Коктейль
Алесь Сівы, «Народная воля»

Вяселле пад вадой за 5 тысяч долараў (фотарэпартаж)

2 сакавіка позна ўвечары ў мінскім Палацы воднага спорту Таццяна Амельянец і Вячаслаў Грышкевіч заключалі шлюб… пад вадой у басейне. Маладыя – з гарадскога пасёлка Шэрэшава, што ў Пружанскім раёне Брэсцкай вобласці.

24-гадовы Вячаслаў працуе на будоўлі, 22-гадовая Таццяна – у магазіне. Сябравалі даўно, вырашылі пажаніцца. Можа яны ніколі б і не палезлі ў гэты басейн, каб не выпадак… У мінулым годзе пайшлі ў Мінску на выставу, каб набыць там сукенку Таццяне на вяселле, упрыгожванні на машыну, – распавядае мне Слава яшчэ да пачатку афіцыйнага мерапрыемства. – І аўтаматычна сталі ўдзельнікамі конкурса. Так склалася, што галоўны прыз – заключэнне шлюбу ў гэтым Палацы воднага спорту – выйгралі мы. Тым не менш, афіцыйнае вяселле ў нас адбылося яшчэ ў ліпені мінулага года. Але не прападаць жа прызу. Усё ж бясплатна і так урачыста!

Мерапрыемства было прызначана на 20.30. Ля басейна маладыя стаялі ў поўным вясельным убранні. Вячаслаў – у белым касцюме, Таццяна – у такой жа сукенцы. Вядучы павіншаваў герояў урачыстасці, на іх праз нейкі час накінулі аквалангі і тыя ў акружэнні дайвераў апусціліся на дно басейна. Там усё і праходзіла – падводны роспіс і нават распіццё шампанскага. У гэты час публіку бавіў спявак Саша Нема і дзяўчаткі-сінхраністкі.

Маладыя прасядзелі пад вадой хвілін дваццаць. Выплывалі, здаецца, задаволеныя.

Пад вадой такое смачнае шампанскае, – прызналася Таццяна, хоць я так і не зразумеў, як яна яго там піла. Для маладых усё бясплатна, яны за гэта не заплацілі ні рубля, – тым часам агучваў інфармацыю больш для журналістаў, чым для маладых вядучы. – А так гэтае вяселле каштавала б больш за 5 тысяч долараў. І кампанія “Фішка.by”, якая выступіла адным з галоўных арганізатараў мерапрыемства, абяцае, што такія падарункі будзем рабіць кожны год. А чаму так дорага – аж 5 тысяч долараў? – пацікавіўся я ў арганізатараў. Гэта мы падлічылі, што за ўсё трэба было б заплаціць такую суму. Але нам насустрач пайшоў Палац воднага спорту, дайвінг-цэнтр і гэдак далей… Самыя асноўныя расходы – гэта паслугі падводнага фатографа (каля 700 долараў), відэаператара (каля тысячы). Сашу Нема трэба заплаціць 800 “зялёных.

...Мне падалося, усё прашло на ўзроўні. Наколькі такія вяселлі прыжывуцца ў нашым грамадстве -пакажа час. Задавальненне, скажам так, не з самых танных. Зрэшты, маладыя такому падарунку лёсу засталіся задаволенымі. Хоць святы прыходзяць і сыходзяць. А заўтра – на работу. Трэба, як кажуць, апускацца з нябёс на зямлю. Альбо падымацца на яе з пад вады.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)