Филин

Юлія Кот

Завадскі: «Месцы пазбаўлення волі былі і будуць, і людзі будуць туды трапляць, але стаўленне да іх павінна быць чалавечае»

Праваабаронца — пра тое, хто ў беларускіх турмах (не) нясе адказнасць за гібель зняволеных.

На пачатку студзеня ў калоніі №3 «Віцьба» памёр 50-гадовы палітзняволены Вадзім Храсько — афіцыйна прычынай смерці названая пнеўманія. Зняволенага даставілі ў шпіталь, калі выратаваць яго ўжо было нельга. Што адметна, ніводная дзяржструктура не пракаментавала гэтую трагедыю.

Вадзім быў асуджаны на тры гады за данаты, па сутнасці, за праяву салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю. Гэта ўжо чацвёрты беларускі палітвязень, які загінуў у зняволенні. І калі прыгледзецца, усе выпадкі — смерць актывіста Вітольда Ашурка, блогера Мікалая Клімовіча, мастака Алеся Пушкіна, ІТ-спецыяліста Вадзіма Храсько — аб’ядноўвае жудасная акалічнасць: неаказанне належнай дапамогі, ігнараванне кепскага стану здароўя да таго моманту, пакуль не становіцца позна.

Прычым па нормах і правілах медычная дапамога ў месцах зняволення павінна аказвацца і быць дасяжнай кожнаму. Але чаму гэтага не абдываецца, і хто мусіць несці адказнасць за гібель вязняў? Филин пагутарыў на гэты конт з праваабаронцам і ўрачом, былым кіраўніком медслужбы ДВП МУС Васілём Завадскім.

— Чалавек памірае ад хваробы, якая цалкам паддаецца лячэнню, а на выпадак, які мусіў быць надзвычайным здарэннем, афіцыйныя структуры не рэагуюць — нейкая дзіч…

— Дзеля справядлівасці, трэба адзначыць, што пнеўманія хоць і лечыцца, але здараецца, ад гэтай хваробы паміраюць. Асабліва, калі гэта, напрыклад, вірусная пнеўманія, — гаворыць урач. — І, безумоўна, бываюць выпадкі раптоўных смерцяў, анкалагічных і іншых цяжкіх хвароб, няшчасныя выпадкі, ад якіх ніхто не застрахаваны.

Але — я ўпэўнены ў гэтым — у звычайных абставінах, калі людзі проста хварэюць, яны не павінны паміраць у калоніях, фактычна з-за таго, што сітуацыя запушчаная да крайнасці.

Пагадзіцеся, калі б мы ведалі, што зняволенага адправілі ў рэспубліканскі шпіталь, арганізавалі абследаванне і лячэнне, калі ўрачы зрабілі ўсё, што маглі, але ж і яны не багі — зусім іншая справа, іншы кантэкст.

У апошнім выпадку з Вадзімам Храсько (так хацелася б, каб ён быў сапраўды апошні), хоць чалавек і памёр у грамадзянскім шпіталі, але, па звестках праваабаронцаў, яго прывезлі запозна. Значыць, ён доўгі час знаходзіўся ў «Віцьбе», а з-за цяперашняй максімальнай закрытасці сістэмы мы нічога не ведаем: ці быў пастаўлены дыягназ, як яго абследавалі, лячылі ці не.

— З грамадзянскіх лекараў, так ці інакш, могуць спытаць за смерць кожнага пацыента. Ці нясуць адказнасць за смерць вязняў медработнікі, адміністрацыя калоніі?

— Так, нясуць. Хоць ад людзей, якія вызваліліся з вязніц, часта даводзіцца чуць, што там ім казалі: маўляў, прасцей «спісаць» чалавека, чым нейкую рэч, — усё ж гэта больш эмацыйныя заявы, і аб’ектыўная карціна не такая.

Адказнасць ёсць. Іншая справа — і гэта справядліва не толькі для турэмнай медыцыны, яно і на волі так, — што гэтая адказнасць узнікае найчасцей, калі нехта не дае гэтаму пытанню заглухнуць.

То бок, калі сваякі настойваюць, дабіваюцца нечага. А трэба ўлічваць, што ўсё ж існуе прафесійная карпаратыўнасць, і не так часта і ў грамадскім сектары адбываюцца выпадкі, калі лекара прыцягваюць да адказнасці.

І ўсё ж, у месцах зняволення дзейнічаюць тыя ж нарматыўныя акты, прынятыя Міністэрствам аховы здароўя, і кожны выпадак смяротнага зыходу — гэта абавязковая патолагаанатамічная экспертыза, і калі па выніках яе фіксуецца разыходжанне дыягназаў, таксама прапісаныя ўсе крокі, якія трэба зрабіць.

