Общество

Таццяна Ваніслаўская

«Васіль памёр там, дзе хацеў, ён быў героем, абараняў, змагаўся. Гэта для яго лепш, чым жыць у палоне»

«Салiдарнасць» распавядае гісторыю кахання беларускага добраахвотніка Васіля Парфянкова, які аддаў сваё жыццё за Украіну, і ягонай жонкі Олены.

Васіль Парфянкоў з жонкай Оленай і дзецьмі Міланам і Саламеяй. Усе здымкі з асабістага архіву Олены Гергель

Васіль Парфянкоў — былы палітзняволены, пасля вызвалення прыехаў ва Украіну. Быў паранены падчас баёў у Песках, на пачатку паўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну далучыўся да Палка Каліноўскага.

Паводле афіцыйных даддзеных, Васіль «Сябро» Парфянкоў у баi пад Лісічанскам 26 чэрвеня 2022 года знік без звестак. Ягоныя паплечнікі мяркуюць, што ён загінуў.

У Васіля засталіся трое дзяцей і жонка Олена.

— Мы сустрэліся адразу, як Васіль прыехаў ваяваць ва Украіну, — распавядае «Салiдарнасцi» Олена пра знаёмства з будучым мужам. — Перад гэтым ён год правёў за кратамі ў Беларусі за парушэнне надзору.

Калі ва Украіне пачалася Рэвалюцыя Годнасці, Васіль быў у зняволенні. Там даведаўся пра гібель Міхаіла Жызнеўскага. Гэта было для яго вельмі балюча, яны былі знаёмыя. Не тое, каб яны былі блізкімі сябрамі, але з аднаго рэвалюцыйнага руху.

Яму прынеслі нейкую газету, пралукашэнкаўскую, і той хто прынёс, сказаў, што вось, яшчэ адзін здох. Васіль замахнуўся на гэтага чалавека, спрабаваў яго ударыць, пасля гэтага эпізоду яго адправілі ў карцар на месяц.

І ў той момант ён вырашыў, што як толькі выйдзе на свабоду, паедзе ва Украіну. Ён думаў, што патрапіць на рэвалюцыю. Гэта была не першая яго рэвалюцыя. У 2004 годзе ён быў на Майдане з хлопцамі з УНА-УНСО.

Выйшаў ён толькі ў снежні 2014 года. Нікому не казаў, ні бацькам, ні сёстрам. Сабраў заплечнік, атрымаў заробак у ашчаднай касе і паехаў. Сябры яго ведалі. Далі яму кантакты ва Украіне, да каго звярнуцца, каб дапамаглі патрапіць у Дабравольчы батальён. Бацькам ён пазваніў, калі быў у Кіеве, сказаў, што прыехаў ваяваць.

Пасля Новага года, адразу пасля Раства, Васіль мусіў ехаць на вучэнні і на фронт. І вось у гэты прамежак мы і сустрэліся.

У нас быў валанцёрскі вайсковы клуб. Ён месціўся у кавярні, якая мае багатую рэвалюцыйную гісторыю. Яе ўласнікі заўсёды падтрымлівалі Майдан. Гэта знакавае месца, дзе мы з дзяўчатамі збіраліся па аўторках і чацвяргах і рабілі паракордавыя бранзалеты, абярэгі і розныя рэчы для вайскоўцаў.

І вось заходзіць нашая агульная знаёмая Таццяна і з ёй хлопец у вайсковай форме. Яна кажа: знаёмцеся, гэта Вася, ён прыехаў з Беларусі ваяваць за нас.

Я была ўражаная, бо разумела, што багата маіх суайчыннікаў не хацелі ваяваць і наогул не разумелі, што адбываецца, і лічылі, што гэта да іх ніякага дачынення не мае, а толькі невялікі адсотак насельніцтва разумеў небяспеку.

