Общество
Юлія Аляксандрава

Уладзімір Куліковіч больш не рэдактар «Роднага слова»

Галоўны рэдактар часопіса «Роднае слова» Уладзімір Куліковіч пакінуў сваю пасаду. Сярод прычын ён назваў “Салідарнасці” “іншыя планы на жыццё”. Між тым ходзяць размовы, што галоўнага рэдактара папрасілі сысці пасля размяшчэння на старонках часопіса рэкламы грамадскай кампаніі «Будзьма».

Як стала вядома, Уладзімір Куліковіч з канца мая больш не з’яўляецца галоўным рэдактарам часопіса “Роднае слова”. Паводле яго слоў, з гэтай пасады, якую займаў два гады, ён сышоў па ўласным жаданні.

— Проста ў мяне ёсць іншыя планы на жыццё, — патлумачыў “Салідарнасці” прычыну Куліковіч.

Разам з тым ў атачэнні рэдакцыі ходзяць размовы, што галоўнага рэдактара папрасілі сысці пасля размяшчэння на старонках часопіса рэкламы грамадскай кампаніі «Будзьма». Сам Уладзімір Куліковіч адмовіўся гэта каментаваць.

— Не ведаю, ці так гэта. Прыдумайце адказ самі! — параіў ён нам.

Замест Куліковіча рэдактарам “Роднага слова” прызначана былы галоўны інспектар Міністэрства адукацыі Зоя Падліпская. Прычыны звальнення свайго папярэдніка яна таксама не называе.

— Кожнага новага рэдактара прызначае міністр, — адзначае Падліпская. — Больш за ўсё мне б не хацелася, каб нешта дрэннае фігуравала пра Уладзіміра Куліковіча. Мы ўсё жывем у адной краіне і робім адну справу.

Цікава, што гэта не першая змена галоўнага рэдактара часопіса, ахутаная таямніцай. У 2006 годзе з пасады сышоў Міхась Шавыркін. Афіцыйная фармулёўка гучала як «пагадненне бакоў». Але ж сам былы рэдактар сцвярджаў, што прапанова пакінуць пасаду звязана са “зместавым напаўненнем часопіса” — маўляў, тут друкуюцца аўтары, якія апошнім часам не ў пашане ў беларускіх уладаў. З 8 жніўня 2007 года загадам Мінадукацыі галоўным рэдактарам быў прызначаны Уладзімір Куліковіч.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)