Беседка

Наталля Лубнеўская, Наша Нiна

Жонка бізнэсоўца Аляксандра Васілевіча: «Захоўвайце спакой і працягвайце дзейнічаць»

Бізнэсмен Аляксандр Васілевіч у турме ўжо чатыры месяцы. За гэты час закрылася галерэя «Ў», якой ён валодаў, заблакавалі сайт kyky.org. У Аляксандра нарадзілася дачка. Яго жонка Надзея Зелянкова, якая сама стала падазраванай па крымінальнай справе, разам з дзецьмі цяпер у Таліне.

Фота Вольгі Завержанец

 «Зараз я не збіраюся вяртацца, у мяне няма для таго прычын»

— Вашай малодшай дачцэ няма і месяца. Калі толькі зацяжарылі, якім уяўлялі сабе гэты час — першыя дні Уршулі?

— Я не ўяўляла яго сабе. Планавала, што буду нараджаць у Вільні і застануся там на некаторы час пажыць.

— Чаму ад пачатку не збіраліся нараджаць у Беларусі? Недавер да нашай медыцыны?

— Не, я думаю, што ў нас добрыя дактары, але сама сістэма не дапамагае таму, каб да вас было звычайнае чалавечае стаўленне. Калі ёсць варыянт не звязвацца з беларускай бясплатнай медыцынай, я яго выкарыстоўваю. Ёсць рэчы, якія проста не даходзяць да нас.

Напрыклад, пытанне, з якім я сутыкнулася са старэйшай дачкой: лінзы, якія неабходны для дзіцяці з праблемамі са зрокам, немагчыма зрабіць у Беларусі. Я іх замаўляла спачатку ў Ізраілі, потым у Германіі, і дзякуючы гэтаму ў дачкі лепшы зрок, чым мог бы быць, калі б мы спрабавалі ўсё вырашыць у нашай краіне.

— Як апынуліся ў Таліне, а не ў Вільні, калі планы былі іншыя?

— У Вільню я паехала б з Сашам. А паколькі яго няма зараз «у даступнасці», я паехала ў Талін, бо тут жыве мая сястра, яна мне дапамагае цяпер.

— Чаму дачку вырашылі назваць Уршуляй, калі не сакрэт?

— Быў нейкі топ-ліст імён, дзе Уршулі спачатку не было, а потым выбілася наперад. Гэта не асацыяцыя з Уршуляй Радзівіл, да таго ж мне не вельмі падабаюцца яе п’есы (усміхаецца). Мы шукалі імя беларускае, але якое нармалёва ўспрымаецца ў розных мовах, разумеючы, што мы не ведаем, дзе будзе жыць дзіця.

— Як доўга плануеце заставацца за мяжой?

— Не ведаю. Залежыць ад таго, што будзе адбывацца ў Сашавай справе, што можа адбывацца ў маёй справе, што ў Беларусі. Зараз я не збіраюся вяртацца, таму што ў мяне няма для таго прычын.

— Старэйшая дачка ведае, чаму тата не з вамі, або для яе створана легенда?

— Няма ніякай легенды. І першы раз, калі ён быў на сутках па адміністрацыйнай справе, распавядала Адэлі, чаму ён там, і зараз для яе гэта адкрытая інфармацыя.

— Складана патлумачыць дзіцяці ўсе гэтыя рэаліі?

— Не, нармальна — гэта ж дзіця, якое ў Беларусі жыве (усміхаецца). Яна сутыкаецца з рознымі праявамі нашай галіны гісторыі кожны дзень. Не толькі яе тата на сутках быў, але і таты амаль усіх сябровак.

«Латушка наведваў галерэю «Ў» — больш не памятаю, каб хтосьці з чыноўнікаў быў»

— Вы таксама сталі фігуранткай крымінальнай справы. Што з вашай кампаніяй цяпер (Надзея — дырэктар інтэрактыўнага агенцтва Red Graphic. — НН)?

