Сяргей Навумчык сыходзіць з журналістыкі на пенсію «ў шырокім прафэсійным сэнсе»

У штаце «Радыё Свабода» ён прапрацаваў 25 гадоў.

Вядомы журналіст, аналітык і некалі дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га склікання Сяргей Навумчык абвясціў пра свой сыход на пенсію.

— Я сыходжу з «Радыё Свабода» — якраз цяпер спаўняецца 25 гадоў працы ў штаце РС, і гэта, я лічу, добрая нагода, каб скарыстацца з аднаго боку дасягненнем мінімальнага пенсійнага ўзросту, усталяванага для грамадзянаў ЗША (62 гады), а з другога — неабходнага па тым жа амерыканскім заканадаўстве працоўнага стажу, які я нават перавысіў ледзь не ў тры разы. Гаворка менавіта пра заробленую, а не сацыяльную пенсію (ніякіх сацыяльных выплат ад ЗША я ніколі не меў ні цэнту), — растлумачыў прычыны свайго сыходу ў сваім Telegram-канале Сяргей Навумчык.

Сяргей Навумчык

Журналіст падзякаваў сваім калегам і рэдакцыі за сумесную працу. Ён узгадаў свае зборнікі публіцыстыкі Васіля Быкава, успаміны Івонкі Сурвіллы, Святланы Алексіевіч, кнігі рэпартажаў пра Алеся Бяляцкага і Станіслава Шушкевіча, а таксама ўласныя кнігі пра першую палову 90-х – «гады нацыянальнага Адраджэння, абарванага антыбеларускімі сіламі».

— Я ніколі не напісаў бы гэты мемуарны цыкл, калі б не працаваў на РС. Шчыра дзякую калегам за тое, што ў часы працы над кнігамі яны бралі на сябе частку будзённай чарнавой журналісцкай працы, — адзначыў Сяргей Навумчык.

Між тым журналіст запэўніў, што не развітваецца са сваімі чытачамі.

— Такім чынам, журналісцкая праца мая скончана (не ўжываю слова «кар'ера») – і на радыё, і ў шырокім прафесійным сэнсе. Нешта буду пісаць, куды я падзенуся, але ўжо, як кажуць, пад натхненне, — паабяцаў ён.

Сяргей Навумчык вядомы не толькі як журналіст. З сакавіка 1990 па студзень 1996 ён быў дэпутатам Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га склікання, каардынатарам парламенцкай апазіцыі БНФ. Удзельнічаў у распрацоўцы і прыняцці Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі. 

11-12 красавіка 1995 года Сяргей Навумчык прыняў удзел у галадоўцы дэпутатаў Апазіцыі БНФ супраць ініцыяванага Лукашэнкам рэферэндуму аб ліквідацыі статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай, ліквідацыі статусу дзяржаўных сімвалаў — герба «Пагоня» і бел-чырвона-белага сцяга, эканамічнай інтэграцыі з Расіяй і праве прэзідэнта распускаць парламент.

У жніўні 1996 года ён з’ехаў з Беларусі і атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Сяргей Навумчык з’яўляецца адным з заснавальнікаў Беларускай асацыяцыі журналістаў і Беларускага Хельсінскага камітэту. Ён намеснік Старшыні Рады БНР.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(42)