Быў Святы вечар, засядзеліся дапазна, вайскоўцы прыходзілі, хтосьці распавядаў пра нешта, хтосьці забіраў пасылкі, абмяркоўвалі навіны. Васіль сядзеў у куточку, бо нікога не ведаў.

Я пабачыла, што ён на самоце, і пачала з ім размаўляць. Ён нічога пра сябе не распавядаў, больш я гаварыла пра вайну, пра Майдан — пра ўсё на свеце.

Калі трэба было ехаць дадому, мы выйшлі на вуліцу. Пайшоў снег — прыгожы-прыгожы. Мяне чакаюць сябры, каб падвезці дадому, а ён на мяне так паглядзеў, што нельга было яго пакінуць аднога. Сказала сябрам, што пайду пазней, таксі выклічу.

І так мы паўночы хадзілі па горадзе і размаўлялі пад снегам. У выніку я прывяла яго да базы, дзе ён жыў. Ён правёў мяне на таксі і строга сказаў таксісту, што гэта валанцёр, трэба да дому давезці акуратна. Гэта было смешна. Мы нават не абмяняліся тэлефонамі. Пагаварылі і разыйшліся.

Наступным днём мусілі сустрэцца з тымі ж сябрамі святкаваць Раство. Планавалася глінтвейнавая вечарынка, кожны мусіў узяць з сабой тэрмас глінтвейну, і мы збіраліся гуляць. Але у Парыжы адбыўся тэракт, і мы сабраліся ісці да амбасады Францыі ўскласці кветкі ў знак салідарнасці.

Не ведала, ці прыйдзе Васіль, але Таццяна, якая нас пазнаёміла, зранку мне напісала, што Васіль спытаў мой нумар, і яна яму яго пакінула.

Ён не пазваніў, але мы сустрэліся на Сафіі. Васіль бег да мяне. І тады я зразумела, што ён не проста так прыйшоў, не глінтвейн піць, а каб пабачыць мяне.

А потым ён паехаў на вайну і апынуўся ў гарачай кропцы каля аэрапорту. Гэта была адзіная дарога, якая звязвала аэрапорт і Украіну, яны ахоўвалі гэтую дарогу, каб была хоць нейкая сувязь з аэрапортам, каб можна было дастаўляць туды і эвакуацыю, і боепрыпасы, і ежу.

Амаль год нашыя стасункі — гэта размовы па тэлефоне. Ён званіў і распавядаў розныя рамантычныя рэчы, смешныя гісторыі. Бывала, прыязджаў на некалькі дзён на ратацыю, па справах, і ехаў назад. А калі ў верасні атрымаў раненне, я зразумела, што мы адно адному неабыякавыя. Пасля рэабілітацыі мы сталі сустракацца як пара, а не як сябры.

Чым Васіль вас зачапіў? Што вам у ім спадабалася, чаго не было ў іншых мужчынах?

— Гэта сапраўды цяжка растлумачыць. Гэта пачуццё, калі ты знаходзіш чалавека, якога табе не хапала ўсё жыццё. Гэта цэласнасць, як ва ўсіх міфах пра разлучаныя палавінкі, ты злучаешся, потым нарэшце з'яўляецца адчуванне шчасця.

Прынцыповасць, абсалютная непрымірымасць да хлусні, да несправядлівасці — гэта рысы Васіля. Рэвалюцыйны запал ніколі не згасаў у ім. Нават мне здавалася, што трэба праявіць крыху талерантнасці. У яго ніколі гэтага не было. І ў гэтым яго сіла і стойкасць. Я навучылася гэтаму ад яго і стала больш моцнай і непахіснай у сваіх перакананнях.

Праз нелегальны статус Васіля ва Украіне пара змагла зарэгістраваць шлюб толькі пасля нараджэння дзяцей, калі ён атрымаў часовы дазвол на жыхарства.

— Ён жартаваў, што памрэ малады і нежанаты. А я казала, што проста не хачу за цябе замуж, — смяецца Олена.

