Политика
Анастасія Зелянкова

«Улада разумее, што гэтыя “праклятыя буржуіны” не “кінуць” у адрозненне ад браткоў з усходу»

Еўрасаюз не прыняў канчатковага рашэння пра ўключэнне Беларусі ў праграму “Усходняга партнёрства”. Свой апошні вердыкт Брусэль вынесе ў сакавіку. Тым не менш аналітыкі ўпэўнены, што гэта толькі справа часу. Якія дывідэнды Беларусь можа атрымаць ад новага супрацоўніцтва з ЕС, чым нам пагражае такое “партнёрства” і чаму сённяшнія працэсы нагадваюць пачатак гарбачоўскай перабудовы, “Салідарнасці” распавёў палітолаг Аляксандр Класкоўскі.

Пра тое, што ЕС не прыняў пакуль канчатковага рашэння адносна ўключэння Беларусі ў праграму “Усходняга партёрства” паведаміў ”БелаПАН” Ян Сліва, прэс-сакратар пастаяннага прадстаўніцтва Чэхіі, якая зараз старшынствуе ў ЕС. Чакаецца, што новую палітыку главы краін ЕС ухваляць у сакавіку.

— Хутчэй за ўсё Беларусь трапіць у гэтую праграму, калі, канешне, беларуская ўлада не наламае вялікіх дроў, — лічыць Аляксандр Класкоўскі.

На яго думку, улучэнне Беларусі ва “Усходняе партнёрства” — гэта безумоўны плюс для нашай краіны.

— Пры ўсіх агаворках. Нават пры тым, што, зразумела, на сённяшні дзень ЕС выдае вялікія авансы і, на думку часткі апазіцыйных дзеячаў, гэта развязвае рукі рэжыму, бо сапраўды палітыка Брусэлю выклікае пытанні з пункту гледжання высокай маралі. Гэтая гульня ЕС найперш ставіць на мэце геапалітычныя меркаванні, пытанні дэмакратыі і правоў чалавека дэ-факта адсунутыя сёння на другі план. Але гаворка ідзе пра тое, каб ангажаваць Беларусь у еўрапейскія працэсы. Зразумела, што беларуская ўлада выгандлёўвае для сябе толькі, як яны кажуць, прагматычныя параметры ўдзелу: эканоміка, інвестыцыі, мадэрнізацыя, памежнае супрацоўніцтва. Разам з тым — гэта ўсё адно ўзаемадзеянне з Еўропай. Гэта пэўныя рэсурсы, укладанне грошай у нашу эканоміку, гэта мадэрнізацыя тэхналагічных працэсаў і гэта, нарэшце, змена менталітэту насельніцтва. Калі ўсё пойдзе добра, пэўна, будзе аблегчаны візавы рэжым, беларусы будуць болей ездзіць у Еўропу, працаваць на сумесных і замежных прадпрыемствах. Гэта ўсё таксама этапы станаўлення еўрапескай свядомасці.

Як адаб’ецца ўзаемадзеянне Беларусі з ЕС на стасунках з Расіяй, на думку Аляксандра Класкоўскага будзе залежыць, ад магчымасцяў беларускіх уладаў манеўраваць.

— Канешне, Беларусь будзе манеўраваць. Мы часам іранічна кажам пра гэтую тактыку манеўровага паравоза, якую ажыццяўляе беларуская ўлада. З іншага боку, калі ўдумацца, то пры разумным выкарыстанні такой тактыкі, гэта можа даваць дывідэнды з абодвух бакоў. Ёсць жа краіны кшталту Швейцарыі ў Еўропе, якія не ангажуюцца моцна ў нейкія структуры, але здымаюць вяршкі з такога свайго нейтральнага становішча. Але, з другога боку, манеўраванне паміж двума палюсамі — атрымання дывідэндаў і з усходу і з захаду — мусіць выкарыстоўвацца для апгрэйду нашай эканомікі, палітычнай сістэмы, а не для кансервацыі.

На думку палітогала, рызыка заключаецца ў тым, што на сённяшні дзень беларуская ўлада можа выкарыстаць гэты прагматычны чыннік менавіта дзеля таго, каб кансерваваць старыя парадкі і ў эканоміцы, і ў палітыцы.

