БНР-100
Сямён Печанко

«У часы БНР у Мінску было 10 беларускамоўных школаў. Сёння – толькі 5»

1 сакавіка ў Мінску адбыўся круглы стол «Шляхамі БНР: да 100-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі».

Мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі, адзін з арганізатараў круглага стала, аўтар і рэдактар манаграфіі «Шляхамі БНР»

На круглы стол сабраліся даследчыкі з розных гарадоў Беларусі — Гродна, Брэста, Магілёва, Гомеля і Мінска. Галоўная тэмай мерапрыемства сталі адрасы БНР у гэтых гарадах — як вядомыя раней, так і новыя.

Першы перформанс Пушкіна: як у Мінску пачалі адзначаць Дзень Волі

У часе круглага стала была прэзентаваная калектыўная манаграфія «Шляхамі БНР», надрукаваная пры ўдзеле Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, а таксама працы некаторых удзельнікаў імпрэзы.

Гарадзенскі гісторык Андрэй Чарнякевіч

Гарадзенскі гісторык Андрэй Чарнякевіч расказаў пра праблемы даследвання гісторыі Беларускай Народнай Рэспублікі. Даследчык нагадаў імёны найбольш вядомых адмыслоўцаў, што вывучалі гісторыю станаўлення беларускай дзяржаўнасці ў пачатку ХХ стагоддзя.

Выступае даследчык Аляксандр Агееў з Магілёва

Госці з Магілёва Аляксандр Агееў і Ігар Пушкін пазнаёмілі прысутных з вынікамі ўласнага даследвання фарміравання і станаўлення Магілёўскага Беларускага Камітэту ў 1917-1918 гадах, якое выйшла асобнай манаграфіяй пры падтрымцы Магілёўскага дзяржуніверсітэта імя Куляшова.

Ігар Пушкін, Магілёў

— Магілёў быў усходнім фарпостам БНР, — падкрэслілі аўтары манаграфіі, нагадаўшы версію пра тое, што менавiта за гэта ў 1919-м бальшавікі пазбавiлi горад губернскага статуса.

Архітэктарка і ўрбаністка Ірына Лаўроўская з Брэста распавяла пра вынікі ўласных пошукаў адрасоў БНР у родным горадзе. Яны апублікаваныя ў манаграфіі «Шляхамі БНР».

Ірына Лаўроўская з Брэста

Там нарадзіўся міністр замежных спраў Беларускай Народнай Рэспублікі Аляксандр Цвікевіч. З Брэстам таксама звязаныя імёны Лукаша Дзекуця-Малея, пастара, які працаваў на карысць беларушчыны, а таксама Адама Трыпуса, які ў часы БНР кіраваў партызанскім атрадам на Гарадзеншчыне.

Валянціна Лебедзева з Гомеля расказала пра знакамітых землякоў — Палуту Бадунову, Язэпа Няцецкага, Мітрафана Доўнар-Запольскага

Выкладчыца Гомельскага дзяржуніверсітэта Валянціна Лебедзева расказала пра асаблівасці рэгіёна, размешчанага на раздарожжы. Па яе словах, Гомельшчына была на памежжы БНР, тут былі моцныя ўкраінскія ўплывы.

Даследчык з Мінска Уладзімір Ляхоўскі пазнаёміў удзельнікаў круглага стала з новымі адрасамі, падкрэсліўшы, што больш слушна іх называць адрасамі дзеячоў беларускага нацыянальнага руху. Бо тыя ж беларускія школы ў Мінску, напрыклад, былі адчыненыя не ўрадам БНР, нагадаў даследчык. Гісторык прывёў несуцяшальнае параўнанне: у гады існавання БНР у Мінску дзейнічала 10 беларускамоўных школаў, у сённяшняй двухмільённай сталіцы — удвая менш.

Фота выдавецкай суполкі «Заранка» публікуецца ўпершыню

Адной з высноваў круглага стала стала тое, што на сёння Беларусь мае багата навуковых працаў, прысвечаных гісторыі станаўлення і існавання Беларускай Народнай Рэспублікі. Якія, у сваю чаргу, з’яўляюцца добрай глебай для больш грунтоўных і глыбокіх наступных даследаванняў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)