«Трэба дбаць пра бяспеку: не размаўляць па звычайнай сувязі, не адпраўляць смс-кі»

Прадстаўнік Belpol адказвае, навошта сілавікі здымаюць відэа з затрыманымі і як не апынуцца сярод іх

Мацвей Купрэчык. Фота: скрыншот з эфіру Еўрарадыё

Мацвей Купрэйчык расказаў, для чаго сілавікі здымаюць відэа з затрыманымі беларусамі і якія базавыя меры бяспекi трэба выконваць, каб не апынуцца сярод іх.

— Яны робяць так, каб усе баяліся, толькі дзеля запалохвання. Каб усе гэта глядзелі і думалі: яны ўсё кантралююць, яны паўсюль, усё бачаць і ведаюць пра мяне. У Belpol выйшла новае расследаванне? Не, я глядзець не буду, — кажа Купрэйчык у эфіры Еўрарадыё. — Насамрэч, калі чалавек выконвае базавыя рэчы: карыстаецца VPN і не размаўляе па сотавай сувязі на вельмі цікавыя тэмы, а размаўляе праз месэнджары — яны нічога не будуць ведаць.

То бок трэба дбаць пра базавыя меры бяспекі. Не трэба размаўляць па звычайнай сувязі, адпраўляць звычайныя смс-кі: калі тэлефануюць купіць малако і хлеб — гэта нармалёва, а калі па звычайнай сувязі тэлефанаваць і казаць: «Сёння ідзём бчб-сцяг маляваць» — гэта ўжо не.

Купрэчык заўважае, што ў сілавікоў няма тэхнічнай магчымасці праслухоўваць усіх грамадзян Беларусі, але ёсць спіс людзей, якіх праслухоўваюць прама зараз.

Прадстаўнік Belpol таксама звяртае ўвагу, што ў базе сілавікоў могуць быць людзі, якія думаюць, што засталіся незаўважанымі.

— На днях да нас звярнуліся з адной ініцыятывы, каб мы праверылі іх актывістаў. Сітуацыя такая: у мужа з жонкай нешта здарылася на радзіме, і яны хочуць паехаць у Беларусь. Кажуць, што нідзе не «свяціліся», на маршы хадзілі без тэлефонаў, у масках, кепках і г.д.

Я адкрываю базу «Беспарадкі», а там і муж, і жонка. У мужа — «казаў нецэнзурнай лаянкай пры міліцыянеры, выкрыкваў розныя лозунгі». У жонкі — «узяла ўдзел у няўзгодненым мітынгу». Яны пытаюць, маўляў, як так, мы ж ехаць хацелі.

І такіх выпадкаў вельмі шмат, асабліва зараз, з пашпартамі: людзі шукаюць выйсце, каб зрабіць дакументы, але ж ёсць і наіўныя, якія паглядзелі, што забараняюць выдачу пашпартоў і едуць у Беларусь. Але ж для гэтага ўсё і робіцца — каб людзі вярталіся, а там у іх на мяжы тэлефон паглядзяць, зададуць пытанне, а адтуль — содні. Вось і выконанне плана для сілавікоў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(47)