Общество

Сяржук Сыс – пра ўцёкі зь Беларусі, усмешку Бяляцкага за кратамі і літоўскую тугу

Кніга вершаў «DOM» выйшла ў лёнданскім выдавецтве «Скарына» ў пачатку студзеня. Сабраныя ў ёй вершы Сыс пісаў з 2021 году, калі мусіў уцячы зь Беларусі і праз Расею, Украіну, Польшчу і Нямеччыну дабіраўся да Літвы, дзе цяпер і жыве, піша Радыё Свабода.

«DOM» — гэтак завецца зборнік вершаў, які выйшаў у пачатку студзеня ў лёнданскім выдавецтве «Скарына» і праз два тыдні будзе прэзэнтаваны ў Вільні. Аўтар кнігі Сяржук Сыс вядомы як паэт, для якога гэта ўжо чацьвёрты зборнік паэзіі. Але ён таксама і праваабаронца з цэнтру «Вясна», былы палітзьняволены. Сам Сяржук Сыс гаворыць пра новую кнігу, што фактычна гэта вершаваны дзёньнік самага балючага пэрыяду ягонага жыцьця.

«Пад кожным вершам падпісаў месца і дату, калі ён быў напісаны. Мне важна было ня толькі для сябе зафіксаваць гэты шлях, але і паказаць яго іншым беларусам, якія зьведалі падобнае. Каб пачыталі, параўналі пачуцьці», — кажа паэт.

Бяз пашпарта, права на працу, пад расейскімі ракетамі ва Ўкраіне і на польскіх вакзалах сярод тысяч уцекачоў — у такіх умовах назапашваліся пачуцьці і назіраньні, якія выліліся ў вершы. Выбар назвы зборніка і яе напісаньне лацінкай Сяржук патлумачыў гэтак: «У нас цяпер дом — гэта тое, што вакол. Бо нашага дому няма, ён застаўся ў Беларусі, і калі будзе, невядома».

Усьмешка Бяляцкага, за якую на яго накінуліся міліцыянты

Шлях у выгнаньне Сяржук адлічвае ад ліпеня 2021 году, калі яго разам з іншымі праваабаронцамі «Вясны» затрымалі і зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна. Вясновец кажа, што раней іх ужо выклікалі на допыты ў Сьледчы камітэт, таму да арышту ён быў маральна падрыхтаваны, але да апошняга спадзяваўся, што не зачэпіць. У вязьніцы Сяржук Сыс апошні раз пабачыў Алеся Бяляцкага, калі таго па калідоры вялі канваіры.

«Ён мяне ўбачыў, усьміхнуўся, а на яго за гэта накінуліся канваіры. Ягоная прывітальная ўсьмешка стала мне падтрымкай падчас дарогі сюды», — прызнаецца Сяржук Сыс. Паэт лічыць, што тады, амаль тры гады таму, яму выключна пашанцавала — яго выпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе, хаця пашпарта і не аддалі.

«Яшчэ пяць дзён павагаўся — і ўсё ж вырашыў ехаць за мяжу. Але бяз пашпарта, таму варыянт быў адзіны — у Расею, а ўжо адтуль спрабаваць перабрацца ва Ўкраіну», — тлумачыць выбар маршруту ўцёкаў Сыс.

Дзе і якім чынам пераходзіў мяжу, Сяржук не ўдакладняе. Як і не называе расейскія гарады, у якіх жыў напярэдадні пераходу ва Ўкраіну. Суразмоўца ня можа не ўспамінаць эмоцый, якія перажыў у той час.

«У Расеі толькі па вечарах выходзіў з дому. Надзену чорныя акуляры, кепачку нацягну — і ў краму па харч ды цыгарэты. У Расеі ўжо тады ў любога мінака маглі спытаць пашпарт, а ў мяне ніякага дакумэнту. Паступова перабіраўся бліжэй да мяжы з Украінай. І вось нарэшце кажуць: зьбірай заплечнік, заўтра пойдзем. Уражаньні, як прыйшлі ва Ўкраіну, неймаверныя: душа ляціць — свабода! Так, гэта не радзіма, але можна дыхаць, нічога не баяцца!» — расказвае Сыс.

