У Гомельскім судзе не гавораць па-беларуску

Суд Савецкага раёну Гомеля перанёс разгляд адміністрацыйнай справы супраць сябра «Маладога фронту» Андруся Цянюты. Апошні запатрабаваў, каб ягоная справа разглядалася па-беларуску.

Як высьветлілася, гэтае канстытуцыйнае патрабаваньне суд ня мог забясьпечыць адразу. Справаводзтва ў судзе спрэс вядзецца на расейскай мове, а перакладчыка з расейскай на беларускую мову няма. Таму вырашана перанесьці разгляд адміністрацыйнай справы на 1 верасьня, каб запрасіць перакладчыка.

Да адміністрацыйнай адказнасьці Андруся прыцягваюць за няяўку 24 ліпеня ў ваенкамат. Пратакол на яго склаў намесьнік начальніка аддзяленьня прызыву гарадзкога ваенкамату маёр Сяргей Самафалаў. Сваім рашэньнем ваенкамат абмежаваў і выезд актывіста за межы Беларусі.

Гаворыць спадар Цянюта:

“Я лічу, што гэта сыстэматычны ціск, які аказвае наша ўлада на найбольш актыўную беларускую моладзь. Робіцца гэта дзеля таго, каб ізаляваць як мага больш актывістаў, здольных нешта зрабіць на волі”.

Андрусь Цянюта меў права на адтэрміноўку ад войска. Пасьля заканчэньня тэхнікуму ён пачаў вучыцца завочна ў Бранскай сельгасакадэміі. Увесну яго перавялі на 3 курс. Аднак нядаўна ён атрымаў з акадэміі дзіўны загад на адлічэньне. Пад загадам няма подпісаў ні рэктара, ні дэкана — падпісала яго толькі загадчыца канцылярыі спадарыня Салдаценка. Няма на загадзе й гербавай пячаткі навучальнай установы.

Гэты “дакумэнт” і стаў для ваенкамату падставай, каб прызваць актывіста на вайсковую службу.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)