Общество
Глеб Лабадзенка, «Звязда»

У Полацку хутка можа з'явіцца вуліца Грунвальдская

Самы стары беларускі горад падае прыклад астатнім: вось як трэба шанаваць сваю гісторыю і сваіх герояў!

Вуліца Войкава ў цэнтры Полацка хутка можа стаць Грунвальдскай. З такой прапановай да мясцовага гарвыканкама звярнулася Полацкае зямляцтва — згуртаванне ўраджэнцаў Полацка, якія цяпер жывуць у розных краінах свету. Гарвыканкам прапанову падтрымаў.

Хто такі Войкаў? Рэвалюцыянер, які праславіўся найперш непасрэдным удзелам у расстрэле царскай сям'і. Менавіта ён падпісаў дакумент пра выдзяленне вялікай колькасці сернай кіслаты для поўнага знішчэння целаў. Яшчэ Войкаў праславіўся тым, што прадаў за мяжу яйкі Фабержэ, а звольнены з дзяржаўнай працы быў за раскраданне футраў, якія дарыў сваім каханкам.

Што такое Грунвальдская бітва? Вялікая перамога войскаў ВКЛ над Тэўтонскім ордэнам, дзе значную ролю адыгралі беларускія харугвы. Полацкі полк праславіўся асабліва — бо быў добра ўзброены і падрыхтаваны. 15 ліпеня 2010 года мы адзначым 600-годдзе гэтай слаўнай перамогі.

Таму і прапанову пра наданне вуліцы назвы Грунвальдская гарвыканкам падтрымаў ахвотна. Цяпер прапанова вынесеная на абмеркаванне грамадскасці. Цягам месяца-двух будзе праводзіцца апытанне жыхароў, анкетаванне, прапанавана выказацца кожнаму жыхару горада. Калі жыхары падтрымаюць ідэю — вуліцы Грунвальдскай у Полацку быць!..

— Мы вельмі ўзважана падыходзім да пытанняў перайменавання, — кажа намеснік старшыні Полацкага гарвыканкама Мікалай ІЛЬЮШОНАК. — Вось так з пляча, не абмеркаваўшы, ніколі не прымаем рашэнняў. Перад любым унясеннем прапановы ў гарадскі Савет па перайменаваннях праводзіцца вельмі вялікая праца. Найперш гэта — вывучэнне грамадскай думкі: што мяркуюць палачане, жыхары канкрэтна гэтай вуліцы, супрацоўнікі ўстаноў, якія там знаходзяцца...

Мікалай Ільюшонак пагаджаецца, што перайменаванне вуліцы — гэта пэўныя нязручнасці. Але заклікае глядзець у корань — што горад атрымае ўзамен:

— Нязручнасці пры гэтым мінімальныя. Жыхарам трэба будзе з часам змяніць штамп пра рэгістрацыю ў пашпарце. Але гэта не гарыць — як кажуць, пры нагодзе. Працэдура бясплатная. Фірмам і ўстановам трэба будзе прывесці ў адпаведнасць юрыдычныя паперы. За гэта бярэцца мінімальная, сімвалічная плата. Як паказвае практыка, гараджане ставяцца да такіх дробных нязручнасцяў з разуменнем — бо ўзамен мы атрымліваем шыкоўныя назвы для вуліц нашага роднага горада!..

Мікалай Сяргеевіч прывёў прыклад — праспект, на якім стаіць гарвыканкам, насіў імя Карла Маркса, а год таму займеў імя вялікага палачаніна Францыска Скарыны.

— У нас было надрукавана шмат розных бланкаў, дзе значыўся адрас — праспект Маркса. Вядома, мы іх не выкідалі — яшчэ некалькі месяцаў яны мелі месца. А як скончылася, надрукавалі новыя — ужо з адрасам "праспект Скарыны".

Пытаюся ў Мікалая Ільюшонка: няўжо не знайшлося гарачых прыхільнікаў Маркса, якія выказаліся супраць перайменавання?

— Былі і такія: усе звароты грамадзянаў у мяне ахайна захоўваюцца ў адмысловай тэчцы. Былі супраць сябры камуністычнай партыі, некаторыя старыя людзі. Аднак, як паказала вывучэнне грамадскай думкі, 75 % жыхароў горада падтрымала ідэю надання праспекту імя Скарыны. Гэта стала важкай падставай для прыняцця рашэння!

Такім чынам, у самым старым беларускім горадзе, дзе кожны сантыметр зямлі дыхае гісторыяй — наша слаўнае мінулае вяртаецца і ў назвы вуліц.

БЯРЫЦЕ ПРЫКЛАД!

Каля дзесяці гадоў таму частка вуліцы Фрунзэ ў Полацку была перайменаваная ў вуліцу Ефрасінні Полацкай.

Вуліцы Леніна вярнулі адну з гістарычных назваў — вуліца Ніжне-Пакроўская.

Праспект Карла Маркса перайменавалі ў праспект Францыска Скарыны.

Новы праспект горада атрымаў назву "праспект дойліда Іаана" — стваральніка Спаса-Ефрасінеўскай царквы.

Калі грамадскасць выкажацца "за" — у хуткім часе ў Полацку з'явіцца вуліца Грунвальдская. Годны прыклад для іншых беларускіх гарадоў!..

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)