Общество
Руслан Гарбачоў, фота аўтара

«Студэнцкая думка» адзначыла юбілей і паабяцала вярнуцца (фота)

На вечарыне «10 год – Наперад!», што была прысвечана юбілею моладзевага незалежнага часопіса «Студэнцкая думка», яго стваральнікі і прыхільнікі ўзгадалі як некалі «здымаліся з тармозоў», а рэдактар часопіса Ірына Віданава расказала аб планах творчага калектыва вярнуцца ў выглядзе новага папяровага выдання.

На вечарыне, якая прайшла вечарам 30 мая ў клубе «Fabrique», адзначалася адразу две даты. 11 год таму выйшаў першы нумар «Студэнцкай думкі», а 10 год таму незалежны моладзевы часопіс атрымаў рэгістрацыю. Да 2005 года, калі CD / «Студэнцкая Думка» – адзіны ў краіне часопіс з канцэпцыяй « шэрага глянцу» – быў вымушаны спыніць дзейнасць, выйшла больш за 80 яго нумароў. Адной з зслугаў часопісаў па вызначэньні аднаго з крытыкаў, было тое, што «Студэнцкая Думка» «пісала такой sexy беларускай мовай, што на ёй адразу хацелася пачаць размаўляць».

Удзельнікі вечарыны, якія радаваліся доўгачаканай сустрэчы і настальгавалі па ранейшых часах, атрымалі ў падарунак трыб’юны нумар СД-10 год (з поўным pdf-архівам «Думкі»), цішоткі з лагатыпамі часопіса і апошні нумар выдання з вялікім словам «Канфіскат» на вокладцы.

– Напрыканцы 2003 года наш часопіс пазбавілі рэгістрацыі, а ў лістападзе 2005-га канфіскавалі яго нумары, але да гэтага часу мы канкрэтна не ведаем, што сталася гэтаму прычынай. Магчыма, гэта было звязана з ціскам на ўсё незалежнае напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2006-га, – сказала «Салідарнасці» былы галоўны рэдактар часопіса Ірына Віданава. – Мы рабілі тое, што нам падабалася, мы здымаліся з тармазоў, плявалі на меркаванні шырокай грамадскасці і спрабавалі зрабіць часопіс не падобны да іншых для людзей, не падобных іншых.

Ірына Віданава прызналася, што па-ранейшаму сумуе па папяровым часопісе, бо яго можна чытаць «на каленках, на лекцыях, на трамваі, у траліку».

– Але з іншага боку гэта стала штуршком для таго, каб зрабіць нешта абсалютна новае, – адзначыла адна з стваральніц мультымэдыя часопіса «34» і раскрыла пры гэтым сакрэт. – Дастаткова хутка мы вернемся не як «Студэнцкая думка», а як нешта іншае ў папяровым выглядзе.

Калі падчас вечарыны на сцэну выйшаў гурт "Band A", намеснік рэдактара «CD» Сяргей Сахараў нагадаў, што ў ім грае былы рэдактар «Студэнцкай думкі», а цяпер галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Андрэй Скурко.

– Андрэй, чаму вы сышлі з нашага часопіса? – запытаўся на сцэне вядучы імрэзы.

– Сяргей, каб я не сышоў, вас бы тут зараз не было, – парыраваў Скурко.

У складзе гурта "Band A" граюць адразу два рэдактары: леваруч – Мікола Шакель («Студэнцкая думка»), праваруч – Андрэй Скурко («Наша Ніва»)

Напрыканцы вечарыны ў суправаджэнні двух эффектных медсясцёр выступіў гурт «Разбітае сэрца пацана».

Лепшыя аўтары «Студэнцкай Думкі», якіх вызначалі на вечарыне таемным галасаваннем, лыжачак для торта не шукалі.

Pdf-архіў часопісу CD / «Студэнцкая Думка» гартайце і чытайце тут.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)