— Мы працуем як звычайна. Рахунак як быў арыштаваны, так і застаецца пад арыштам. Мы пішам хадайніцтвы да следчага, каб ён дазволіў нам выплаціць кавалачак заробка ці арэнду, атрымліваем дазвол праз нейкі час. Заробкі нельга заплаціць у поўным памеры — толькі паўтары мінімалкі.

— Калі пачалася гэта сітуацыя, ці шмат людзей сышло?

— Складанае пытанне. У нас маленькая кампанія — 12-15 чалавек, такі невялічкі крэатыўны бізнэс. Мы робім досыць рэдкія індывідуальныя рэчы, і нам патрэбна прафесійная каманда, а не вялікая колькасць людзей.

Цяпер, канечне, для кампаніі час вельмі складаны, звязаны з дзвюма рэчамі — не толькі з крымінальнай справай, але і з тым, што мяне няма. І тое, што затрымлівалі моцна заробкі і, калі іх параўноўваць з ранейшымі ў даляравым эквіваленце, яны падалі, таксама ўплывае. І так, частка каманды змяняецца. У нас шмат вакансій зараз.

— Хацела спытаць пра культавае месца для Мінска — галерэю «Ў». Чаму давялося закрыць яе?

— Ёсць такія праекты, якія проста не жывуць, калі вы не можаце надаваць ім досыць увагі. Галерэя — вельмі складаны праект з пункту гледжання яго здольнасці выжыць. Гэта па-першае. Па-другое, галерэя амаль што не працавала з вясны праз каранавірус. У нас там быў склад фонду BY_help. Мы збіраліся аднавіць працу ў жніўні — як пачалася крымінальная справа з вобшукамі.

Мы не ведалі, як выжыць галерэі і бару. Адзін з нашых партнёраў прапанаваў, каб ён змог прывесці новых людзей і змяніць фармат. Праект закрыўся, ці адновіцца, не ведаю. Гэта не было простым рашэннем.

— Як Аляксандр успрыняў яго?

— Калі б ён быў вольны, у яго, напэўна, былі б варыянты ўспрымаць па-іншаму. Ён быў не рады, злы, але нічога зрабіць не мог.

— Вам не падаецца, што ва ўлады ёсць асаблівая нелюбоў да інтэлігенцыі, якая стварае культурніцкія, крэатыўныя праекты?

— Безумоўна, ёсць. Гэта не зайздрасць — гэта неразуменне навошта. Не ўсім людзям, якія ва ўладзе, патрэбна мастацтва. Як яны выяўляюць гэта неразуменне, можа быць розным. Найлепшая з майго пункту гледжання праява — калі нас ніхто не чапае, і мы можам працаваць, як лічым правільным.

Канечне, у звычайных умовах культуры дапамагаюць, яна проста часта не здольна выжыць — і гэта сістэма не толькі Беларусі, але і іншых краін. У нас запыт не на тое, каб дапамагалі — каб проста не перашкаджалі.

— За час існавання галерэі «Ў» ці наведвалі яе высокія чыноўнікі?

— Міністр культуры Латушка наведваў нас некалькі разоў, праводзіў круглы стол у галерэі. Больш не памятаю, каб хтосьці быў.

«Прызнанне падаецца як адзіная магчымасць увогуле выйсці адтуль»

Фота з Facebook

— Сустрэча Лукашэнкі з палітзняволенымі ў СІЗА. Муж пасля дзяліўся з вамі ўражаннямі?

— Не. Лісты — гэта тое, што чытаюць усе. Таму там абмяркоўваюцца такія пытанні, як што хто еў, колькі падыходаў фізічнай культуры зрабіў. А праз адваката перадаваў, што яны на той сустрэчы дамовіліся, што не будуць распаўсюджвацца. Тая інфармацыя, якая ёсць у мяне, яна такая ж, як ва ўсіх.

Саша не ведаў, куды ён едзе, здзівіўся. Пабыў на сустрэчы, схадзіў у лазню на наступны дзень, правёў ноч у СІЗА КДБ. Такім чынам папоўніў спіс ізалятараў, у якіх ужо быў — Акрэсціна, Жодзіна, Валадарскага. Full house.

