шлейф, прывід вобраза прадстаўніка Захаду. Увасабленне празаходняй опцыі ўнутры сённяшняга беларускага рэжыму, опцыі шматвектарнасці.

Можна прыгадаць, што дэкларацыю пра адмову ад шматвектарнасці, пра пераход да аднавектарнай палітыкі агучыў у мінулым годзе дэпутат Андрэй Савіных, а зусім не Макей. Я нават не памятаю, каб кіраўнік МЗС недзе казаў такое.

Не прыгадаю таксама, каб ён казаў, прынамсі, часта, што мы з Расіяй адзін народ, еўразійская цывілізацыя. Калі ён такое і казаў, то гучала гэта, што называецца, у дужках.

А паколькі ў нас цяпер акурат такая палітыка, маўляў, мы з Расіяй адзін народ, а Макей, хоць даўно і не праводзіў празаходнюю палітыку, але заставаўся яе ўвасабленнем, то ўсходнім «братам» і быў пасланы своеасаблівы сігнал: мы развітваемся з гэтым чалавекам без пышнасці.

Я не выключаю, што яшчэ адным знакам у тым жа накірунку будзе прызначэнне новага міністра.

— То бок, выбар на карысць той ці іншай персаналіі будзе сведчыць пра абраны палітычны вектар?

— Я б тут не стаў казаць пра канкрэтныя персаналіі. Мне ў дадзеным выпадку бачацца два канцэптуальныя варыянты. Адзін варыянт: прызначыць чалавека, які прынамсі на працягу двух апошніх гадоў, асабліва з лютага 2022-га, вельмі выразна, вельмі ідэйна, з прарасійскім імпэтам вышэй афіцыйнага, падтрымліваў рэпрэсіі, пазіцыю Расіі ў вайне. І гэта будзе лінія на яшчэ большае падпарадкаванне Маскве.  

Прынамсі, гэтая лінія будзе азначаць, што адсюль у нас ніякіх шашняў, ніякіх спробаў наладзіць адносіны з Захадам проста не будзе.

Мы ж памятаем і ліст Макея да ЕС, які пасля «злілі» ў прэсу. І ягоныя спробы пра штосьці дамаўляцца ў ААН. Цяпер, заднім розумам, можна здагадацца, што гаворка тады магла ісці пра амністыю. Былі ж намёкі Лукашэнкі пра тое, што мы кагосьці з палітычных, магчыма, амністуем.

І потым была доўгая зацяжка з гэтай амністыяй, якая з аднаго дзяржаўнага свята зайшла за другое — першапачаткова яе прымяркоўвалі да 17 верасня, але яна не адбылася і пасля 7 лістапада.

Гэтае прамаруджванне, хутчэй за ўсё, сведчыла пра тое, што ішлі нейкія перамовы. Вёў іх Макей. Нейкі ўмоўны рускаміравец іх бы не вёў. І з ім бы іх не вялі. Зрэшты, і з Макеем заходнікі перамаўляліся без задавальнення, часам размаўлялі з ім даволі рэзка. Пра што і сведчыць вышэйпамянёны ліст да ЕС.

У выпадку з новай лініяй гэтага проста не будзе. Хіба што ў выпадку татальнага разгрому Расіі ў вайне з Украінай. У звычайнай сітуацыі заходняе крыло проста адпадзе. І ў Крамлі будуць гэтым вельмі задаволеныя. Бо цяпер Лукашэнка ўжо і тузацца не будзе.

Але я не выключаю і другі варыянт: прызначэнне проста прафесіянала. Я не кажу пра ліберала, бо там такіх даўно ўжо няма. Кажу пра прафесійных дыпламатаў, якія цягнуць гэтую лямку. Якія на працягу апошніх двух гадоў маўчалі або проста агучвалі афіцыйную лінію без імпэту і бляску ў вачах.

Такі варыянт таксама магчымы. Бо першы варыянт не толькі Беларусь пазбаўляе суверэнітэту, але пазбаўляе ўлады і самога Лукашэнку. Прынамсі, на яшчэ адным накірунку.

Макей у гэтым сэнсе ствараў у лукашэнкаўскім атачэнні пэўны баланс. Прыгадаем нараду 6 верасня, калі Лукашэнка загаварыў пра магчымасць вызвалення кагосьці з палітзняволеных. І калі ўзняўся генпракурор Швед і сказаў, што пры ўсёй павазе пракуратура лічыць, што гэтага рабіць нельга.

