Служба ў войску: «Тых, хто не хаваў сваіх поглядаў, часта вадзілі да псіхолагаў»
Беларусы расказалі, як служылася ў войску пасля выбараў.
Служба ў войску Івана ды Мацвея прыйшлася якраз на выбарчы і поствыбарчы перыяды. Хлопцы расказваюць, што ў гэты час узмацнілася «ідэалагічнае выхаванне». Часам прыёмы былі досыць нечаканымі.
Мацвею 22 гады. Ён скончыў факультэт радыёфізікі Белдзяржуніверсітэта. Пасля гэтага хлопца адправілі ў войска. Кажа, што «касіць» не збіраўся апрыёры.
— Я адразу вырашыў для сябе, што не стану гэтым займацца. Калі б я сапраўды быў па нейкім крытэры непрыдатны, то тады паспрабаваў бы, — адзначае ён.
«Калі выйшаў фільм пра здрадніка ў спецслужбах у Беларусі, месяц яго круцілі ў нас па тэлевізары»
Хлопец адвучыўся на вайсковай кафедры ва ўніверсітэце, таму служыць яму давялося толькі паўгода: з лістапада 2020-га па май 2021-га. Накіравалі маладога чалавека ў 120-ую асобную гвардзейскую механізаваную брыгаду, што ў Мінску ва Уруччы. Там Мацвей стаў стралком-зенітчыкам.
— Калі я прыйшоў у войска, у нас пастаянна спрабавалі высветліць, ці хадзілі мы на акцыі пратэсту. Тых, хто не хаваў сваіх поглядаў, часта вадзілі да псіхолагаў, — расказвае ён. — Такіх людзей мала было, у асноўным усе маўчалі.
Я асабіста сказаў, што на ўсе палітычныя пытанні я адказваць не буду. І мне адказалі, што, значыць, я хадзіў на пратэсты. Але яны гэта больш робяць з-за страху. Было бачна, што яны асцерагаюцца за нейкія канкрэтныя магчымыя ўцечкі інфармацыі.
Прапаганда была пастаянная: садзілі ля тэлевізара, прымушалі глядзець дзяржаўныя каналы з гэтымі непрыемнымі вядучымі.
Ідэалогі запісвалі перадачы і раздавалі ў кожнае падраздзяленне. І кожны дзень на паўторы яны ў нас трансляваліся, Калі выйшаў фільм пра здрадніка ў спецслужбах у Беларусі, яго месяц круцілі ў нас па тэлевізары. Прычым гучнасць не ніжэй за палову.
Потым выйшаў фільм «Забіць прэзідэнта». Мы таксама яго глядзелі. Адмовіцца не маглі: загад ёсць загад. Пры тым адцягвацца альбо спаць таксама забаранялі».
«Тыя зялёныя салдацікі, якія стаялі ля Стэлы — гэта былі людзі з майго падраздзялення»
Хлопец расказвае, што іх частку неаднаразова вазілі на пратэсты, але яго не бралі, таму што ён быў «ненадзейны».
— Вось тыя зялёныя салдацікі, якія стаялі ля Стэлы, каля Дома ўрада, у Палаца рэспублікі — гэта былі людзі з майго падраздзялення, — кажа ён. — Мяне там не было, таму што я адкрыта выказаў сваю пазіцыю. Яны сталі баяцца, што я магу што-небудзь зрабіць не так.
Што тычыцца разгонаў, то ў іх салдаты не ўдзельнічалі, проста ахоўвалі будынкі. Відаць, баяліся аддаваць такія загады.
Мацвей расказвае, што за ўвесь перыяд службы яму давялося спаць па тры-чатыры гадзіны, таму што ўвесь астатні час яго адпраўлялі на дзяжурства або ў нарад.
— У нас былі абсалютна тупыя патрулі. Асабліва пасля навіны, што нейкі мужчына спрабаваў пранесці выбуховае прыстасаванне ў вайсковую частку, — расказвае ён. — Пасля гэтага ў нас два тыдні быў кругласутачны дазор каля ўсёй часткі.
Дзве гадзіны спіш — дзве гадзіны ходзіш. Так два тыдні! І ўсё гэта ў бронекамізэльках, у касках, з аўтаматам.
Умовы службы Мацвей называе «ўмовамі для выжывання», а не ўмовамі для жыцця.
— Ёсць ложак, бялізна, адна тумбачка і ўсё. У душ можна было хадзіць толькі ў лазневы дзень — у суботу. У плане гігіены — гэта кашмар. Прытрымлівацца яе немагчыма, — расказвае хлопец. — Кармілі тры разы на дзень. У асноўным кашы і рыба.
