Общество

Уладзімір Бяляўскі, Віцебская вясна

Хворага на анкалогію палітвязня пазбавілі пенсіі па інваліднасці

Актывіст партыі БНФ і палітвязень Уладзімір Малахоўскі быў этапаваны ў папраўчую калонію N22, вядомую як «Воўчыя норы».

Пра гэта паведаміла ягоная жонка Ірына. Незадоўга да этапавання экспертная камісія пазбавіла яго групы інваліднасці і забрала пенсію (250 рублёў). Уладзімір Малахоўскі хварэе на анкалогію.

Уладзімір Малахоўскі на судзе

«Каб смерці прасілі…»

Папраўчая калонія «Воўчыя норы» знаходзіцца ў Івацэвіцкім раёне Брэсцкай вобласці і лічыцца адной з самых жорсткіх у Беларусі. Адпраўляюць туды ў асноўным людзей, асуджаных паводле «наркатычнага артыкулу» 328 КК. Для іх ствараюцца суровыя ўмовы ўтрымання.

– Для іх трэба стварыць невыносныя ўмовы. Усталюем ім такі рэжым, каб яны, седзячы ў гэтай калоніі, прама скажу, смерці прасілі, – заяўляў у 2014 годзе Лукашэнка.

Няма грошай на выплату прысуджанай кампенсацыі

Калі дакладна быў этапаваны Уладзімір Малахоўскі, яго жонцы не паведамілі. Калі яна прыйшла ў СІЗА, каб зрабіць харчовую перадачу, ёй сказалі, што яго ўжо ў іх няма.

– Мне сказалі, усё ўжо, прысуд набыў моц, таму ніякіх перадач. І дадалі, што яго ўжо тут няма. Я патэлефанавала ў суд і спытала, куды адвезлі мужа. І мне адказалі, што ў папраўчую калонію 22, – падзялілася Ірына.

Калі зможа паехаць на спатканне, каб пабачыць мужа, яшчэ не ведае. Плануе звязацца з адміністрацыяй калоніі.

Па рашэнні суду палітвязню да 25 чэрвеня трэба выплаціць 3000 рублёў кампенсацыі траім «пацярпелым» міліцыянтам. Знайсці такія грошы за такі кароткі тэрмін няпроста, кажа Ірына, а на маёмасць накладзены арышт.

– Машына пад арыштам, мы яе прадаць не можам. Калі разлічуся з міліцыянтамі, то яе мусяць зняць з арышту. Калі своечасова не разлічуся – яе забяруць, – непакоіцца жанчына.

Пазбавілі групы інваліднасці і пенсіі

Акрамя таго, незадоўга да этапавання экспертная камісія пазбавіла Уладзіміра пенсіі па інваліднасці.

– І пенсіі пазбавілі, і групы пазбавілі. А што ж дзяржаву рабаваць? 250 рублёў атрымліваў, ай-ай. Гэта ж так шмат! – абураецца Ірына.

На яе думку, у яе мужа спецыяльна забралі пенсію – каб дадаць палітвязню і яго сям'і праблемаў. Ірына адна зараз выхоўвае дваіх няпоўнагадовых дзяцей.

«Не ўпэўненая, што падпіша прашэнне аб памілаванні»

Ці прапаноўвалі Уладзіміру Малахоўскага падпісаць прашэнне аб памілаванні, жонка не ведае.

– Калі і прапаноўвалі, то я не ўпэўненая, што ён пагодзіцца. Але з такім здароўем… Я б пагадзілася. Ён дагэтуль кашляе пасля бранхіту, які падчапіў у СІЗА, – кажа жонка палітвязня. – Там жа прымушаюць працаваць. А ў яго і палец жа яшчэ зламаны, і я не ўяўляю, як ён здолее. Здзекуюцца як хочуць над людзьмі! Па анкалогіі яму кожныя паўгода правярацца трэба. Няўжо яны адтуль будуць вазіць яго ў Віцебск?

Яна мяркуе, што яе мужа маглі спецыяльна пазбавіць групы інваліднасці, каб не было ніякіх патуранняў у працы і каб стаўленне да яго было як і да астатніх зняволеных.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.2(22)