Дачку Саламею пара нараджала разам.

— Васіль вельмі хацеў дачку. Па праўдзе я не была ў захапленні ад думкі нарадзіць яшчэ дзіця. У мяне ўжо быў камплект. Васіль настаяў, што трэба яшчэ дачушку. Ніхто не ведаў, што будзе дачка, але ўсе спадзяваліся.

Калі я завяла гаворку пра партнерскія роды, ён не пярэчыў, быў гатовы на ўсё дзеля дачкі. Апошні месяц цяжарнасці ён вельмі перажываў, як справіцца з усім, як пройдуць роды. Яны аказаліся няпростымі. Сына было лягчэй нарадзіць.

Давялося ўвесь час ляжаць з падключанымі датчыкамі. Лекары хваляваліся, каб не адбылося асфіксіі. Таму мяне паклалі ў радзільню на два тыдні раней.

Васіль быў у шоку, калі пачалі яго напружваць медсёстры: тата, а дзе ў вас тое, а збегайце туды, а зрабіце масаж. Забеганы быў тата. І ў адзін момант пайшоў снег, і ўсе адразу выдыхнулі: усё будзе добра. Да гэтага дня снега не было, гэта быў першы ў сезоне.

Потым усё як у тумане. Першае, што памятаю: Васіль стаяў за спіной, моцна трымаў, казаў «давай, давай». Яму сказалі: «Тата, цяпер ідзіце, кладзіцеся на кушэтку, распранайцеся, здымайце футболку». І лясь — штосьці маленькае-мяккае паклалі яму на жывот. Дачка па ім папаўзла. Ён быў самым шчаслівым чалавекам у той момант.

А я азіраюся і бачу за вялікім шклом палаты курс студэнтаў. Кажу: так, гледачы, ужо тады не стойце, а сфоткайце хаця б. Так першыя секунды жыцця Саламеі былі знятыя.

— Якім Васіль быў татам для дзяцей?

— Тут, у прынцыпе, напэўна, класічная схема: мама больш строгая, больш патрабавальная, а тату можна сесці на галаву і звесіць ножкі.

Ён заўсёды чакаў, калі выпадзе першы снег. Нават калі некалькі сантыметраў выпадала, ён ішоў на гаўбец, даставаў санкі. Кажу: снега мала. А ён: не, зараз нападае. Рыхтаваўся, каб дзяцей павазіць.

— Олена, як вы лічыце, ці дазваляў стан здароўя мужа, які перанёс аперацыю на хрыбетніку, ісці на фронт пасля пачатку паўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну?

— Мне здаецца, што ён нейкім магічным чынам адужаў. Адбыўся цуд. Пасля рэабілітацыі ён шмат ездзіў на ровары, прытым на вялікія дыстанцыі, і такім чынам сабе спіну ўмацаваў пасля раненняў і аперацыі. Гэта дала вельмі класны вынік.

— Васіль дагэтуль лічыцца як вайсковец, які прапаў без звестак?

— Так, і ён, і ўсе хлопцы, якія ў той дзень загінулі. Яны дзесьці там, пад Севераданецкам, пад Лісічанскам, у адной з брацкіх магіл, як кажуць у ЗСУ.

— Вы казалі, што ў вас быў нейкі адсотак надзеі, што можа быць Васіль яшчэ жывы.

— Гэты адсотак быў толькі на той момант, калі не было пацверджання, фота, што гэта адбылося. Праз 10 дзён я пабачыла на ўласныя вочы фота з месца гібелі, іх целы.

Спачатку мне даслалі скрыны з прапагандысцкага беларускага канала пабрацімы — хлопцы з  «Волата». Там была вельмі дрэнная якасць.

