Филин

Яна Сакалова

«У Беларусі побач з выбарчымі участкамі стаяць слугі Лукашэнкі з аўтаматамі»

Юрыст Народнага Антыкрызіснага Кіравання Міхаіл Кірылюк у інтэрв’ю Филину – да чаго прывядзе неагалошванне спісаў чальцоў выбаркамаў.

Цэнтрвыбаркам не будзе публікаваць дадзеныя тых, хто будзе працаваць у выбарчых камісіях, спаслаўшыся на абарону гэтых людзей ад «булінгу і ціску з-за мяжы».

Міхаіл Кірылюк

— Навошта ўвогуле патрэбныя выбары ў парламент? — разважае юрыст Міхаіл Кірылюк. — Для таго, каб вырашыць, якія законы павінныя працаваць на гэтай зямлі, і гэта павінныя вырашаць прадстаўнікі народу — дэпутаты парламента. І для гэтага тэрыторыя дзеліцца на акругі, сярод якіх ідзе потым галасаванне.

У Брэсце карыстаецца павагай адзін чалавек, у Мінску — іншы, і ён становіцца прадстаўніком тых людзей, якія выбралі яго і далі даручэнне пісаць законы, прытрымлівацца нейкай пазіцыі ад іх імя.

Прывяду прыклад Польшчы, дзе я зараз знаходжуся. Зараз у палякаў пытанне, ці плаціць дапамогу на дзіця да 18 год 500 злотых ці 800. Гэтую дапамогу атрымліваюць на сваіх дзяцей і тыя беларусы, якія нядаўна прыехалі ў краіну, хоць яны яшчэ не заплацілі падаткі, каб кампенаваць гэта бюджэту.

У грамадства, якое арганізавала сябе такім чынам, што ў іх ёсць свабода і дэмакратыя, з’яўляюцца ў бюджэце вольныя грошы, і яны могуць вырашаць — 500 злотых выплочваць на дзіця ці 800. І тое, і тое можа быць прынята законным. Але тады, калі за гэта прагаласуе большасць дэпутатаў парламента, якіх выбралі большасць жыхароў мясцовасці, дзе яны жывуць.

Як даведацца, што гэта сапраўды так? Напэўна, людзі, якія будуць падлічваць галасы, павінны карыстацца даверам і павагай, каб не было пытанняў, што хтосьці прагаласаваў за таго, а яго голас палічылі за гэтага. На гэтым прыкладзе мы бачым, што ведаць, хто будзе лічыць голас, гэта неабходная ўмова даверу да выбараў. Каб бачыць, ці гэта сапраўды выбары, ці нейкая імітацыя, падробка.

Калі паглядзець на Беларусь пасля польскага прыкладу, то мы бачым, што, на жаль, ад самага пачатку, гэта ўжо не падобна на выбары ў парламент. Не падобна на выбары людзей, якія будуць вызначаць лёс краіны, тым, што яны будуць прадстаўнікамі народу і будуць прымаць законы ў інтарэсах людзей з тых мясцовасцяў, якіх яны выбралі.

І не падобна на тое, што калі нават людзям забараняць даведацца, хто лічыць іх галасы, што гэтыя галасы будуць падлічаныя роўна і справядліва. Таму гэта ўплывае на лёс кожнага жыхара Беларусі — таго, хто жыве ў Беларусі, і таго, хто вымушаны быў з’ехаць, таму што калі законы ад імя краіны прымаюць людзі, якіх ніхто не выбіраў, якія ўладу проста захапілі, падрабіўшы выбары, мы бачым, што атрымліваецца, што атрымалася тры гады таму.

Краіна паступова бяднее, людзі з’язджаюць, частку саджаюць у турмы, шмат тэхналагічных і прыбыльных прадпрыпемстваў зачыняюцца. Вось наступствы, якія адбываюцца таго, калі выбары ператвараюцца ў падробку.

Тое, што лічыць галасы беларусаў будуць невядомыя людзі, — гэта адна з прыкмет таго, што выбары ператвараюцца ў падробку. Плюс да таго трэба дадаць, што на мінулым рэферэндуме забаранілі тым беларусам, якія жывуць за мяжой, удзельнічаць у выбарах. Гэта насамрэч унікальная сітуацыя. Такога няма нідзе.

У Беларусі побач з выбарчымі участкамі стаяць слугі Лукашэнкі з аўтаматамі, то бок сам Лукашэнка так ацэньвае верагоднасць таго, што яго выберуць. Ён не верыць у тое, што хтосьці, маючы магчымасць пазбегчы пераслед ад яго, пры сваім розуме і цвёрдай памяці, яго выбярэ.

Таму думаю, што даверу да вынікаў гэтых выбараў не будзе, як і да мінулых выбараў прэзідэнта, калі мы бачым ужо, з чаго яны пачынаюцца. Мы бачым, што большасць беларусаў перакананая, што выйграла Ціханоўская, а Лукашэнка застаецца пры ўладзе.

Вынік гэтага ўсяго — сярэдні беларус становіцца бяднейшы, у яго краіне застаецца менш лекараў, якія могуць яго лячыць, і менш настаўнікаў, якія могуць вучыць ягоных дзяцей, і нашмат больш дзяцей выбіраюць не сярод беларускіх ВНУ, а сярод польскіх, літоўскіх і іншых замежных. Вось наступствы таго, калі выбары ў Беларусі не вольныя. І калі гэтыя выбары будуць зробленыя па той самай схеме, сітуацыя будзе і далей паглыбляцца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(27)