«Уявім, што ў Беларусь зойдзе дастатковая колькасць людзей, каб справіцца з Лукашэнкам. І што далей?»

Грамадзянская актывістка — пра стан беларускага грамадства і імаверныя сцэнары вызвалення краіны.

Праваабаронца Таццяна Гацура-Яворская выехала ва Украіну з-за пераследу ў Беларусі адразу пасля пачатку паўнамаштабнай вайны, наладзіла вялікую міжнародную валанцёрскую супрацу і адкрыла рэабілітацыйны цэнтр для беларускіх і ўкраінскіх ваяроў.

На канале Беларускі інфармацыйны цэнтр Таццяна распавяла, што павінны ведаць украінцы пра беларусаў, каб не лічыць усіх агулам ворагамі.

— Па-першае, напэўна, тое, што Лукашэнка — гэта не Януковіч. Калі нешта ў нас адбываецца, украінцы дзівяцца: а чаму няма рэакцыі грамадства? А таму, што гэта не сітуацыя вольнай Украіны.

Шмат хто з украінцаў лічыць, быццам дыктатура — гэта як пры Януковічу. Вось не. Зусім не. Дыктатура — гэта ты не можаш свабодна сказаць, што ты думаеш.

Многія ўкраінцы здзіўляюцца: маўляў, хіба адсочваюць, што вы ў сацсетках пішаце? Адказваю: за гэта і тры гады могуць даць, і пяць. І гэта проста паралізуе ўсё грамадства, людзі баяцца нават гаварыць, не тое што дзейнічаць.

Катаванне, неаказанне дапамогі — усё гэта адбываецца зараз у Беларусі з людзьмі ў турмах. Была ўжо не адна смерць, калі чалавеку проста не аказалі медычную дапамогу.

Пасля перамогі Украіны ў вайне, якія павінны быць умовы беларуска-ўкраінскага прымірэння? На думку праваабаронцы, «новая ўлада Беларусі мусіць афіцыйна ўзяць адказнасць за ўварванне ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі».

— Гэта не значыць, што мусіць адказваць грамадства, — падкрэслівае Таццяна Гацура-Яворская. — Грамадская супольнасць можа быць супраць, і гаварыць, што мы самі — ахвяры, і гэта таксама праўда. Але што да ўладаў — тое пытанне самастойнасці, адказнасці і ўмення быць дарослымі.

У актывісткі запыталі, ці бачыць яна верагоднасць вызвалення Беларусі шляхам узброенага супрацьстаяння ці палітычнага ціску. На яе думку, мусяць скласціся адпаведныя абставіны:

— Давайце ўявім, што проста зараз у Беларусь зойдзе дастаткова вялікая колькасць людзей, каб справіцца з Лукашэнкам і ягоным атачэннем. І што далей? Патрэбна такое рашэнне, якое здыме пытанне ўплыву Расіі, залежнасці ад яе, і прызнанне свету, які прызнае новую ўладу ў Беларусі.

Цяпер, на маю думку, немагчыма адказаць адназначна на гэта пытанне. Асабіста я, канешне, хацела б перамен мірным шляхам — інакш, баюся, будзе грамадзянская вайна. У Беларусі вельмі багата сілавікоў, краіна, мабыць, рэкардсмен па колькасці сілавікоў на 100 тысяч чалавек. А сілавікі — гэта ж яшчэ і іх атачэнне, сем’і, і ўсе яны настроеныя «за Расію-матухну».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(24)