«Шэры цень з крыламі»

Паводле Сержука, перажытыя тады эмоцыі відаць у вершах, якія прыпадаюць на ўкраінскі пэрыяд кнігі «DOM». Але толькі ў пачатку. Сем месяцаў Сяржук пражыў у Чарнігаве, дзе падаўся на палітычны прытулак і яго дачакаўся, аднак не пасьпеў атрымаць дакумэнт на рукі. Візыт у міграцыйную службу яму быў прызначаны на сакавік.

«А ў лютым паехаў у санаторый, у гарадок Моўшан, гэта пад Львовам. 23 лютага нібыта ні з чога напісаў верш, што ляцяць бомбы, „пад нагамі салдат фатаздымкі каханых“. А ў 6 раніцы 24-га падымаюся ды іду па звычцы на балькон пакурыць. У Карпатах у лютым ранкі ўжо цёплыя. Стаю — і тут бачу, нешта ляціць. Шэры цень з крыламі. Нізка-нізка. Разумею, што гэта не самалёт і не верталёт, але тады што? А тут другі цень ляціць! А пакуль дакурыў цыгарэту, недзе далёка як гахнула! Цяпер я ведаю, што гэта былі расейскія ракеты „Калібр“, а тады?.. Заходжу ў інтэрнэт, а ўжо пішуць: вайна пачалася».

Як успамінае Сяржук, на сьняданку большасьць украінцаў, якія лячыліся ў санаторыі, яшчэ ня ведалі пра напад Расеі на іх краіну. А ўжо праз пару гадзін санаторый, дзе лячыліся сотні людзей, фактычна апусьцеў. Нікога не спыняла і тое, што едуць пад бомбы.

«Пытаюся, куды вы едзеце? Там жа бомбы, ракеты. Не, кажуць, там наш дом... А мне што было рабіць?» — кажа Сыс.

Праз тры дні Сяржук вырашыў выбірацца з Украіны ў Польшчу. Беларусы, зь якімі выйшаў на сувязь, параілі выяжджаць праз суседнюю Івана-Франкоўскую вобласьць. Але ўзьнікла новая праблема: на дарогах паўсталі КПП, да таго ж нават у невялікіх вёсках мясцовыя жыхары выходзілі правяраць машыны, якія праяжджаюць. «Бяруць у рукі нават не аўтаматы, а нейкія бярданкі, і дзяжураць», — апісвае Сяржук імпэт украінскіх сялян.

Праверкі на дарогах ён прайшоў удала, а вось на вакзале ў Івана-Франкоўску пільныя паліцыянты яго ўсё ж спынілі. Калі пачулі, што ў яго няма пашпарта, загадалі паказаць рэчы ў заплечніку. А калі пабачылі там пару ноўтбукаў, тэлефоны, дыктафоны, дык увогуле загаварылі пра шпіёнства.

«Упершыню з радасьцю ўспамінаў і паведамляў свае паролі», — сьмяецца Сяржук, але кажа, што тады было не да сьмеху. Бо паліцыянты, убачыўшы тэчку з назвай «Васіль Стус», яшчэ болей засумняваліся, ці той ён, за каго сябе выдае.

«Кажу, гэта мае пераклады вершаў вашага дысыдэнта Васіля Стуса на беларускую мову. А яны людзі простыя, пра такога паэта чуюць упершыню. Добра, што падышоў маёр, які хутка ва ўсім разабраўся. Сказаў хлопцам мяне адпусьціць, а мне параіў памяняць паўвайсковую куртку на нейкую цывільную, маўляў, могуць быць праблемы на мяжы. І сапраўды, дапамагло», — кажа Сяржук.