— Але тут я хачу падкрэсліць яшчэ адзін вельмі важны чыннік — гэта беларускае грамадства, — адзначае Аляксандр Класкоўскі. — Нават калі гэтыя невялічкія паслабленні, невялічкае адкручванне гаек адбылося проста, каб Брусэлю даць нейкія аргументы для гэтага ангажавання Беларусі, усё адно нам ўжо трохі вальней стала дыхаць. Гэта вялікі плюс, бо стварае нейкія ўмовы для прабуджэння актыўнасці беларускага грамадства. І тут многае залежаць ад разумнай тактыкі прыхільнікаў перамен: я маю на ўвазе і палітычную апазіцыю і структуры трэцяга сектару. Тая максімалісцкая пазіцыя”або ўсё або нічога” звычайна прыводзіць да таго, што не будзе нічога. А больш гнуткая тактыка, калі не распальваюць гэтыя гамлетаўскія жарсці “быць ці не быць”, удзельнічаць ці не ўдзельнічаць у тых радах, будзе больш плённай.

На думку аналітыка, сённяшнія працэсы нагадваюць пачатковы этап гарбачоўскай перабудовы.

— Тады таксама камуністычная сістэма хацела толькі трошкі палепшыцца, а ў выніку за кошт разбуджанага грамадства, пайшлі такія працэсы, якія прывялі да падзення імперыі. Сёння ўдзел ва “Усходнім партнёрстве” таксама пашырае гэтае акно магчымасцей. Астатняе залежыць ад тых людзей, якія называюць сябе прыхільнікамі перамен.

Тым не менш разлічваць, што Беларусь у хуткім часе зможа далучыцца да ЕС не варта. Прынамсі, пры сённяшняй уладзе.

— Па-першае, тут дзейнічаюць чыннікі эканамічныя. Сённяшняя прывязка да Расіі вельмі моцная: штогадовы расійскі грант складае ад 5 да 10 мільярдаў. Натуральна, што гэта не параўнаць з падтрымкай ЕС: сотні мільёнаў еўра, якія раскідаюцца на шэсць краін і на некалькі гадоў. Па-другое, гэта ментальны бар’ер улады, паколькі дагэтуль існуюць фобіі, што гэтыя “праклятыя буржуіны” разваляць вось гэтую сістэму, якая так спраўна працуе на захаванне ўлады адной групоўкі. Пакуль што гэта гіпатэтычнае пытанне і ўступленне ў ЕС — не самамэта. Галоўнае — гэта пазбаўленне ад пагрозлівай залежнасці ад Расіі, якая пагражае інкарпарацыяй.

Аднак наколькі ЕС зможа стаць больш прывабнай для Беларусі?

— Розніца ў тым, што Расія дае фактычна грошы на кансервацыю цяперашняй, састарэлай сістэмы. Расія падкідае порцыю рыбы, якую тут з’ядаюць, толькі косткі застаюцца. Еўропа ж здольная даць не рыбу, а вуду. Еўропа можа стымуляваць перамены менавіта сістэмныя, інстытуцыйныя, калі пачнуць прымацца рынкавыя законы, працаваць рынкавыя механізмы ў эканоміцы. Таму варыянт атрымання датацый ад Расіі — гэта варыянт кансервацыі. А ад Еўропы — гэта варыянт апгрэйду. І тут не можа быць пытання, што болей перспектыўна для Беларусі. Ва ўладзе таксама не самагубцы. Там разумеюць, што Расія дзейнічае па правілах Візантыйства і ніякіх гарантый не можа быць. І хаця ўсе гэтыя дэмакратычныя еўрапейскія замарочкі для беларускай улады як востры нож, яна выдатна разумее, што з гэтымі “праклятымі буржуінамі” можна цывілізавана дамаўляцца і яны не “кінуць” у адрозненне ад браткоў з усходу. Як ні парадаксальна, але менавіта інстынкт самазахавання і прымусіў беларускае кіраўніцтва шукаць апірышча ў Еўропе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)