Зомбі на нарадзе ў прэзідэнта

Госці Беларусі па-рознаму ставяцца да рэалій нашага жыцця. Тыя, якія слізгаюць позіркам па паверхні, захапляюцца чысцінёй на вуліцах гарадоў, дысцыплінаванасцю пешаходаў, а больш дапытлівым і ўдумлівым у вочы найперш кідаецца адсутнасць усмешак, пахмурныя твары людзей.

Чалавеку, які жыве ў свабодным, прававым свеце, якому не даводзілася ўшчыльную сутыкацца з аўтарытарнай сістэмай, няпроста арыентавацца ў тутэйшым адміністратыўным і бытавым абсурдзе, калі дзейнічаюць не законы, а распараджэнні і прымусы. Яму цяжка паверыць, што такое можа быць.

Больш дакладна ацэньваюць наш лад суайчыннікі, якія з нядаўняга часу знаходзяцца ў замежжы. У знаёмай жанчыны, што прыехала на VІ з’езд беларусаў свету, я спытаў: «Ну і якой жа праз гады расстання вам убачылася радзіма?»

Тая ўздыхнула і адказала: «Радзіма як быццам і няблага выглядае: грамадскі транспарт працуе, шмат будоўляў. Але многія новыя будынкі бянтэжаць аляпаватасцю, эклектыкай, а найбольш уражваюць змрочныя абліччы людзей. Пры нейкіх, нават самых дробных, эксцэсах на вуліцы або ў аўтобусе імгненна выяўляюцца злосць і нянавісць. А яшчэ я была ў мінскай паліклініцы, даўно такога бедламу не бачыла».

Сапраўды, аўтарытарны рэжым хоць і аб’явіў, што пойдзе ўласным шляхам, але стараецца капіраваць заходняе жыццё. Маўляў, мы таксама не лыкам шытыя, так, як і вы, «магём»!

Але там будаўніцтва вядзецца не дзеля понту, а каб зрабіць жыццё камфортным, утульным, лепшым. Напрыклад, зручныя пад’ёмнікі, каб дапамагчы інвалідам, старым, хворым або проста стомленым людзям, пастаянна працуюць на вакзалах ад сталіцы да любога маленькага гарадка або пасёлка.

У нас жа форма нібыта ёсць, але жывой душы ў ёй — няма. Успомнім гадамі не працуючыя эскалатары на параўнаўча новых вакзалах, у метро, у вялікіх магазінах, альбо тое, што ўсюды ў грамадскіх будынках палова дзвярэй наглуха зачынена. Навошта тады іх планавалі?!

Заходзіш у аптэку, а там вялікая чарга, бо працуе адзін касір. Затое побач вісіць прыгожая таблічка: «Извините, окно временно не работает. Просьба обращаться в другое окно». А ў многіх магазінах, банках ніхто прабачэння не просіць, звычайна з усіх касаў функцыяніруюць адна-дзве.

Нядаўна было паведамленне, што ў Мінску хочуць заварыць у дамах люкі смеццеправодаў. Няўжо «крутыя нанатэхнолагі» з гарвыканкама не ўяўляюць, якой гіганцкай звалкай смецця пасля гэтага стане сталіца? А ў Гомелі ажыццявілі ноўхаў — зачынілі ў маркеце туалеты па той прычыне, што наведвальнікі… крадуць мыла, паперу.

Што ж, бывае і такое. Гэта мы — жыхары Беларусі з усімі як дадатнымі, так і адмоўнымі якасцямі. Да таго ж, калі кіраўнікі крадуць сотні мільёнаў, мільярды рублёў, то чаму б падначаленаму не прыхапіць рулон туалетнай паперы? Замест таго, каб з малых гадоў з дня ў дзень вучыць людзей культуры, беражлівасці да грамадскай маёмасці, добразычлівасці да іншых, у нас толькі забараняюць, зачыняюць, заварваюць, забіваюць дошкамі.

Прытым нічога не робіцца для духоўнага ўмацавання нацыі: вывучэння айчыннай гісторыі, адраджэння роднай мовы, развіцця культуры. Такім чынам, пры аўтарытарызме беларусы пражываюць не сваё, а чужое і абсалютна пустое жыццё.

У апошніх спічах кіраўнік краіны сказаў, што «время щелкать каблуками закончилось», што «всё зависит от нас, всё в нас самих». Словы нібыта правільныя, але як іх ажыццявіць?

Дзяржаўная сістэма сёння прасякнута духам махровага чынашанавання, адкрытага халуйства. Аўтарытарызм без гэтага не можа існаваць.

Варта згадаць, як высокія чыноўнікі на нарадах у прэзідэнта з угодлівымі мінамі крэмзаюць блакноты. І не толькі тады, калі ідуць даручэнні, называюцца лічбы, факты. Іх рукі не спыняюцца пры агучванні грозным босам тысячу разоў чутай банальшчыны. Гэта прафанацыя прафесіяналізму і маралі. На вас жа, сівыя начальнікі, глядзіць краіна!

Акрамя таго, ствараецца ўражанне, што там сядзяць зомбі, на працягу нарады — ніводнай усмешкі. Проста нейкі тэрарыум! Адкуль жа ўзяцца аптымістычнаму настрою ў насельніцтва?

А яшчэ правіцель рэгулярна расказвае пра непрыяцеляў, якія паўзуць з усіх бакоў на Беларусь, і запэўнівае, што ён пераможа іх. Дык якія могуць быць усмешкі, калі вакол адны ворагі?..

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)