«Хочам прыйсьці на вуліцу Васіля Быкава»

У рэгіёнах Беларусі працягваюць зьбіраць подпісы пад зваротам да ўладаў аб наданьні вуліцам у Менску й Горадні імя народнага пісьменьніка Васіля Быкава. Ініцыятары акцыі абвяргаюць чуткі, што разгром кампаніі «Гавары праўду» спыніць іх барацьбу за ўшанаваньне памяці Васіля Быкава.

Пра новыя падрабязнасьці акцыі інфармуюць рэгіянальныя карэспандэнты «Свабоды».

ГАРАДЗЕНШЧЫНА

За наданьне гарадзенскай вуліцы імя Васіля Быкава сабрана звыш 2 тысяч подпісаў.

У Горадні, дзе Васіль Быкаў пражыў 25 гадоў свайго жыцьця, дагэтуль няма вуліцы яго імя. Грамадзкія актывісты — супраць такога бяспамяцтва, і іх падтрымалі ўжо многія землякі.

Гарадзенскі актывіст «Гавары праўду», Ігар, кажа: за наданьне адной з вуліц Горадні імя Васіля Быкава ўжо сабрана звыш дзьвюх тысяч подпісаў.

Зь яго слоў, травеньскія ператрусы не запалохалі актывістаў. Праўда, аркушы, на якіх было каля 300 подпісаў, міліцыянты тады сканфіскавалі і дагэтуль не вярнулі.

Спадар: «Зараз нават больш зьбіраем, чым у першыя тыдні. І нічога тут супрацьзаконнага я ня бачу, каб назваць вуліцу імем вядомага беларускага пісьменьніка. Праўда, пасьля ператрусаў былі трохі праблемы, паколькі нават тэлефоны сканфіскавалі і справа замарудзілася. А цяпер сталі на тыя ж рэйкі і едзем далей».

Ён таксама кажа, што трэба больш дакладна ўсё ж абгрунтаваць, якую вуліцу пераназваць: Парыскай камуны ці Сьвярдлова — на якіх жыў пісьменьнік, альбо БЛК — Бульвар ленінскага камсамолу, як прапаноўвалі зрабіць у 1994 годзе.

Яшчэ адна актывістка кампаніі «Гавары праўду», Ірына, таксама зьбірае подпісы пад зваротам, каб назваць вуліцу ў Горадні імем Васіля Быкава. Ірына дзеліцца ўражаньнямі пра тое, як людзі ставяцца да гэтай ініцыятывы.

Спадарыня: «Амаль што ўсе пазытыўна і з ахвотай падпісваюцца. Кажуць, што гэта добрая ініцыятыва, каб надаць адной з вуліц імя Васіля Быкава, паколькі ў горадзе пераважна назвы вуліц савецкага часу. Ёсьць, канечне, і выключэньні, але няшмат».

МАГІЛЁЎШЧЫНА

«Праблемаў са зборам подпісаў няма»

Больш за 800 магілёўцаў выказаліся за наданьне адной з цэнтральных вуліц Менску імя Васіля Быкава. Магілёўская актывістка Аксана Закрэўская цьвердзіць, што праблемаў са зборам подпісаў няма. Людзі ахвотна падпісваюцца й абураюцца, што вуліц Быкава ў гарадах Беларусі дагэтуль няма:

«Я ня думаю, што нейкія праблемы будуць.

Імя Быкава — даволі нэўтральная тэма. Ніякай падкладкі тут няма. Ёсьць проста жаданьне, каб была вуліца Быкава ў Менску, каб засталася памяць пра гэтага чалавека. Чым большая колькасьць подпісаў, тым больш увагі. Ва ўлады ня будзе магчымасьці адмовіць».

Як кажа Аксана Закрэўская, ахвотней выказваюцца за вуліцу Быкава людзі сталага веку. Моладзь жа пакуль пасіўная. Часта гучаць прапановы пачаць збор подпісаў за вуліцу Быкава і ў Магілёве.

Сямёра актывістаў зьбіраюць подпісы за вуліцу Быкава ў Бабруйску. Патрыятычную ініцыятыву падтрымалі каля шасьцісот мясцовых жыхароў. Перасьлед актывістаў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» адбіўся на людзкой актыўнасьці:

«Усе нібыта ведаюць, што я пацярпела, і сталі людзі троху пабойвацца. Раней больш ахвотна падпісваліся. У мяне простыя людзі, інтэлігенцыя падпісваліся. Настаўнікі беларускай мовы падпісваліся», — зазначае бабруйская актывістка Алена Мядзьведзева.

Яна зьбірае подпісы на бабруйскім цэнтральным рынку.

У райцэнтры Бялынічы мясцовыя актывісты зьбіраюць подпісы за вуліцу Быкава няпоўныя два тыдні. Паводле мясцовага актывіста грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Алега Мяцеліцы, больш за дзьвесьце жыхароў раёну ўжо падтрымалі ініцыятыву. Цяжкасьцяў са зборам подпісаў у бялынінцаў няма:

«У нас няма людзей, якія б прынцыпова не хацелі падпісвацца. Былі нават людзі, якія прапаноўвалі: «Няхай бы і ў нас была вуліца». Некаторыя ўзгадвалі, што й Барадулін, і Быкаў былі ў нас».

Зьбіраюць подпісы за вуліцу Быкава таксама ў Кіраўску ды Горках.

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА

«Акрамя збору подпісаў, заклікаем выкарыстоўваць магчымасьці інтэрнэту»

Старшыня Берасьцейскай гарадзкой арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычная партыі «Грамада» Ганна Канюс кажа, што яна і сябры па партыі таксама далучыліся да збору подпісаў за ўшанаваньне памяці Васіля Быкава.

«Намі сабрана больш за сто подпісаў. Акрамя таго, мы тлумачым людзям, што падпісны аркуш знаходзіцца ў інтэрнэце на сайце zapraudu.info. Кожны грамадзянін можа запоўніць аркушы самастойна і накіраваць іх ва ўправу культуры Менгарвыканкаму», — удакладніла Ганна Канюс.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)