Аб смерці Вадзіма Храсько, кажа эксперт, медыкі таксама мусяць скласці заключэнне і правесці экспертызу, але невядома, ці будуць ставіць пытанне пра памылкі турэмных медыкаў, і нават калі так, ці даведаецца пра гэта грамадскасць.

— Я ўпэўнены, што з цягам часу, калі зменіцца сітуацыя, мы даведаемся адказы на многія пытанні — і наконт гэтай трагедыі, і па іншых выпадках, якія былі на слыху. Але пакуль, як бачым, поўная цішыня.

Яшч адзін момант, на які звяртае ўвагу Васіль Завадскі — пасведчанне аб смерці атрымліваюць на рукі сваякі, і толькі яны вырашаюць, ці публічыць гэтую інфармацыю, а таксама толькі яны, як законныя прадстаўнікі, могуць запатрабаваць праверкі па факце смерці роднага чалавека. Але ў сённяшніх акалічнасцях пытанне, ці будзе такая настойлівасць бяспечнай для саміх сваякоў.

— На прэзентацыі даследавання аб стане турэмнай медыцыны распавядалі пра «кейс Пцічкіна», калі фельчар адказаў за дзеянні, што прывялі да смерці вязня. З вашага досведу, за апошнія 5-10 гадоў ці часта былі такія выпадкі, ці ўсё завяршалася ўнутранымі праверкамі, якія не выяўлялі парушэнняў?

— Такія выпадкі былі, але насамрэч, як я магу меркаваць за свой даволі доўгі вопыт працы ў пенітэнцыярнай сістэме, і за той час, што фіксую падзеі як праваабаронца, яны даволі рэдкія. Хоць тут, натуральна, пытанне не ў колькасці, усё ж і выпадкаў гібелі беларусаў у зняволенні фіксуецца не так шмат, а на сёння гэта наогул закрытая інфармацыя.

Урач і праваабаронца прыводзіць прыклад: нават у ранейшыя, адносна «траваядныя» часы толькі настойлівасць родных дапамагла даследаваць абставіны раптоўнай смерці Ігара Барбашынскага ў Жодзінскім СІЗА ў 2016 годзе, тады ж, дзякуючы настойлівасці маці, была ўзбуджаная крымінальная справа па факце смерці Алега Багданава ў Жодзінскай турме.

— Вельмі настойліва ў абодвух выпадках блізкія змагаліся за высвятленне праўды, — прыгадвае Васіль Завадскі. — У выпадку Ігара Барбашынскага мы працавалі з маці, і я добра помню, як пракуратура то ўзбуджала крымінальную справу, то адмяняла, то зноў узбуджала — і толькі ўпартасць жанчыны і дапамога адваката не давала паставіць кропку ў гэтым.

Але, безумоўна, гэта вельмі складаны працэс, які патрабуе шмат часу, нерваў і высілкаў, і пастаянна ўзнаўляць у памяці трагічныя абставіны — вельмі траўматычна для сваякоў.

Па вашым досведе і расказах былых вязняў, такое стаўленне да здароўя, на мяжы абыякавасці і жорсткасці, распаўсюджваецца асабліва на «палітычных», ці на ўсіх вязняў наогул, як частка дэманстрацыі ўлады?

—Што датычыць медыцынскага аспекту — я ўпэўнены, што «паліт» тут можна не казаць, бо сітуацыя датычыцца ўсіх вязняў. Яны цалкам залежныя людзі, якія, ва ўяўленні адміністрацыі, не маюць ніякіх правоў.

Праблемай пенітэнцыярнай медыцыны мы займаліся ўжо даўно, пісалі пра некаторыя падобныя выпадкі, калі вязні ў калоніях гінулі альбо атрымлівалі інваліднасць з-за несвоечасовага лячэння, спрабавалі разабрацца, але тое было мала каму цікава.

Аднак пасля 2020 года да гэтага пытання прыцягнутая вялікая ўвага грамадскасці, — і гэта добра і правільна, бо публічнасць — тое, што дазваляе нам уплываць на сітуацыю. Таму трэба паўтараць, нагадваць і патрабаваць, каб правы кожнага чалавека на жыццё і здароўе былі абароненыя.

Месцы пазбаўлення волі былі і будуць, людзі будуць туды трапляць, але стаўленне да іх павінна быць чалавечае. Медыцынская, псіхалагічная, іншыя віды дапамогі — усё гэта мусіць быць.

Як, дарэчы, і прапісана ў нарматыўных актах, у крымінальным, крымінальна-выканаўчым і іншых кодэксах, што «базуюцца на прынцыпе гуманнасці і павагі да чалавечай годнасці».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(10)