Общество

У Казахстане рассакрэцілі 2,4 мільёна справаў рэпрэсаваных, у тым ліку зь Беларусі

Улады Казахстану абвясьцілі, што рассакрэцілі дакумэнты 2,4 мільёна справаў рэпрэсаваных савецкімі ўладамі ў 1929–1956 гадах паводле палітычна матываваных абвінавачаньняў, піша Радыё Свабода.

Актывісты ўшаноўваюць памяць ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. Шымкент, Казахстан, травень 2020 г.

Як паведаміла 18 верасьня Генэральная пракуратура краіны, у рассакрэчаных справах знаходзяцца дакумэнты на 516 тысяч чалавек, дэпартаваных зь іншых раёнаў Савецкага Саюзу ў 1940-я гады, зь якіх 311 тысяч ужо рэабілітаваныя. Гэта датычыць таксама дэпартаваных зь беларускіх земляў.

Пачынаючы з 1937 году, на тэрыторыі Казахстану былі самыя буйныя лягеры структуры ГУЛАГ — АЛЖИР («Акмолинский лагерь жён изменников Родины»), Степлаг (Особлаг № 4, лягер для палітычных зьняволеных у пасёлку Кенгір Карагандзінскай вобласьці Казахстану), Карлаг (Карагандзінскі папраўча-працоўны лягер).

Рэспубліка практычна ператварылася ў адну вялікую турму. За гады рэпрэсіяў у лягеры Казахстану толькі афіцыйна сасланыя больш за 5 млн. чалавек. Але неафіцыйныя зьвесткі значна перавышаюць гэтую лічбу.

У Казахстане ўшанаваньне памяці рэпрэсаваных адбывалася і ў часы прэзыдэнцтва Нурсултана Назарбаева. У 2017 годзе Мая Кляшторная, дачка расстралянага беларускага паэта Тодара Кляшторнага, узяла ўдзел у памятных захадах у мэмарыяльным комплексе на месцы былога «Акмолінскага лягеру жонак здраднікаў Радзімы», дзе была ў дзяцінстве разам з маці. У той дзень яна пагутарыла з тагачасным прэзыдэнтам Назарбаевым, які наведаў акцыю.

Мая Кляшторная, былая зьняволеная ГУЛАГу і прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назабаеў, 2017 год

У Беларусі, нягледзячы на дзейнасьць у 1990–1995 гг. Часовай камісіі Вярхоўнага Савету ў справах ахвяраў палітычных рэпрэсіяў 1930–1950 гг. і прыняцьце Закону аб правах рэпрэсаваных і іхных сем’яў, масавага рассакрэчваньня дакумэнтаў, датычных рэпрэсіяў, не было.

У пачатку 1990-х гадоў асобным дасьледнікам і блізкім рэпрэсаваных быў дадзены абмежаваны доступ да некаторых справаў, аднак з прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі гэтая практыка спынілася.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(15)