Общество

Галіна Кудрук

Вольскі: Калі ўсё скончыцца нам трэба будзе знаходзіць агульную мову, будаваць новую дзяржаву і забыцца на інтэрнэтныя спрэчкі

Рок-музыкант расказаў, што думае пра падзяленне беларусаў на з’ехаўшых з краіны і тых, хто застаўся.

Лявон Вольскі, фота Yury Sidun

У інтэрв’ю DW журналістка пацікавілася ў Лявона Вольскага, ці адчувае ён сам гэта падзяленне сярод людзей.

— Ёсць такое пачуцце, — кажа ён. 

— Яно падагравалася некаторымі асобамі ў інтэрнэце, і можа быць нават упаўнаважанамі асобамі. Калі сітуацыя не будзе працягвацца, умоўна, больш, чым за пяць гадоў, то нічога страшнага ў гэтым няма. Потым усе аб’яднаюцца, прыедуць ці будуць рэгулярна прыязджаць.

Але калі болей, чаго б мне вельмі не хацелася, то могуць пачацца такія незваротныя змены ў ментальнасці. Гэта непрыемны сцэнар. Тады будзе прыкладна як у Савецкім Саюзе: ёсць эмігранты і мясцовае насельніцтва, якое не разумее, як па-іншаму жыць, якому ўбіваюць у галаву, што там усё кепска, жахліва, голад. А людзі проста не могуть выехаць і паглядзець, што ўсё з дакладнасцю наадварот. Пакуль ездзяць у Еўропу, то плён беларускай прапаганды зводзіцца да пагрэшнасці.

Лявон Вольскі кажа, што нельга забывацца, што ў Еўропе ў беларусаў таксама існуюць свае праблемы, напрыклад, з легалізацыяй, працай, вывучэннем мовы. 

— Некаторыя пачынаюць жыццё ўвогуле з нуля, — кажа Лявон. — Шмат хто кінуў маёмасць, нармальныя кватэры, загарадныя дамы, сваякоў, з якімі цяпер не могуць сустрэцца. Гэта нармальны такі выклік.

Я мог з’ехаць і дваццаць гадоў таму, і дваццаць пяць, тым не менш заўсёды заставаўся ў Беларусі, пакуль не здарылася сапраўдная небяспека.

Калі ўсё скончыцца, безумоўна, нам трэба прыязджаць да тых, хто ў Беларусі, знаходзіць агульную мову, будаваць новую дзяржаву і забыцца на інтэрнэтныя спрэчкі. 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(19)