Пры тым, шмат дзіўных рэчаў. Аргумент, што нас прывучаюць, як жыць у выпадку вайны, абсалютна ілжывы. Банальны прыклад. У палявы набор уваходзіць алюмініевы кацялок, куды накладваюць кашу.
Зубы і дзясны вельмі моцна баляць, таму што гэты алюміній трапляе ў ежу. Некаторым хлопцам бацькі прывезлі пластыкавыя кантэйнеры, але імі карыстацца не дазваляюць. Таму што трэба есці з кацялкоў. Трызненне! Не думаю, што ў выпадку вайны будзе дэфіцыт з нейкім пластыкавым посудам. Хтосьці зверху сказаў як трэба, і ўсё.
«Некаторыя спрабавалі бегчы з войска і я іх разумею, таму што ёсць адчуванне, што ты знаходзішся ў турме»
Па словах Мацвея, з кавідам у частцы таксама было складана. У падраздзяленні знаходзілася 50 салдат, якія былі пастаянна ў цесным кантакце.
— Ложкі знаходзяцца ўсе побач. Маскі пры такім узаемадзеянні эфекту ніякага не даюць. Нас нават адзін раз ледзь не пасадзілі на каранцін. Хтосьці адзін захварэў на кавід і далей пайшло па ланцужку. Захварэлыя ніяк не ізаляваліся. Хадзілі з намі ў адны і тыя ж памяшканні, — кажа Мацвей.
Агулам жа, малады чалавек лічыць, што досвед яго службы ў арміі атрымаўся негатыўным.
— Мы былі рознарабочыя. Ставілі плот, каб яны не траціліся на працоўных, капалі. Я там афіцыйна быў стралком-зенітчыкам, але мяне не вучылі, як збіваць самалёты і як працаваць у гэтай сферы. Мяне вучылі, як падмятаць пясок.
У войску часта некаторыя салдаты не вытрымліваюць і здзяйсняюць суіцыд. І каб нібыта ў нас такіх думак не было, даюць вось такую працу. Некаторыя спрабавалі бегчы з войска і я іх разумею, таму што ёсць адчуванне, што ты знаходзішся ў турме. Шмат чаго падобнага і самае галоўнае — гэта адсутнасць выбару, — мяркуе малады чалавек.
«Камеры былі ва ўсіх памяшканнях, акрамя туалета і каморы»
Івану 21 год. Хлопец вучыўся на журфаку БДУ, але не здаў сесію і атрымаў павестку ў ваенкамат. Служыў ён з лістапада 2019 года да мая 2021.
— Сябры раілі касіць праз «юрыдычныя кампаніі», але я думаў, што гэта лахатрон, — кажа Іван. — Ведаў, што хваробу ў мяне наўрад ці знойдуць, а аддаваць грошы ў нікуды — сумніўнае мерапрыемства.
У выніку так і выйшла. «Хоць заўтра ў космас», — сказала Івану тэрапеўт. Хлопца адправілі на пасаду механіка-кіроўцы самаходнай артылерыйскай устаноўкі. Служыў ён у Печах, што ў Барысаве.
— Я спрабаваў высветліць пра барысаўскія часткі як мага больш. Тады даведаўся, што там калісьці павесіўся салдат. Пасля гэтага навесілі камер і ўвялі рэжым. На душы стала спакайней, але боязь непазбежнага ўсё так жа прыгнятала, — успамінае ён.
У першы дзень навабранцаў азнаёмілі з Крымінальным і Адміністрацыйным кодэксамі. Потым склалі спіс новага падраздзялення і па алфавіце размеркавалі па ложках.
— Тады ў мяне з’явілася свабодная хвіліна — можна паглядзець па баках. Казарма новая, рамонт добры. Светла, цёпла — жыць можна. З асабістай мэблі — ложак, крэсла і тумбачка, а салдату большага і не трэба, каб не зламаў ці не страціў. Камеры сапраўды былі ва ўсіх памяшканнях, акрамя туалета і каморы, — успамінае малады чалавек.
«Штовечар глядзелі «Панараму». Гімн спявалі кожны панядзелак»
Першы месяц Іван праходзіў курс маладога байца: бясконцая страявая падрыхтоўка, падрыхтоўка да прысягі і разношванне берцаў.
— Асноўнае, гэта калі ідэолаг уводзіць у курс справы, — спачатку знаёміць з дзяржаўнымі сімваламі. Як быццам іх хтосьці не ведае, — кажа Іван. — Яшчэ расказвае пра абавязкі салдата. Потым пачаліся спецыялізаваныя ваенныя тэмы: напрыклад, мэты ўзброеных сіл і гэтак далей.
