Общество
Анастасія Зелянкова

«Я што, Радзіму прадаваў?»

Мінуў год, як беларускія музыкі сустрэліся з галоўным ідэолагам краіны Алегам Праляскоўскім. Наколькі спраўдзіліся іх чаканні і ці выканалі абодва бакі свае абяцанні, высвятляла карэспандэнт “Салідарнасці”.

Нагадаем, 21 лістапада лідэры гуртоў, “N.R.M.”, “Палац”, “Крама” і “Нейра Дзюбель” сустрэліся з тагачасным кіраўніком ідэалагічнага ўпраўлення адміністрацыі прэзідэнта Алегам Праляскоўскім. Ён паабяцаў, што з беларускіх рокераў здымуць негалосную забарону на арганізацыю канцэртаў. Наўзамен Праляскоўскі папрасіў больш не выступаць на акцыях апазіцыі.

Паведамленне пра гэтую сустрэчу выклікала сапраўдную буру на Інтэрнэт-форумах. Адны залічылі рокераў у здраднікі, другія лічылі, што музыкі зрабілі цалкам слушна, пагадзіўшыся на дыялог з уладай.

Як гэтая сітуацыя выглядае цяпер, праз год? За каментарамі “Салідарнасць” звярнулася да галоўных удзельнікаў тых падзеяў.

Лідэр групы “Палац” Алег Хаменка лічыць пазітыўнымі вынікі размовы з Алегам Праляскоўскім.

— На сённяшні час я не бачу, каб нешта з таго, што нам абяцалі, не здзейснілася, -- адзначае музыкант. — Канцэрты не забараняюцца, прычым не толькі тых груп, прадстаўнікі якіх былі на сустрэчы. Думаю, гэта карысны вынік і для музыкантаў і для гледачоў. Нарэшце глупства і недарэчнасць паспрабавалі выправіць. А тая шуміха, якая была ўзнятая пасля гэтага візіту, была абсалютна дарэмнай.

Лідэр групы “Нейра Дзюбель” Аляксандр Кулінковіч таксама лічыць свае чаканні спраўджанымі:

— Зараз мы і ўлада проста адзін аднаго не заўважаем – тое, чаго мы ўсе і хацелі. Канцэрты дазваляюцца без усялякіх прамаруджванняў. Пры гэтым мы як не ігралі на канцэртах БРСМ, так і не іграем. Не іграем ні пад якім сцягам. Мы па-за палітыкай – ні з таго боку барыкад, ні з гэтага. Хаця як людзі мы выяўляем сваю грамадзянскую пазіцыю, яна ў нас ёсть і дастаткова цвёрдая.

Па словах Аляксанда Кулінковіча, гэты візіт для музыкаў быў “даволі нервовым”.

— Мы вельмі цяжка перажывалі ўсе размовы, якія пасля гэтага былі. Тым не менш дзякуючы гэтаму пра нашу пазіцыю як музыкантаў даведаліся ўсе. І мы ўжо можам казаць, што нашы чаканні спраўдзіліся, у адрозненні ад прадказанняў праціўнікаў гэтай сустрэчы.

Пра тое, што наведаў адміністрацыю, не шкадуе і лідэр групы “N.R.M.” Лявон Вольскі:

— Пра што шкадаваць: я што, Радзіму прадаваў? Я хадзіў туды, каб толькі паглядзець, чаго ад нас хочуць, каб пачуць, што я не адпавядаю нейкаму мастацкаму ўзроўню, які прыняты ў Беларусі. А атрымалася, што вынікі вельмі пазітыўныя.

Між тым праціўнікі гэтага візіту сцвярджалі, што музыкантам абавязкова рана ці позна прыйдзецца танчыць пад дудку ўладаў. Так крытык Максім Жбанкоў у сваім артыкуле “Танцы с волками” сцвярджаў: “Смешно предполагать, что система волевого административного управления культурой сделает скидку для достойных рокеров и дозволит им по-партизански резвиться на своем поле. Входя в зону чиновной власти, неизбежно попадаешь в жесткую зависимость. Будем реалистами: бесплатных пирожных не бывает. Если система тебя зовет – значит, ты ей нужен. Отмену «черных списков» придется отработать. Втихую, аккуратно. Наверху сидят не дураки. Они придумают так, чтобы героям не было больно”.

Наколькі здзейсніліся ягоныя прадказанні? Самі музыканты сцвярджаюць, што ім не прыйшлося ісці на нейкія кампрамісы, у прыватнасці, адмовіцца ад выступаў падчас акцый апазіцыі. Па іх словах, яны нічога такога і не абяцалі.

— Справа ў тым, што ні з аднаго, ні з другога боку ніякіх запрашэнняў не паступала. І дзякуй Богу! — адзначае Аляксандр Кулінковіч. — Адзінай за гэты перыяд была прапанова іграць канцэрт у Варшаве. Я згадзіўся. Але сыграў там ні як група “Нейра Дзюбель”, а як асобны музыкант Аляксандр Куллинкович. І ніякіх праблем пасля гэтага не было.

Тым не менш лідэр “Палаца” Алег Хаменка лічыць, што год -- гэта яшчэ невялікі тэрмін, каб падводзіць нейкія вынікі і казаць, што ўсё атрымалася.

— Думаю, і сёння яшчэ рана казаць, нармальна ўсё ці не — трэба, каб прайшоў час. Мы павінны адчуць, што творчыя людзі, якія не парушаюць канстытуцыю, вольныя рабіць усё, што заўгодна, на карысць культуры.

Лявон Вольскі таксама лічыць, што нельга пакуль казаць пра поўную свабоду.

-- Можа, у буйных гарадах і зніклі гэтыя “чорныя спісы”, але ў дробных, думаю, мясцовае чынавенства не будзе вітаць прыезд нейкіх рок-зорак. Шчыра кажучы, я не адчуваю ні ўціску, ні свабоды. І тады не адчуваў, і зараз.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)