Журналіст Аляксандр Тамковіч атрымаў прэмію імя Юрыя Захаранкі (фота)

«Рыцар 2008 года» — такім тытулам узнагародзіў нашага калегу рух «Абаронцы Айчыны», прысудзіўшы журналісту прэмію імя Юрыя Захаранкі «З узнятым забралам».

«Мы ведаем Аляксандра Тамковіча як выдатнага беларускага журналіста, як заснавальніка і актыўнага супрацоўніка газеты «Свободные новости плюс», як аднаго з кіраўнокоў БАЖ, — зазначыла ў часе цырымоніі праваабаронца Раіса Міхайлоўская. — Сёння Аляксандр — яшчэ і цудоўны публіцыст, на рахунку якога 4 кнігі: «Жанчыны», «Лёсы», «Асобы» і «Будзіцелі». У прадмове да апошняй напісана, што перад кожным чалавекам стаіць выбар: часам дзеля барацьбы з свабоду і справядлівасць даводзіцца ахвяраваць сваёй кар’ерай, дабрабытам, нават спакоем блізкіх. Калі чалавек жыве дзеля сваёй краіны, яго можна назваць «будзіцелем» — тым, хто набліжае нашу краіну да лепшай будучыні. Усё гэта мы бачым і ў Аляксандры Тамковічу».

Раіса Міхайлоўская, Алег Волчак і Аляксандр Тамковіч

Журналіст падзякаваў за гонар і распавёў пра ўласны досвед дачыненяў з Юрыем Захаранкам. «Гэта быў сапраўды чалавек з вялікай літары, таму што ён умеў быць шчырым у складаных сітуацыях. Ён быў для міліцыянтаў „сваім“ чалавекам. І мне вельмі прыемна таксама ў пэўным сэнсе быць яму „сваім“ — хаця б тым, што мне прысудзілі прэмію яго імя», — зазначыў ён.

Алег Волчак, праваабаронца і кіраўнік руху імя Юрыя Захаранкі «Абаронцы Айчыны», нагадаў прысутным, што 7 траўня г.г. споўніцца роўна 10 гадоў з моманту знікнення былога міністра унутраных спраў Беларусі. «Усе гэтыя гады вядзецца следства. За гэты час памянялася 4 следчых. Яле ніякай інфармацыі я як прадстаўнік сям’і Захаранкаў не атрымаў, акрамя фраз: «Следства працягваецца, пасля яго заканчэння вам паведамяць пра вынікі».

«Праваабаронцы ніколі не змірацца з думкай, што тэма палітычных знікненняў адышла кудысьці на другі план. Гэта сумленне і гонар нашай нацыі, гэта разбітыя лёсы блізкіх Захаранкі, Ганчара, Красоўскага, Завадскага… Таму гэтая тэма павінная заўсёды стаяць „на парадку дня“ ў нашым грамадскім жыцці», - падкрэсліла Раіса Міайлоўская.

Прэмія імя Юрыя Захаранкі сёлета ўручалася ў пяты раз. Дагэтуль яе лаўрэатамі былі праваабаронца Гары Паганяйла, палітыкі Валерый Фралоў і Аляксандр Казулін, а таксама прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)