Не абмінула Івана і ідэалогія. Хлопец прызнаецца, што да арміі ён не ўключаў тэлевізар тры гады, а ў войску з беларускім тэлебачаннем прыйшлося пазнаёміцца.
— Штовечар глядзелі «Панараму». Гімн спявалі кожны панядзелак, — успамінае ён пра свой першы час у войску.
Пасля вучэбкі ў Печах, хлопца адправілі ў Асіповічы. Там ён правёў асноўную частку службы. І там жа ён сустрэў жнівень 2020-га.
— Усе ў абавязковым парадку галасавалі, таму што салдат павінен быць грамадзянінам з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, — расказвае малады чалавек. — Перад галасаваннем нас збіралі на выступ даверанай асобы дзеючага прэзідэнта, які прапаноўваў галасаваць за Лукашэнку.
Абяцалі, што іншыя кандыдаты ў прэзідэнты таксама выступяць у нас, але гэтага так і не адбылося.
Хадзілі чуткі, што Ціханоўская добры кандыдат, многія прапаноўвалі галасаваць за яе, але мяне гэта асабліва не хвалявала.
Я быў настроены галасаваць «супраць усіх», бо не веру, што адзін чалавек у сілах змяніць сістэму або здзейсніць прарыў у эканоміцы.
Іван кажа, што ніхто над ім падчас галасавання не стаяў і не правяраў, за каго хто ставіць галачкі.
— У дзень выбараў абвясцілі, што прэзідэнтам у чарговы раз стаў Лукашэнка. У вячэрніх навінах мы ўбачылі натоўп пратэстуючых на вуліцах Мінска.
Стала ясна, што запахла смажаным. На наступны дзень перад намі выступіў начальнік міліцыі горада Асіповічы, — успамінае хлопец. — Сказаў, што калі яны не будуць спраўляцца, то нас могуць задзейнічаць для абароны адміністрацыйных аб’ектаў горада ад пратэстуючых.
У самой частцы сфармавалі некалькі груп рэагавання. Я трапіў у адну з такіх. Мы выпалі з паўсядзённага распарадку. Трэніраваліся бегаць у бронекамізэльках і са зброяй.
Таксама мы хадзілі са зброяй у зменныя патрулі і на ахову часткі, каб прадухіліць пранікненне старонніх на тэрыторыю часткі. Ахоўвалі днём і ноччу. Праз некалькі тыдняў усе адмянілі і мы зажылі па-старому.
«Час ад часу паводзілі сябе агрэсіўна, бо з-за адсутнасці асабістай свабоды зносіць дах»
Праз каранавірус Іван не быў дома больш за год. З сакавіка 2020 года іх частка ў Асіповічах была на каранціне і ў звальненні нікога не пускалі.
— У першых чыслах сакавіка нам абвясцілі аб каранціне, аб закрыцці звальненняў, паказалі дакументальны фільм пра каранавірус, каб мы мелі ўяўленне, што гэта такое. У сталовай апрацоўвалі рукі, рассаджваліся праз аднаго, таму прыёмы ежы праходзілі на гадзіну даўжэй, чым звычайна.
Але праз тыдзень мабыць адрапартавалі міністру абароны, што неабходныя меры прынялі, і ўсё вярнулася ў сваё рэчышча. Толькі вось наведванні і звальненні былі зачыненыя, што было абсурдам. Нам нельга было нават у нядзелю ўбачыцца з роднымі, — гаворыць ён.
Што тычыцца ўмоваў службы, то Іван іх успрымаў нармальна. Кажа, першыя месяцы было цяжка, але потым прызвычайваўся.
— Пакуль прызвычаішся да адсутнасці асабістай свабоды, пастаянна на нагах, вельмі шмат часу на вуліцы, — адзначае ён. — У зімовы час асабліва сумна. Розны калектыў. І незалежна ад выхавання і адукацыі час ад часу паводзілі сябе агрэсіўна, бо з-за адсутнасці асабістай свабоды зносіць дах.
Былі слабахарактарныя хлопцы, хто не ўмеў пастаяць за сябе нават на словах. Штодзённыя пагрозы, папрокі, жарты. Мне было шкада іх, але абараняць не спрабаваў — сабе даражэй.
18 мая 2021 года я вызваліўся. Вядома, з аднаго боку шкада паўтара года жыцця. Два дні нараджэння, якія былі праведзены ў незразумелых працах пад халодным небам ранняга красавіка. Але хто ведае, ці выкарыстаў бы я час карысна.
Ды і тут развіваецца імунітэт да спробаў маральнага ціску з боку. Якая б армія ні была супярэчлівай — для мяне яна пройдзены этап жыцця.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное