Общество

Жанна Літвіна атрымала прэмію Фонда Эберта

У Берліне адбылося ўручэнне прэміі Фонда імя Ф. Эберта старшыні ГА «БАЖ» Жанне Літвіной. Цырымонія праходзіла ў будынку фонда — пасля прэсавай канферэнцыі і «круглага стала» па праблемах свабоды слова ў Беларусі.

На ўручэнні прысутнічалі былыя амбасадары АБСЕ ў Мінску, прамаўляў прэм’ер-міністр федэральнай зямлі Бандэнбург Маціас Плацэк. Узнагароду Жанне Літвіной уручыла кіраўніца Фонда Эберта Анке Фукс, паведамляе прэс-служба ГА "БАЖ".

Выступоўцы адзначалі, што гэтая прэмія — не толькі прызнанне заслуг Жанны Літвіной і Беларускай асацыяцыі журналістаў у змаганні за свабоду слова, але і знак увагі Еўропы да праблем беларускіх СМІ.

Фонд імя Ф. Эберта (Германія) быў створаны ў 1925 годзе паводле запавету Фрыдрыха Эберта — першага прэзідэнта Германскай Рэспублікі, дзеяча сацыял-дэмакратычнага руху. Асноўныя задачы арганізацыі — развіццё міжнароднага ўзаемаразумення і супрацоўніцтва з краінамі, якія развіваюцца, падтрымка навукова-даследчых праектаў, прадастаўленне стыпендый маладым навукоўцам і г.д.

Прэмія Фонда Эберта ў галіне правоў чалавека была заснаваная ў 1994 годзе і ўручаецца людзям і арганізацыям, якія маюць асаблівыя заслугі ў розных накірунках абароны правоў чалавека.

У папярэднія гады яе атрымлівалі дзеячы і арганізацыі з Польшчы, Нігерыі, Алжыру, Індыі, Руанды, Таіланду, Чылі, Перу, Казахстану і іншых краін.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)