Салідарнасьць палякаў

Сяржук Сыс расказаў, што тры дні правеў у чарзе на ўкраінска-польскай мяжы зусім бязь ежы. Але больш за голад засмуціла зьвестка, якую прачытаў у інтэрнэце: што на польскім баку пераходу затрымалі траіх беларусаў, у тым ліку дзяўчыну бяз пашпарта. Але ж яму і тут пашанцавала — трапіў на праверку да сівога паляка, які таксама разабраўся ў ягоным становішчы.

«„Куды, — кажа, —я табе буду ставіць візу, калі няма пашпарта? На лоб?“ І параіў, як сяду ў аўтобус і прыеду ў вялікі горад, адразу там здавацца паліцыі. А пасьля гэтага прапусьціў у Польшчу. Зноў было пачуцьцё, як калі трапіў ва Ўкраіну з Расеі: свабода і бясьпека!» — успамінае Сяржук Сыс.

З польскіх успамінаў у Сержука засталіся таксама ўражаньні ад салідарнасьці і актыўнасьці палякаў-валянтэраў, якія сустракалі тых, хто ўцякаў ад вайны ва Ўкраіне.

«Ужо за мяжой, у Пярэмышлі выходжу з аўтобусу на плошчы, а там стаіць недзе 100 ці мо 200 аўтамабіляў, усе з таблічкамі-паказальнікамі. Пытаюцца, у які горад мяне даставіць. А я ж ня ведаю. Можа, Уроцлаў? Давай ва Ўроцлаў, сядай», — прыгадвае першы дзень у Польшчы беларускі праваабаронца.

Праўда, па дарозе сваё рашэньне ён зьмяніў і папрасіў адвезьці ў Кракаў, пра што потым не пашкадаваў. Хоць на вакзале Кракава ў тыя дні атабарыліся тысячы ўцекачоў, увагай валянтэры не абміналі нікога, кажа суразмоўца.

«Мне адразу падключаюць мясцовую SIM-картку, ужо тэлефануюць у нейкія чаты. Толькі 28 лютага, а ў іх ужо ўсё было, усё працавала. Валянтэры мяне забіраюць, прывозяць да сябе дамоў, дзе магу памыцца, пераапрануцца, паесьці. Салідарнасьць у палякаў была вельмі моцная! Ніколі такога ня бачыў. Дарэчы, на кракаўскім вакзале сустрэў нашу Алену Лапцёнак зь „Вясны“. Яна там мужна валянтэрыла, як усе. Адпрацуе 10 гадзінаў — і едзе адсыпацца. Потым зноў», — захапляецца калегай Сяржук.

З Польшчы ён перабраўся ў Нямеччыну, якой таксама ўдзячны за дапамогу, але зазначае, што нямецкая сыстэма занадта бюракратычная. Таму, калі даведаўся, што «Вясна» паўнавартасна аднавіла працу ў Вільні, пераехаў у Літву.

Як пакінуў «Камуніста» і стаў вясноўцам

Праваабаронца Сяржук Сыс мае два дыплёмы аб вышэйшай адукацыі; першы, філёляга, атрымаў у Гомельскім дзяржаўным унівэрсытэце. Гэты дыплём плюс прага да паэзіі дапамаглі пасьля выкладчыцкай працы стаць журналістам. Сяржук асабліва вылучае кароткі досьвед працы ў жлобінскай раёнцы, якая ў канцы 80-х гадоў яшчэ мела вельмі красамоўную па тых часах назву.

«Газэта звалася „Камуніст“, але пры гэтым выходзіла цалкам на беларускай мове і калектыў размаўляў па-беларуску. Цяпер чамусьці завецца „Новый день“ — і цалкам усё па-расейску. Я быў працавіты, энэргічны, мог на палову нумару напісаць за дзень. Не ленаваўся і ноччу паехаць зь міліцыянтамі ў які рэйд, каб потым зрабіць цэлы разварот», — успамінае Сяржук тыя часы.

