Общество

Як беларусу набыць кватэру за мяжой — тры гісторыі

«Нямецкая хваля» паразмаўляла з беларусамі, якія прыдбалі кватэры ў Нямеччыне, Польшчы і Славаччыне.

Чатырохпакаёўка за 700 тысяч еўра ў Берліне

Карына і Аляксей Стульнікавы працуюць у IT. Разам з гадавалай дачкой у 2017 годзе яны пераехалі з Менску ў Берлін, атрымаўшы там прапанову працы.

— Пасля 2010-га мы вырашылі, што трэба з’язджаць, але нічога актыўна не рабілі. Калі нарадзілася дачка, мы сутыкнуліся з сістэмай (радзільны дом і г. д.), і нам гэта вельмі не спадабалася, — распавядае Карына.

Кватэра Карыны і Аляксея. Фото: privat

Пазней яны прадалі сваю пабудаваную менскую кватэру і ў 2019-м набылі чатырохпакаёўку ў Берліне. Пры гэтым грошай з менскай кватэры хапіла толькі на аплату нямецкага натарыуса, першага ўнёску на будову кватэры і дадатковых выдаткаў. На ўсё астатняе давялося браць крэдыт.

— Ніякіх праблем, што мы беларусы, тады не было, — узгадвае Карына. — Была праблема, што ў нас bluecard (сіняя або блакітная карта Еўразвязу — адмысловы дазвол на працу, які выдаецца высокакваліфікаваным спецыялістам), не ўсе банкі пагадзіліся даць крэдыт.

Агулам Карына і Аляксей абышлі пяць банкаў і ў выніку атрымалі дзве прапановы крэдыту.

Карына з мужам і дачкой. Фото: privat

Кватэру яны шукалі без рыэлтараў і ў новабудоўлі.

— Мы вырашылі, што з старым будынкам могуць быць нейкія складанасці, якія ты не зразумееш адразу, — кажа Карына.

У выніку спыніліся на чатырохпакаёвай кватэры з тэрасай побач з берлінскім раёнам Грунэвальд (Grunewald). Яе кошт — 700 тысяч еўра.

— Мы хацелі вялікую кватэру, у нас ёсць дачка, і тады мы яшчэ не ведалі, што будзе ковід, рэвалюцыя і вайна, таму мы думалі, што да нас будуць часта прыязджаць бацькі, і нам быў патрэбен пакой для гасцей, — узгадвае Карына.

Летась сям’я пераехала ў гатовую кватэру.

— Што здзівіла — як яны здаюць кватэру, усё гатова: вокны, муры, падлога. Калі ты заязджаеш, табе трэба толькі набыць мэблю. Яшчэ здзівіла, што вельмі доўга рабіць кухню, нам парэкамендавалі прыйсці і замовіць за год, — распавядае Карына.

Кватэра з рамонтам, мэбляй і арандатарам коштам менш за менскую

Алена (імя змененае) пераехала ў Варшаву вясной 2022 года. Праз некалькі месяцаў яна вырашыла прадаць сваю кватэру ў Менску.

— Я яе здавала і атрымлівала прыбытак, гэта быў мой маленькі бізнес, але мне было складана на адлегласці кантраляваць стан кватэры і іншыя рэчы, — распавядае яна. — І паколькі я не планую вяртацца, то я проста захацела перанесці гэты бізнэс бліжэй да сябе.

Цягам месяца яна прадала менскую аднапакаёўку і пачала глядзець прапановы ў Польшчы.

У Варшаве набыць кватэру за гэтыя грошы было немагчыма, таму Алена глядзела кватэры ў невялікіх гарадах.

— Нечаканы момант быў у тым, што ў мясцовых рыэлтараў няма эксклюзіўнай базы, яны гэтак жа глядзяць і прапануюць кватэры з тых жа сайтаў, і гэта за вялікія грошы, — кажа Алена.

У выніку праз два месяцы самастойных пошукаў яна знайшла кватэру з рамонтам, мэбляй і арандатарам нават за меншыя грошы, чым каштавала яе кватэра ў Менску.

Праўда, падчас праверкі дакументаў натарыусам яе чакала неспадзяванка: у кватэры быў прапісаны адзін з яе былых гаспадароў, які прадаў кватэру шмат гадоў таму. Добраахвотна выпісацца мужчына не пагаджаўся, патрабуючы выплаціць яму 10 тысяч злотых (каля 2 тысяч еўраў).

