Комментарии
Аляксандр Горбач, kuliany.by

Як нас «вызвалялі» ад нашых кумпякоў

Не так даўно заспрачаўся з братам стрыечным, што жыве ў суседняй краіне, аб праблемах, так бы мовіць, геапалітычных. Пасля лекцыі пра «славянскае братэрства» і папроку за «халяўны газ» у мой бок у якасці апошняга аргумента было кінута: «Кто вас будет защищать, если не мы?».

Першая мая рэакцыя была, вядома: ад каго? ад чаго? А пасля ўзгадалася адна сямейная гісторыя, якую не раз даводзілася чуць з самага дзяцінства.

Верасень 1939 года. У Заходнюю Беларусь і да нас у Куляны прыйшла Чырвоная армія. Радыя людзі былі — як жа, дачакаліся, нарэшце! От, думалі, зажывем цяпер, без «прыгнёту панскага»!

На нейкі час у вёсцы тыя чырвонаармейцы затрымаліся. Дзед мой (і яго, майго брата — «зашчытніка») Колька запрасіў чырвонаармейца ў хату (ці на надворак — ужо такіх падрабязнасцяў не памятаю). Худзенькі, благенькі той чырвонаармеец — шкада стала дзеду дзіцяці, думае, падкармлю хоць чым, хоць як. Адрэзаў лусту хлеба, намазаў маслам: «На, сынок, пад’еш». Той узяў, угаворваць доўга не трэба было, есць ды кажа:

– Какой-то у тебя, отец, жир вкусный...

Ну, тое, што ў нас не было такой завядзёнкі «тыкаць» старэйшаму, Бог з ім, а вось тое, што «асвабадзіцяль» ніколі ў жыцці масла не еў, дзедаву эйфарыю ад гэтага «вызвалення» як рукою зняло...

А яшчэ прыгадаўся вершык мне адзін, недзе ў 90-х прачытаў ды запомніў, здаецца, Уладзімір Паўлаў аўтар гэтых радкоў:

Што было на Беларусі?
А было, як у людзей:
Дождж ішоў, і снег цярусіў,
І нязводна на дзяцей.

Гэта тым калола вочы,
На чужое хто быў лас,
Вызваляць хто йшоў ахвоча
Нас ад сала і каўбас...

А што брат? Пакрыўдзіўся. Сказаў, што я – нейкі там...фоб, і ён, як патрыёт свае радзімы, не можа больш падтрымліваць са мной зносіны.

Не, а што я такога сказаў?...

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)