І заўважае, што ўжо ішла «перабудова» ды галоснасьць, журналісты цэнтральных выданьняў друкавалі ўсё больш крытычныя і праўдзівыя артыкулы. Але аказалася, у раённым «Камунісьце» парадкі не зьмяніліся.

«Аднаго разу напісаў пра такі рэйд, як заве рэдактар і кажа: выкінь вось гэта, бо гэта чыноўнік, пра яго нельга. Так, ён быў п’яны, бушаваў, яго забралі, але не пішы пра гэта. А мне крыўдна да сьлёз: як я не магу пісаць пра тое, што на свае вочы бачыў? Там і міліцыя была. „Сяргей, гэта не твая справа, не рабі гэтага. Ты хочаш застацца ў журналістыцы?“», — Сяржук зноў сьмяецца.

Паводле Сыса, у выніку ягоную прагу да справядлівасьці рэдакцыйныя начальнікі не перамаглі, а праца стала добрым досьведам на будучыню, калі праз год ён перайшоў у абласную газэту. «Ня ведаю, ува што я б ператварыўся, калі б застаўся ў той раёнцы», — прызнаецца праваабаронца.

У 2007 годзе Сяржук Сыс прыйшоў працаваць у «Вясну», якой кіраваў ягоны сябар з часу вучобы ў Гомельскім дзяржаўным унівэрсытэце, цяперашні нобэлеўскі ляўрэат і палітвязень Алесь Бяляцкі. Сяржук прызнаецца, што выбар месца працы быў абумоўлены сяброўствам. Празь некалькі месяцаў Алесь Бяляцкі арганізаваў у «Вясьне» курсы для валянтэраў-пачаткоўцаў, і тады Сяржук канчаткова зразумеў: абарона правоў чалавека — гэта ягонае.

Бяляцкі: «Трэцяга разу ня будзе»

Пазнаёміліся Сыс і Бяляцкі, калі разам апынуліся на месячных курсах падрыхтоўкі для абітурыентаў філфаку ГДУ. Сяброўства замацавалася падчас вучобы, у таварыстве «Тутэйшыя» і падчас сумесных вандровак па Беларусі ды па далейшых мясьцінах, зьвязаных зь беларускай культурай.

«У 1979 годзе разам паехалі ў Ялту шукаць магілу Максіма Багдановіча. Мы яе знайшлі, былі там тыдзень. Доўгая дарога, было ўжо шмат размоў, тады ўжо Алесь пачынаў гаварыць на беларускай мове, а я зь дзяцінства гаварыў і школу заканчваў беларускую. Усё гэта нас моцна паяднала, Алесь стаў маім сябрам на ўсё жыцьцё. Ён быў сьведкам на маім першым вясельлі, ён хросны бацька маёй дачкі. А пасьля другога шлюбу сказаў, што ўжо двойчы быў сьведкам, але трэцяга разу ня будзе», — сьмяецца Сяржук Сыс.

Шчырасьць сябра Сержуку вельмі падабаецца. Праваабаронца памятае, што Алесь Бяляцкі папярэдзіў пра магчымыя наступствы працы ў «Вясьне» адразу.

«Тут процьма праблем, кажа. У „Вясну“ можна прыйсьці, але адсюль ужо ня выйдзеш. Папярэджваў і пра ціск, пра арышты. Ён і для сябе такую долю прадбачыў і ад яе ніколі не ўхіляўся. Увесну 2021-га яшчэ мог бы выехаць за мяжу, але застаўся. Такі быў ягоны выбар», — успамінае пра Алеся Бяляцкага Сяржук Сыс.

Вокладка ад Алеся Пушкіна

Яшчэ адзін чалавек, які часта фігуруе ва ўспамінах Сыса — мастак Алесь Пушкін. Летась палітвязень памер у няволі. Паэт расказаў пра мастака дзьве гісторыі.

