«З кожным заездам ў Кракаў да Валеры я ўсё больш забываюся ўзор мапідаўскай шпалеры». Песня эмігранта, якая прымусіць расплакацца

Байнэт слухае свежую песню Leibonik — Emigrant Song, якую выканаўца прысвяціў сябрам — за межамі Беларусі і дома.

Юцюб разрываецца ад слоў падзякі Сяргею Башлыкевічу. Беларусы ў выгнанні пішуць: «Сіжу ў Польшчы і слухаю са слязамі на вачах. Не бачыла маму і бабулю ўжо паўтара гады. Хочацца дадому ў вольную краіну. Дзякуй, эмігранту ад эмігранта», «Прыміце шчырую эмігранцкую падзяку. Здымаю капялюш», «Вітанкі з Вільні».

На «Роспачы ладдзю» схадзіў бы зноў ў Тэатр лялек,

Але адчаліў твой цітанік. Скажы, Віталік?

На лецішча бацькам прывезла бы свайго ты краша,

Але жывеш ля акіяна. Скажы, Наташа?

 

Ты шмат вандруеш па свету, скажы, Дзёня,

Але ўсё меней 375 у тэлефоне.

Хацеў бы аксамітнага і караоке ў графах,

Затое Жэня пабываў ўжо ў дваццаці штатах.

 

Вось бы пасля шахты накаціць настоечку на хлебе,

Але ў Шнэкуцісе не тое. Скажы, Глебе?

Скажы, Міша, дачку звазіць бы ў Магілёў,

Мінімальна пакалдырыць ля дняпроўскіх берагоў

 

Мала хто разлічваў на такія во прыгоды –

Выязджаў на паўгады, а атрымалася на годы,

Ну пашырыш гарызонты, ну такой бяды –

Выязджаў на пару год, а ад'ехаў назаўжды.

 

Ну падвучыш мовы, аб’ехааўшы Пангею…

Вы гляньце, пане-каханку Андрэю,

Як мякка ільне да беларусскага нёба

Пшэпрашам, лаб вакар, асалям, мадлоба!

 

Вось твой саунд-трэк на еўрапейскіх магістралях –

Led Zeppelin – Immigrant Song. Cкажы, Віталя?

Столькі ж бараў, так жа соладка ад дыма,

Але старая Прага не Падол. Cкажы, Дзіма?

 

Хацела б сцежкай да Дзісны прайсці ляском ад поля,

А як табе бурштын балтыйскі, скажы Воля?

Хацела б на канцэртах у Менску расквітаць як ружа,

А як табе пан-еўрапейскі тур, скажы Ксюша?

 

Каця, ці прыгожая ў Лондане ляпніна

ў Belarusian Library of Francis Skaryna?

Цікава разглядаць па суботах і нядзелях

Вроцлаўскіх гномаў? А, Эміля? А, Анеля?

 

З кожным заездам ў Кракаў да Валеры

Я ўсё больш забываюся ўзор мапідаўскай шпалеры.

Хоць айран не кефір, гранола не каша,

Усё лепш чым без суда сядзець. Скажы, Паша?

 

І вось я тут як вялікая панда

Спяваю мінорную песню эмігранта,

А мог бы спяваць там, дзе лямпачка не гасне,

Бадзёры марш беларускага вязня.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(31)