The Washington Post: Байдэну варта перакрыць фінансавую дапамогу рэжыму Лукашэнкаі ад МВФ

23 жніўня МВФ размяркуе фінансавыя сродкі на барацьбу з кавідам. Гэтыя грошы могуць атрымаць і ўлады Беларусі.

Наша Нiва публiкуе пераклад матэрыяла The Washington Post.

ЗША, Вялікабрытанія, Канада і краіны ЕС увялі санкцыі супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі пасля фальсіфікацый на выбарах 2020 года і гвалтоўнага падаўлення пратэстаў. Санкцыі накіраваныя не толькі на чыноўнікаў, але і на бізнэсоўцаў, якія падтрымліваюць Лукашэнку. Аднак санкцыі не будуць мець ніякага сэнсу, калі ўлады Беларусі атрымаюць каля аднаго мільярда даляраў рэзервовых актываў ад Міжнароднага валютнага фонду, мяркуе рэдакцыя ўплывовага выдання.

ЗША і іх саюзнікі ўжо ўвялі санкцыі, якія абмяжоўваюць крыніцы захавання ўлады для Лукашэнкі. Байдэн і Борыс Джонсан нядаўна асабіста сустракаліся з Ціханоўскай і выказалі сваю падтрымку дэмакратычнаму руху Беларусі. Але гэтага мала, як лічыць рэдакцыя The Washington Post.

23 жніўня МВФ, які складаецца са 190 членаў, размяркуе 650 мільярдаў даляраў у выглядзе Спецыяльных правоў запазычання (СПЗ). Гэтыя рэзервовыя актывы мусяць забяспечыць эканамічную падтрымку краінам, якія моцна пацярпелі ад кавіду і маюць вялікую знешнюю пазыку. Гэта найвялікшыя СПЗ за ўсю гісторыю фонду, якія размяркоўваюцца ў адпаведнасці з памерам эканомікі краін.

Некаторыя аўтарытарныя ўрады, такія як Расія, Кітай і Іран, атрымаюць грошы, бо іх улада прызнаецца іншымі дзяржавамі. Аднак Венесуэла, напрыклад, фінансавую падтрымку не атрымае, бо большасць краін прызнае законным прэзідэнтам не Мадура, а лідара апазіцыі Гуайдо. Не атрымае грошы і М’янма, дзе ўладу з лютага гэтага года захапіла ваенная хунта. Але Беларусь усё ж можа разлічваць на сродкі ад МВФ, бо ёсць шэраг краін, якія ўсё яшчэ прызнаюць уладу Лукашэнкі.

The Washington Post піша, што «гэтыя грошы стануць моцным стымулам для рэжыму Беларусі, у якой усяго 7,4 мільярда даляраў міжнародных рэзервовых актываў, дзе 3 мільярды — у замежнай валюце».

ЗША з’яўляюцца найбуйнейшымі акцыянерамі МВФ, і іх голас мае значную вагу ў размеркаванні сродкаў. Аднак, каб цалкам перакрыць фінансавую дапамогу рэжыму Лукашэнкі, Байдэну трэба мабілізавацца з еўрапейскімі і іншымі саюзнікамі, каб спыніць фінансаванне дыктатуры. Дапамога Беларусі ад МВФ значна аслабіць уздзеянне санкцый, падкрэсліваецца ў матэрыяле аўтарытэтнага амерыканскага выдання.

Аўтары настойваюць: «Усе, хто хоча, каб у Беларусі перамагла дэмакратыя, мусяць працягваць ціск і спыніць неапраўданае вылучэнне сродкаў рэжыму».

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 5 (оценок:33)