Коктейль
Сямён Печанко

Як у Мінску прэзентавалі піва ў гонар 100-годдзя БНР

«Менскае 1918» выпусціў Лідскі бровар.

«Лідскае піва» выпусціла трэці гатунак, які завяршыў лімітаваную серыю «Менскае», вырабленую да 950-годдзя Мінска.

Раней выйшлі гатункі «Менскае 1067» (прысвечаны заснаванню Мінска) і «Менскае 1499» (год надання гораду Магдэбургскага права).

Новы гатунак выпушчаны ў гонар 25 сакавіка 1918 года — дня абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, калі Мінск упершыню стаў сталіцай незалежнай дзяржавы. Яго прэзентавалі 22 чэрвеня ў мінскай кавярні «Грай».

Прэзентацыю новага гатунка піва пачаў Алесь Квіткевіч, стваральнік інтэрнэт-крамы prastora.by, якая дапамагала бровару ў афармленні піва «Менскае 1918»

Прэзентацыя пачалася з лекцыі Сяргея Харэўскага, гісторыка, мастацтвазнаўцы і даследчыка гісторыі Мінска. З дапамогай слайдаў старых фотаздымкаў ён зладзіў невялікую экскурсію па бэнээраўскіх адрасах Мінска. Сяргей Харэўскі расказаў, у якіх варунках была падпісаная 3-я Статутная грамата рады Усебеларускага кангрэса, што абвяшчала незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі.

Даследчык гісторыі Мінска Сяргей Харэўскі

Інсцэніроўку моманту падпісання Трэцяй Устаўной граматы прадэманстравалі акторы Купалаўскага тэатру. Гістарычны момант адзначылі новым гатунакам лідскага піва.

Пры гэтым прагучала імправізацыя пра тое, што «Менскае» піва зварылі ў Лідзе. Хтосьці з прысутных журналістаў адзначыў, што гэта добрая шпілька ў бок мінскіх бровараў, што не парупіліся да 950-годдзя горада пра адпаведны гатунак піва.

Тост купалаўцаў скончыўся воклічам «Жыве Беларусь!»

Дырэктар па маркетынгу ААТ «Лідскае піва» Ірына Капілава падкрэсліла, што выбар на карысць 25 сакавіка 1918-га ў якасці даты для завяршальнага гатунку серыі быў невыпадковы. Бо ў гэты дзень Беларусь упершын стала незалежнай дзяржавай, а Мінск — яе сталіцай.

Ірына Капілава патлумачыла, што ў афармленні этыкеткі ўжытая стылізацыя старажытнага вітража і бел-чырова-белыя колеры, што таксама невыпадкова: «Гэта былі колеры першага сцяга новай незалежнай дзяржавы».

Дырэктар па маркетынгу ААТ «Лідскае піва» Ірына Капілава і галоўны півавар бровара Алег Малахаў

Галоўны півавар бровара Алег Малахаў расказаў пра асаблівасці новага гатунка піва.

Нефармальная частка прэзентацыі

«Менскае 1918» з’явіцца ў продажы 24 чэрвеня. Па словах прадстаўнікоў «Лідскага піва», гатункі лімітаванай серыі будуць прадавацца да канца года. 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)