Выпісаць яго магчыма было толькі праз суд, а паколькі гэта цягнулася некалькі месяцаў, у якасці кампенсацыі уласніца жытла прапанавала Алене дадатковую зніжку.

Паводле рыэлтаркі Яніны Корабавай з Познані, абмежаванняў для набыцця нерухомасці ў Польшчы для беларусаў няма. А вось для таго, каб набыць зямлю, спатрэбіцца дазвол МУС.

— Гэты дазвол паводле закону чакаць каля 1-2 месяцаў, але на справе гэта можа цягнуцца вельмі доўга. Таму людзі лічаць за лепшае набываць такую нерухомасць на першасным рынку, калі дэвэлапер яшчэ будуе і гатовы пачакаць, — кажа Яніна.

У Польшчы сёлета стартуе новая дзяржаўная праграма «Крэдыт 2%», законапраект якой  ўрад падпісаў 14 сакавіка. Паводле рыэлтаркі, скарыстацца з ільготнага крэдыту змогуць тыя, каму няма 45 гадоў, «у каго няма нерухомасці ў Польшчы і ніколі не было». Верагодна, гэтая праграма распаўсюджваецца і на замежнікаў, якія стала жывуць у Польшчы.

Крэдытныя стаўкі 1% гадавых

Марыя (імя змененае) жыве ў Славаччыне больш за 10 гадоў. У 2020 годзе яна вырашыла набыць кватэру, крэдытныя стаўкі складалі тады ў краіне каля 1%.

— Амаль ва ўсіх маіх сяброў было сваё жытло, якое яны набывалі ў крэдыт. У мяне — як і ў значнай часткі беларусаў — быў страх, што гэта ланцуг на ўсё жыццё, непад’ёмная ноша, — распавядае Марыя.

Яна схадзіла на кансультацыю да фінансавага дарадцы, якая пасля дапамагала знайсці банк, што можа выдаць крэдыт. Паводле Марыі, банк цікавіў тып віду на жыхарства — часовы, сталы або грамадзянства, заробак за апошнія два гады, актуальная праца і тып кантракту.

Дзяўчына якраз мяняла працу, таму кантракт у яе быў толькі на год, але ў выніку банк пагадзіўся даць крэдыт на 80% ад кошту кватэры пад 1,29% гадавых, якія праз год атрымалася знізіць да 1,05%.

Цяпер сітуацыя на рынку нерухомасці ў Славаччыне вельмі змянілася, працэнтныя стаўкі складаюць каля 4-5% гадавых.

— Як перастрахоўшчык, я ўзяла фіксацыю крэдытнай стаўкі на 10 гадоў. Мне ўсе казалі, што не трэба, усё так стабільна. І цяпер, калі некаторыя мае сябры кусаюць локці, бо прыйшла вайна, карона і працэнтныя стаўкі выраслі, я, канешне, вельмі шчаслівая, што прыняла такое рашэнне, — усміхаецца Марыя.

Дадаткова яна змагла скарыстацца з дзяржаўнай праграмы падтрымкі моладзі да 35 гадоў, дзякуючы якой на працягу пяці гадоў можна вяртаць палову ад сплачаных банку адсоткаў.

— То бок я атрымоўваю ад дзяржавы дзесьці 270 еўра ў год за тое, што я маладая і не асабліва багатая ўзяла сабе крэдыт. Вельмі прыемны бонус, — смяецца дзяўчына.

Пошукі жытла зацягнуліся на пяць месяцаў.

— Калі з’яўлялася нейкая цікавая кватэра, я праз 5 хвілін тэлефанавала і была ўжо дзясятая ў чарзе, каб яе паглядзець, — узгадвае Марыя.

У верасні 2020 года дзяўчына падпісала паперы на кватэру непадалёк ад цэнтру ў адным з славацкіх гарадоў.

— Канешне, было вельмі страшна, бо ўпершыню ў жыцці праз цябе праходзяць дастаткова вялікія сумы грошай. І баішся, каб гэта дзесьці не згубілася, каб усё было правільна падпісана, каб гаспадар сапраўды быў гаспадаром гэтай кватэры, — распавядае яна.

Цяпер штомесяц яна выплачвае каля 300 еўра.

— Сапраўды магу казаць, што я не шкадую, бо разумею, што па сутнасці цяпер я плачу тую ж суму, калі б я здымала аднапакаёўку. Таму атрымалася дастаткова выгадна, — падсумоўвае Марыя.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.5(8)