Я не выключаю, што гэта было пярэчанне не Лукашэнку, а Макею, якому тады слова не давалі. І чыёй ініцыятывай, я думаю, была прапанова паразмаўляць нейкім чынам з Захадам, нават надурыць яго. Хтосьці скажа, што такая ініцыятыва яшчэ больш подлая, чым рэакцыя Шведа. Ёсць і такія меркаванні. Але вось вам чысты, празрысты, незаплямлены ніякімі гульнямі Швед. 

Не выключана, што такі самы персанаж, толькі не ў пракурорскім мундзіры, а ў дапламатычным строі будзе сядзець у будынку МЗС.

Для аўтарытарнага рэжыму лагічна балансаваць уладную сістэму такімі персонамі, як Макей. У выпадку, калі будзе задзейнічаны першы варыянт, які я згадаў вышэй, такога балансу не будзе.    

— Літаральна за дзень да смерці кіраўніка МЗС у замежнай прэсе з’явіўся ўкід пра магчымы замах на Лукашэнку. Навіна пра Макея толькі ўзмацніла канспіралагічны эфект той публікацыі.

Каму сёння выгадна нерваваць Лукашэнку такімі чуткамі? Падаецца, што Маскву існы стан рэчаў павінен задавальняць.

— Тэарэтычна, для чагосьці гэта могуць казаць украінскія піяршчыкі, якія такім чынам разыгрываюць пэўныя складаныя камбінацыі. Менавіта палохаючы яго, спрабуючы адкалоць Беларусь ад Расіі. Умоўна кажучы, Лукашэнка спалохаецца і выганіць расійскіх ваенных. Альбо дасць ім не ўсё, што яны хочуць. Магчыма, гэта і наша апазіцыя, хоць наўрадці. Калі ж і яна, то з той жа мэтай, што і ўкраінскі бок.

Калі казаць пра расейцаў, то менавіта ў фармаце распускання чутак гэта можа быць сігналам, што Лукашэнка мае занадта доўгі павадок, што пытанне можна вырашыць іначай.

Распусканнем адных і тых жа чутак розныя людзі могуць дасягнуць супрацьлеглых мэтаў. У дадзеным выпадку сувязь чутак і рэакцыяў відавочна не сфакусаваная, таму я не ведаю, навошта іх распускаць, калі водгук на іх можа быць абсалютна супрацьлеглым.

Калі па сутнасці, то Маскву і праўда ўсё задавальняе. А што будзе ў выпадку альтэрнатывы, калі Лукашэнка знікне? Ён жа кантралюе сітуацыю. І за кошт свайго мінулага, за кошт таго, што сістэма арыентаваная не на пасаду, а на яго асобу — у значнай ступені. Ён яе выбудоўваў выключна пад сябе.

Калі гэтая асоба знікае, нават, калі хтосьці яе пасаду хутка зойме, зусім не факт, што ён будзе кантраляваць сітуацыю. А сітуацыя, над якой страчаны кантроль — гэта толькі суцэльныя пытальнікі. І ніхто не ведае, на чыю карысць будзе вынік.

Мне падаецца, гэта была б вар’яцкая рызыка без ніякай відавочнай карысці. Можна дапусціць думку, што Пуцін такім чынам мог прымусіць беларусаў паўдзельнічаць у вайне. Але ён можа прымусіць зрабіць гэта і Лукашэнку.

А калі змадэляваць сітуацыю, у якой Лукашэнкі няма, на яго месцы чалавек без волі і аўтарытэту — так, магчыма, яго яшчэ лягчэй прымусіць, але як быць з кантролем над краінай?

2020 год не так даўно быў, ён можа адгукнуцца рэхам. У такім выпадку сітуацыя можа развівацца абсалютна непрадказальным чынам.

Трэба быць абсалютным авантурыстам, каб дзеля атрымання дадатковых дваццаці тысяч салдат падрываць новую бомбу. Трэба быць тым, хто атрымлівае задавальненне ад падпальвання ўсяго, да чаго можа дацягнуцца. Я не думаю, што такія людзі цяпер сядзяць у Крамлі або на Лубянцы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.8(14)