«Мая маці ў нашай вёсцы Заспа — стараста мясцовай царквы. Яна нават адпраўляе службы, калі няма сьвятара, які мусіць з гораду прыехаць. Да мяне ў Заспу прыяжджалі паэт Эдуард Акулін, паэт Анатоль Сыс жыў побач і часта наведваў, Алесь Бяляцкі, Франак Вячорка некалькі разоў былі. І вось прыехаў Алесь Пушкін ды просіць маці: „Марыя Міхайлаўна, а дазвольце мне званіць у званы. Умею, — кажа, — дык ці дазволіце ў нядзелю?“».

Сяржук кажа, што Алесь Пушкін тады прыехаў да іх упершыню, таму маці, жанчына асьцярожная да незнаёмцаў, пераклала адказнасьць на сьвятара. Але мастак не адмовіўся ад сваёй ідэі, дамогся размовы з тым, пераканаў і потым вельмі прыгожа званіў.

«Ці вось яшчэ гісторыя», — працягвае Сяржук Сыс і ўспамінае 2011 год, калі ён рыхтаваў да выданьня сваю першую кніжку вершаў «Стрэмка». Тады, паразважаўшы, ён зьвярнуўся да Алеся Пушкіна з прапановай намаляваць вокладку кнігі. Далейшае паэта зьдзівіла.

«Алесь адказаў, што проста так ня можа, яму трэба кнігу пачытаць. Добра, я скінуў яму вершы з кнігі. Праходзіць, можа, месяц, я працую на „Вясьне“, як раптам дамафон зьвініць, ідзе да нас куча людзей, а сярод іх Алесь зь вялікай карцінай у руках!» — расказвае Сяржук Сыс.

Паводле паэта, ён чакаў графічнага рысунку, прысланага праз інтэрнэт, а атрымаў вялікую карціну, напісаную алеем, з цудоўнай колеравай гамай і зьместам, які выдатна падыходзіў да вершаў.

«Тая карціна цяпер упрыгожвае адну з прыватных калекцый, купіць яе за грошы для мяне было нерэальна, затое малюнак Пушкіна застаўся на вокладцы першай кнігі, і гэта цудоўная вокладка!» — лічыць паэт.

Літоўская туга

Сяржук Сыс прызнаецца, што ад смутку і тугі па радзіме падчас жыцьця ў Вільні найперш ратуецца паэзій. Але прызнае, што і ў вершах — тыя ж настроі. Раздвоенасьць не зьнікае.

«Розумам усьведамляю, што зрабіў слушна, калі выехаў, але ў сэрцы дагэтуль сумненьні, навошта. Трэба было, як іншыя: застацца і сесьці. Гэта вельмі балюча.

Ратуюся літаратурай — калі накрывае, дык пішу і пішу. Марыш, прыдумляеш, мроіш — і патрошку боль заціхае. Але каб сказаць, што я сябе ў небясьпецы тут адчуваю, дык такога няма. Разумею, што не магу вярнуцца ні сёньня, ні заўтра, ні праз год. Па-мойму, гэта не пэсымізм, а проста адэкватная ацэнка сытуацыі», — кажа Сяржук Сыс.

Паводле аўтара зборніка «DOM», ён ужо падрыхтаваў да выхаду ў друк новую кнігу, якая будзе называцца «Прыручэньне Літвой» і аб’яднае вершы, напісаныя па ўражаньнях ад жыцьця ў Вільні. Ад наведваньня Коўна, Уцяны ды іншых мясьцінаў Літвы. Спрабуе Сяржук сябе і як празаік.

«Працую над аповесьцю „Пералёт-трава“. Гэта пра людзей, зь якімі сутыкнула жыцьцё пасьля ўцёкаў. Балючы твор, але і яго абавязкова трэба дарабіць».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(9)