Улады плануюць апытанне, што беларусы думаюць пра «гістарычнае мінулае»

Гісторык: «Лукашэнкаўская сістэма траціць досыць шмат рэсурсаў, каб зразумець, на якія ідэалагічныя моманты яна можа абапірацца ў сваёй прапагандзе».

Беларускія ўлады плануюць высветліць, што беларусы думаюць пра «гістарычнае мінулае» Беларусі і інтэграцыю з Расіяй. Дзеля гэтага дзяржаўны інстытут стратэгічных даследаванняў плануе заказаць сацыялагічнае апытанне, паведамляе Еўрадыё.

Паведамляецца, што дадзенае апытанне мусяць правесці ўжо ў жніўні- верасні, а вынікі чыноўнікі чакаюць не пазней за пачатак лістапада. Мяркуецца, што яны будуць толькі для службовага карыстання.

Фота: Еўрарадыё

Сярод задач даследавання ставяцца устанавіць ступень цікавасці беларусаў да гістарычнага мінулага краіны і ўзровень іх ведаў па гэтай тэматыцы; вызначыць адносіны насельніцтва да дзяржаўнай гістарычнай палітыкі; выявіць ключавыя канцэпты ідэйных асноў беларуска-расійскай інтэграцыі ў кантэксце рэалізацыі гістарычнай палітыкі Беларусі і іншае.

— Мне падаецца, на дадзеным этапе лукашэнкаўская сістэма траціць досыць шмат рэсурсаў, каб зразумець, на якія ідэалагічныя моманты яна можа абапірацца ў сваёй прапагандзе, — каментуе навіну гісторык Цімафей Акудовіч у экспрэс-каментары «Салідарнасці». — Бо сітуацыя застаецца напружанай. Іншае пытанне, чаму тут апытанне пра нацыянальныя каштоўнасці стаіць побач з тэмай інтэграцыі з Расіяй.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.2(12)