«Уязджаеш у Беларусь і адразу адчуванне замежжа»

Калінінградзец Іван крыху больш, чым дзесяць гадоў таму стаў старанна вучыць беларускую мову: не спыняла нават тое, што звяртаючыся да беларусаў на беларускай, яму адказвалі на рускай. Ён думаў, што прычына ў яго памылках.

— Мой тата з Беларусі, таму яшчэ ў дзяцінстве я пачуў беларускую мову з ягоных вуснаў. Ён расказаў мне байку Крапівы «Дыпламаваны баран», – узгадвае Іван у інтэрв'ю Белсат Life. — Таму я ведаў, што беларуская мова ёсць і мой тата беларус.

Іван. Скрыншот з відэа Белсат Life/YouTube

Не памятаю, калі я сам вызначыўся, што я беларус, але гэта было рана і для мяне было важна ведаць беларускую мову.

Я ездзіў у Беларусь да сваякоў і памятаю, што была беларуская мова, асабліва гэта заўважалася, калі едзеш машынай, а не цягніком. Адразу ўсе шыльды, знакі на беларускай мове, і адразу такое ўражанне замежжа ў параўнанні з Расеяй.

Па словах Івана, першы раз ён спампаваў падручнік па беларускай мове, калі яшчэ вучыўся ў школе.

— Было пытанне, куды паступаць, у Калінінградзе або ў Беларусі. Усе раілі паехаць вучыцца ў Менск, бо ўзровень беларускіх ВНУ у Расеі лічыцца вышэйшым. Паўстала пытанне, што калі паеду ў Беларусь, трэба вучыць беларускую мову. Знайшоў у інтэрнэце падручнік, спампаваў, але да паступлення ў Беларусь так і не дайшло, застаўся ў Калінінградзе.

Потым усё роўна прыйшло паразуменне, што я беларус, мой тата беларус, а я з беларускай мовы ведаю толькі асобныя словы. Таму я спампаваў падручнік «Гавары са мной па-беларуску», які моцна зацікавіў у тым ліку фактамі з беларускай гісторыі і культуры.

Па словах мужчыны, яго сябры з Расеі здзівіліся, калі Іван у адзін дзень пачаў весці свае сацсеткі па-беларуску, але з часам «усе змірыліся і перасталі прасіць пісаць хаця б на двух мовах».

Паляпшаў сваю беларускую мову Іван таксама праз сацыяльныя сеткі. Самастойна шукаў старонкі беларускамоўных людзей і знаёміўся з імі, шмат з кім пасябраваў, ездзіў па Беларусі.

А вось размаўляць ужывую на беларускай мове ў Беларусі спачатку было складана.

— Здавалася, зараз выйду на вуліцу і буду гаварыць па-беларуску. Але як толькі пачынаеш, табе адказваюць па-расейску. Тады ў мяне яшчэ не было ўпэўненасці ў сваёй мове, таму пераходзіў таксама. І таму ў Менску я шукаў пляцоўкі з аднадумцамі, якія таксама размаўляюць па-беларуску: крамы, мерапрыемствы. У Гародні мне нават аднойчы зрабілі знішку за беларускую мову.

У вывучэнні і паляпшэнні беларускай мовы Івану таксама дапамагала чытанне публіцыстыкі, радыё, музыка, серыялы ў беларускай агучцы і «Мова нанова».

— Можна не чакаць, калі беларускамоўнае асяроддзе з‘явіцца, а самому ствараць яго, і зараз гэта значна прасцей, бо ёсць інтэрнэт. Ну і трэба не баяцца гаварыць, нават з памылкамі, бо трэба з чагосьці пачынаць, – раіць Іван.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(39)