Потым я знайшла расійскі тэлеграм-канал, дзе выкладаюць усіх палонных і забітых. Папрасіла сваіх сяброў-медыкаў, каб яны дакладна сказалі, жывы Васіль ці не. Каб вызначылі, ці чалавек проста непрытомны, ці не мае шанцаў выжыць. І яны зрабілі высновы, што на жаль…

Нашмат пазней медык з Волата казаў, што іх потым дабівалі, і «Сябру» і «Брэсту» яшчэ стралялі ў галовы. Што нават калі б яны мелі шанец выжыць, то ім не далі.

Апошнімі словамі Васіля былі «Слава Україні! Жыве Беларусь!».

— Так.

Як вы сказалі дзецям, што тата загінуў?

— Мой старэйшы сын ад першага шлюбу з самага пачатку ведаў сітуацыю і інфармацыю, якой валодала я. Яму ўжо 18 год. Невядома, што яго чакае праз колькі год.

Малым трэба было дазавана даваць інфармацыю. Мілану было восем з паловай, Саламеі — чатыры з паловай гады. У яе ўзросце дзеці не разумеюць, што такое жыццё, што такое смерць.

Я толькі праз тры тыдні здолела распавесці дачцэ, што таты больш няма. Мы паставілі ў калідоры турыстычны намёт, старэйшы сын зрабіў усім гарбату, павесілі ліхтарык, селі і я пачала распавядаць пра іншых тат, пра тое, што яны сталі анёламі. Хросны Саламеі ў першыя дні вайны загінуў на Кіеўшчыне. Гэта найлепшы сябар Васіля.

Я расказала Саламеі, што тата загінуў. Не ведаю, што было цяжэй: патлумачыць гэта ці пасля вытрымаць яе гараванне. Ёй было вельмі балюча, хоць яна гэта і прыняла.

Плакала шмат пасля гэтага?

— Пастаянна. Яна як бялуга раўла, насіла ўсе Васілёвы фотаздымкі, згадвала: татка, дзе мой татка, ён вернецца.

Былі і смешныя моманты. Неяк яна засынала, пасля гадзіны плачу, і зарованая кажа па-дзіцячаму: «Мама, а ты можаш іншага тату знайсці?» Я пытаюся: «Як?» —  «Ну, як нашага тату, ты ж з ім пазнаёмілася дзесьці на вуліцы, ну дык пазнаёмся».

Тлумачыла: «Соля, так гэта не працуе, каб знайсці іншага тату».

Дзеці змяніліся пасля смерці Васіля. Мілан стаў вельмі агрэсіўным, злым, закрытым. Саламея ўвесь час на мне вісне, баіцца, калі я сыходжу на пару гадзін. Мне цяжка, бо нават каб выйсці на 15 хвілін у краму, трэба яе абавязкова збіраць з сабой, бо яна не можа застацца, гэта мой хвосцік.

— Олена, ці ёсць рэчы, якія, можа быць, вы не прамаўлялі Васілю, калі ён быў жывы. Пра што вы хацелі б сказаць яму, калі б была такая магчымасць?

— Цяпер я разумею, што нават у тым, як ён хацеў загінуць, калі б гэта здарылася, ён меў рацыю. У нас якраз была перад ягонай апошняй паездкай спрэчка. Васіль казаў, што ніколі не здасца ў палон. Я разумею гэта. Асабліва ў ягонай сітуацыі разумею — чаму. Бо ён і так шмат часу правёў у зняволенні ў сваім жыцці, каб яшчэ раз…

Той, хто не прайшоў такі шлях, можа і не разумець. Здаецца, што можна змагацца далей, нават у палоне. Васіль казаў, што ў яго будзе граната, і ён пры любых умовах падарвецца і забярэ з сабою яшчэ пару ворагаў.  

Але гэта былі размовы ў 2014-2015 гадах. І тады шмат хлопцаў, асабліва з дабравольчых батальёнаў, так рабілі. Таму што найгоршае стаўленне было у палоне да добраахвотнікаў і іншаземцаў. А тут добраахвотнікі-іншаземцы —  гэта проста бінга ў гэтым выпадку.

