Филин

Юлія Кот

Тышкевіч: «Перакідванне байцоў ПВК «Вагнер» ад Лукашэнкі не залежыць»

Аналітык — пра змяншэнне расейскай вайсковай прысутнасці і «вагнераўскі вектар» у заявах улады.

У Беларусі ліквідуюцца лагеры, дзе праходзілі вайсковую падрыхтоўку расейскія мабілізаваныя. Як піша «Радыё Св*бода», спадарожнікавыя здымкі сэрвісу Planet Labs зафіксавалі згортванне трэніровачных намётавых лагераў прынамсі на трох беларускіх палігонах: абуз-лясноўскім, лепельскім, а таксама «Рэпішча» пад Асіповічамі.

Ці перамесцяць мабілізаваных у іншыя месцы, ці яны саступяць месца «вагнераўцам», ці наогул расейская прысутнасць у краіне паціху змяншаецца, пакуль не зразумела. А можа, наогул усе гэтыя лагеры былі толькі часткай інфармацыйнага шуму, каб захоўваць напружанне і прыцягваць увагу Украіны на беларускім кірунку?

— Станам на сёння масавага прывозу новых мабілізаваных не прадбачыцца, і, адпаведна, трымаць такія лагеры далей — гэта, мякка кажучы, губляе сэнс, — каментуе Филину сітуацыю аналітык Украінскага інстытуту будучыні Ігар Тышкевіч. — Таму — так, сумарная вайсковая прысутнасць расейцаў у Беларусі крыху зменшыцца.

А з пункту гледжання ПВК Вагнера — пэўная колькасць іх паціху, напэўна, будзе заязджаць. Але я па-ранейшаму прытрымліваюся пераканання, што тысячы іх не будзе.

У найгоршым для Беларусі сцэнары, мяркую, гэта будзе нешта кшталту перавалачнай базы, дзе некалькі соцень наймітаў могуць быць пастаянна.

Дарэчы, пра «Вагнер». Усяго тыдзень таму беларускі правіцель надзімаў шчокі, расказваў, што беларуская армія гатовая пераняць у наймітаў баявы вопыт. А на ўчорашняй сустрэчы з журналістамі выявілася, што, хоць афіцыйны Мінск і не супраць «імгненна задзейнічаць вагнераўцаў, калі трэба», але тых яшчэ і блізка ў Беларусі няма, пытанне аб перадыслакацыі не вырашан, а былы ваенны гарадок пад Асіповічамі ім у якасці базы нецікавы.

У цэлым, Аляксандр Лукашэнка быў вымушаны прызнаць, што ўсе рашэнні датычна «Вагнер» залежаць не ад яго, міратворца і майстра перамоў, а ад Расеі.

— Перакідванне байцоў гэтай ПВК — тэрміны, колькасць і гэтак далей — сапраўды ад яго не залежыць, — зазначае аналітык. — Гэта залежыць ад працэсаў у Афрыцы і ад таго, якім чынам будзе разгортвацца наступны этап канфлікту «Прыгожын-Шайгу», зараз і з удзелам Пуціна, а таксама ад таго, якую частку ўкраінскага складу сваёй ПВК Прыгожын вырашыць вывесці за мяжу.

Таму ад Лукашэнкі ў дадзеным выпадку мала што залежыць. Да таго ж па традыцыі, калі прымаецца рашэнне, якое досыць скептычна ўспрымаецца нават у ягоным атачэнні, то досыць хутка Лукашэнка пачынае распавядаць нешта кшталту «я не я, і кароўка не мая».

Ігар Тышкевіч звяртае ўвагу, што на моманце, калі правіцель бачыў, што можа максімізаваць сваю ўласную карысць ад удзелу ў дамоўленасцях паміж Прыгожыным і Пуціным, ён спрабаваў падаваць сваю ролю як ключавую:

— Але ў расійскіх СМІ зараз змяняюцца акцэнты. І з аднаго боку, з Прыгожына лепяць ледзьве не здрадніка, а з другога, ёсць нейкія магчымасці па вяртанні грошай, часткі зброі, пэўныя алгарытмы па нармалізацыі сітуацыі.

У такім выпадку, калі ты педалюеш тэму, што Прыгожын «добры хлопец», а Лукашэнка дапамог не дапусціць канфлікту паміж двума добрымі людзямі, то рызыкуеш нарвацца на нервовую рэакцыю Крамля.

Бо калі ў публічнай сферы будзе раскручвацца меседж, што Прыгожын не зусім добры чалавек, альбо наогул здраднік — далей здагадайцеся самі, якое стаўленне мае быць да таго, хто падтрымлівае здрадніка.

Плюс Крамлю вельмі не падабаецца быць у сітуацыі, калі яны камусьці нешта вінны, а Лукашэнка якраз пачаў гэтую тэму развіваць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(53)