— Многія тады не пазналі Аляксандра праз яго новы імідж. Вы ведалі, як ён цяпер выглядае?

— Так, яшчэ да таго, як з’явілася відэа. Гэта таксама мяне клапоціць — я не разумею, навошта чапляцца да людзей, якія не асуджаныя (ёсць жа хоць на паперы нейкая прэзумпцыя невінаватасці). Чаму яны не могуць быць з барадой? Там ёсць патрабаванні да ахайнасці прычоскі, таму ў яго ўсё паголена было, акрамя хвосціка.

— Па словах Васкрасенскага, Бабарыку прапанавалі: вярні «накрадзенае» — і цябе выпусцяць. Аляксандру якія-небудзь умовы агучвалі?

— Як толькі на вас ёсць крымінальная справа, найлепшы падарунак, які вы можаце зрабіць следству, — прызнацца. Таму што ім тады не трэба працаваць. А так трэба знайсці нешта ў дакументах, што дазволіла б ім давесці гэту справу да суда.

Саша адсядзеў ужо чатыры месяцы. Яны ж не могуць проста сказаць: вой, мы памыліліся.

Гэта сітуацыя невясёлая, бо прызнанне падаецца як адзіная магчымасць увогуле выйсці адтуль. І гісторыя пра тое, што людзі прызнаюцца ва ўсім, у чым толькі іх ні абвінавачваюць, бо для шмат каго гэта адзіная надзея. Нават калі вы ні ў чым не вінаватыя і нейкія грошы, якія вам інкрымінуюць, вы можаце выплаціць, для вас гэта становіцца варыянтам.

Бо калі даходзіць справа да суда, 0,3 % верагоднасці апраўдання. І мы гэтыя суды ўсе бачылі. Адвакат Сашы казала: «Надзя, не можа быць такога. Гэта ж абвінавачанне, там працуюць больш сур’ёзна, чым па адміністрацыйных справах, не можа быць, што проста возьмуць і закрыюць чалавека на некалькі месяцаў». І зараз мы ў сітуацыі, калі так і ёсць.

— Некаторыя пасля пісалі: «Як можна паціснуць руку Лукашэнку!» Абуралі такія каментары?

— А як гэтыя людзі ўяўляюць сабе знаходжанне ў турме? Каго-небудзь пытаюць, калі кажуць: выходзь з камеры? Чалавек можа не выйсці? Напэўна, але тады будзе жыць у карцары. У кожнага дзеяння там свая логіка. Я думаю, што людзі павінны апынцца ў такой сітуацыі і потым вырашаць, што яны будуць рабіць.

Плюс ёсць звычайныя рэчы, якіх вы прытрымліваецеся ў камунікацыі нават з тымі людзьмі, якія вам не падабаюцца. Вы ўсё роўна кажаце ім «добры дзень».

«У камеры спяць у вопратцы і шапках»

— Якія ўмовы ў Аляксандра на Валадарцы? Вы неяк пісалі, што ў камеры вельмі холадна.

— У Сашы была двухпавярховая шконка ля сцяны і ля вакна, там было зусім халодна. Зараз ён пераехаў кудысьці ўглыб камеры і там крыху цяплей. Але яны — 12 чалавек — спяць у вопратцы і ў некаторыя дні ў шапках. Хварэюць там таксама.

— З кнігамі неяк пытанне вырашылі?

— Кнігі, на якіх напісана «вучэбны дапаможнік», вы можаце перадаваць. Безумоўна, гэта не тое, што людзі хочуць чытаць. Мастацкую літаратуру нельга, толькі тое, што ёсць у бібліятэцы. А ў бібліятэцы няма спісу. Раз на тыдзень, так разумею, прыходзіць бібліятэкар і пытаецца: што вам прынесці? Вы называеце трох аўтараў. Ён яшчэ праз тыдзень прыходзіць і кажа: а іх няма.

Тыя кнігі, якія я спрабую перадаваць, напісаныя прафесарамі, але гэта не падручнікі. Часам іх прымаюць, а часам не. І ніякай логікі я не знайшла. Адна кніга можа прайсці, а твор гэтага ж аўтара з іншай назвай — не.

— Вы расказвалі, што сукамернікі мужа абмяркоўваюць, у якую калонію лепш паехаць. Гэта адчай?

— Гэта рэальнасць для іх. Большасць з іх сядзіць па справах жнівеньскіх падзей, па якіх людзі атрымліваюць гады — два, чатыры. Мой сябра, які ў іншай камеры знаходзіцца, быў затрыманы ў жніўні, у яго будзе суд у студзені. Эканамічныя справы разглядаюць даўжэй.

— Вы ведаеце Аляксандра 20 год. Як думаеце, як ён успрымае ўсё, што з ім адбываецца?

— Ён разумее, чаму ён там, шкадуе, што не можа дапамагчы ні сям’і сваёй, ні бізнэсу. Уявіце: вы ведаеце, што ў вас нарадзілася дзіця, маці захварэла на каранавірус, пачаліся важныя перамовы… А вы сядзіце і нічога не робіце. Безумоўна, ён не можа быць рады гэтай сітуацыі. Але яшчэ калі ён выйшаў пасля адміністрацыйнага арышту, ён шмат распавядаў пра побытавыя ўмовы ў ізалятары і тое, як людзі адзін да аднаго ставяцца. І казаў, што самае галоўнае — гэта заставацца чалавекам. Думаю, ён застаецца чалавекам.

«У любых умовах ёсць моманты, калі вы можаце адчуваць сябе шчаслівымі»

— У 2010-м вы былі на Плошчы. Ці параўноўваеце сітуацыю тады і цяпер?

— Тады таксама было здзіўленне, як нас шмат. Але я думаю, што за гэты час людзі змяніліся і не падобна да таго, што мы можам вярнуцца да таго апалітычнага стану грамадства, калі кожны жыве проста сваім жыццём. Тады сітуацыя меншую колькасць людзей закранула. Хоць для усіх былі шокам сама Плошча, яе разгон і тое, што адбывалася пазней. І ўсе тады ўжо ведалі, што гэта традыцыя — саджаць кандыдатаў у прэзідэнты.

Самае страшнае, мне падаецца, што і тады была надзея, што што-небудзь зменіцца. А як будзе зараз, я не ведаю. Вельмі спадзяюся, што ўся гэта сітуацыя не можа існаваць доўгі час.

— За гэтыя чатыры месяцы, што муж не з вамі, што было самым цяжкім?

— Уяўляць тое, што з ім адбываецца. Калі вы жывяце сваім жыццём, яно можа быць вельмі складаным і з момантамі, якія б вы хацелі прапусціць, але разумець, у якой Саша сітуацыі знаходзіцца, — гэта цяжка.

— У вас засталося штосьці ад ранейшага жыцця?

— Канечне — праца, сябры, сям’я. Плюс з маім узроўнем палітычнай свядомасці ўсё нармалёва было і раней, няма таго, што раптам расплюшчыліся вочы. Маё жыццё па бытавых умовах змянілася. Але тое, што Сашы фізічна няма побач, не значыць, што мы не разам — мы такая ж пара, як і была. Толькі не бачымся.

— Як знаходзіць у сабе сілы ў гэты складаны час?

— Разумець, што ў гэтай мясарубцы людзі не толькі за кратамі аказаліся — частка засталася калекамі, частка загінула. А ў нас ёсць жыццё, мы яго працягваем. Бясконца знаходзіцца ў стане дэпрэсіі — варыянт, канечне, але лепш яго абмінуць.

Мне падаецца, што ў любых умовах ёсць моманты, калі вы можаце адчуваць сябе шчаслівымі, — і ў Сашы, і ў мяне. Гэта складаны час, але гэта час нашага жыцця. Проста захоўвайце спакой і працягвайце дзейнічаць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(26)