І калі ён ехаў на фронт, я зноў яго запытала, ці не памяняў ты сваёй думкі, таму што адна справа, калі ў цябе нічога няма, калі цябе нішто не трымае на гэтым свеце. Але цяпер у цябе ёсць сям'я і людзі, якія вельмі цябе любяць. Ці не варта ўсё ж такі яшчэ раз прайсці праз гэтае пекла, але вярнуцца да нас?

А ён сказаў: «Не, я не выберу вас, я ўсё адно выберу смерць у гэтым выпадку». Вядома, для мяне гэта было вельмі балюча. На той момант пачуць гэта было як здрада, што ён не хоча выбраць нас, не гатовы змагацца за жыццё.

Але зараз, калі я штодня бачу, як вяртаюцца хлопцы з палону і праз што ім там давялося прайсці. Чытаю інтэрв’ю, слухаю расповеды і разумею, што насамрэч Васіль меў рацыю.

Калі б у мяне была магчымасць, я б, напэўна, яму сказала, што так, няварта трапляць у палон, а я перажыву…

То бок, калі вы глядзіце на гэтых хлопцаў, якія вярнуліся з палону, якія яны траўмаваныя і паламаныя, вы лічыце, што Васіль меў рацыю, калі казаў, што лепш падарвацца на гранаце.

— Мяркую, ніхто ніколі не мусіць праз гэта праходзіць. Напрыклад, калі чалавек два тыдні еў пацучыны хвост. Гэта была адзіная ежа на два тыдні. І ён яе, як жуйку, жаваў.

Ці як ён схаваў лічынку нейкага чарвяка ці жука. І потым не мог яе дастаць, бо пастаянна пабоі, цэлымі днямі допыты ні пра што. І калі праз два тыдні ён апрытомнеў, залез у хованку, каб з’есці гэтую лічынку. Бо ясна, што гэта бялок, пратэін. І кажа, для мяне гэта быў святочны дзень, бо высветлілася, што гэтых лічынак багата развялося.  

І гэта толькі маленькія эпізоды з жыцця ў палоне. Тое, што ім там адбіваюць усе ворганы, што яны вяртаюцца інвалідамі, страчваюць большасць вагі. Так, фізічна можна штосьці аднавіць, але не думаю, што псіхічнае здароўе можна аднавіць.

А улічваючы сам характар Васіля, і як для яго была больш, чым для каго іншага, важныя свабода і воля, я б не хацела, каб ён праз гэта ўсё праходзіў. Я ведаю, што мы перажывем, мы мусім быць моцныя — дзеці і я. І так мы жывем ужо паўтара гады, намагаемся спраўляцца і дапамагаць іншым.

Васіль памёр там, дзе хацеў, ён быў героем, абараняў, змагаўся. Гэта для яго лепш, чым працягваць жыць у палоне, бо я лічу, нічога горшага за расійскі палон не існуе. Я ведаю, што ён бы дакладна не аднавіўся пасля яго.

— Васіль марыў вярнуцца ў Беларусь?

— Так, ён нават аднойчы узяў квіток да Гомелю. Дагэтуль яго зберагаю. Мы тады моцна пасварыліся, і ён пайшоў на вакзал, узяў квіток. Паказаў мне яго.

Таксама хацеў прыехаць у Беларусь у 2020 годзе, думаў, як нелегальна патрапіць на радзіму. Ён разумеў, што калі цягніком паедзе, то на вакзале яго адразу затрымаюць. Вельмі перажываў за Беларусь. Але на той момант быў асіміляваны Украінай, лічыў, як і шмат хто з украінцаў, што трэба было рабіць сілавы сцэнар захопу ўлады, а не мірныя пратэсты.

Ён, як ніхто іншы, добра разумеў, чаму напрыклад, нейкія моманты былі магчымыя у Кіеве, і чаму яны немагчымыя ў Мінску.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(25)