Общество

Стрыжак: «З трох пераломаў у мяне пакуль зросся толькі адзін»

Праваабаронца Андрэй Стрыжак – пра досвед аперацыі і рэабілітацыі ў Літве.

– 30 кастрычніка падлетак бег праз Белы мост (у Вільні – С), па якім я ехаў на арэдным самакаце і на якім мы сутыкнуліся, – піша Стрыжак. – Ён выскачыў мне літаральна пад кола і выйшаў з гэтай гісторыі моцна напужаны, але без адзінай драпіны, а я атрымаў пералом і вывіх двух костак правай рукі ў трох месцах. Адна з костак разламалася на тры часткі, якія парвалі мяса ўнутры рукі.

Паліцыя. Хуткая. Пяць з паловай гадзін аперацыі. Дзве стальныя пласціны і 18 балтоў. Два з паловай месяцы з лангетай. На мінулым тыдні я яе зняў і маю што вам сказаць.

Факт 1: Электрасамакат = цяжкія траўмы

Электрасамакат выдатны від транспарта для Вільні, дзякуючы якому ты хутка і бяз коркаў даедзеш паўсюль.

Лёгка арандаваць і хутка запаркаваць, але любыя зносіны з электрасамакатам сканчаюцца аднолькава – падзенне, альбо сутыкненне з цяжкімі наступствамі. Незалежна ад таго п’яны ты ці цвярозы на ім.

Я тры гады быў карыстальнікам электрасамаката і выдатна валодаю тэхнікай кіравання ім у любых умовах, але трапіў у здарэнне на роўным месцы, цвярозы і на не самай вялікай (18км/гдз) хуткасці. Бо ты ніколі не кантралюеш паводзінаў іншых людзей, асабліва падлеткаў якія гуляюцца ў даганялкі на праезжай частцы.

Факт 2: Віленская ургентная медыцына выдатная

Я вельмі ўражаны як ставяцца да пацыентаў у шпіталі і як выглядае тэхнічнае абсталяванне шпіталя хуткай дапамогі ў Лаздінай. Вельмі добра харчуюць, палата на чатыры чалавека, усё прыстойна. Маладыя спрактыкаваныя дактары – хірург і ягоная прыгада, анэстызіёлаг, вартыя ўсялякіх добрых словаў.

Мяне не выключалі агульным наркозам каб цалкам перасабраць руку, а адключылі яе кропкава ў пучок нерваў у плячы, які знайшлі ультрагукам. Мясцовая анэстэзія+снатворнае = лёгкі і прыемны выхад з аперацыйнага стану.

Мне наклалі лёгкую лангетку з пластыку (зручную ў выкарыстанні настолькі, наколькі можа быць зручна ў маім выпадку) і адправілі дахаты праз дзень пасля аперацыі. Усё гэта бясплатна, у кошце стандартнага ўнёска сацыяльнага страхавання.

Факт 3. Да профільных дактароў цяжка трапіць

Пасляаперацыйны перыяд – зняццё швоў прайшлі адносна проста. Па запісе, бяз скандалаў у чарзе на гэтым этапе. Складанасці пачаліся пазней, калі апынулася што бліжэйшая кансультацыя ў хірурга ці артапеда ажно на сакавік. Прыйшлося шукаць іншыя варыянты. Таму запісвацца лепш вельмі загаддзя.

Факт 4. Костка якая не зраслася

У 2005 я цяжка ламаў пазваночнік і наноў навучыўся хадзіць (ня толькі пад сябе), таму ведаю што такое боль і рэабілітацыя. У выпадку з гэтым пераломам, калі мне ўпраўлялі руку, я адчуў 9/10 болі пералому пазваночніка. Карацей, прыгода на 1/10. Нікому ня раю.

З трох пераломаў у мяне пакуль зросся толькі адзін і негледзячы на тое што разламаная на тры часткі костка так і не зраслася, рука амаль цалкам функцыянуе, бо трымаецца на стальных пласцінах.

Не зрастанне косткі можна зафіксаваць дыягназам толькі праз паўгады пасля пералома. Калі яна не зрасцецца, у мяне будуць браць донарскі матэрыял са сцягна і зрашчваць руку з падсадкай косткі. Таксама такая сабе прыгода, але маем што маем.

Факт 5. Нечаканыя наступствы

Праз траўму, доўгі час я ўсё рабіў левай рукой, таму зараз у мяне амаль дзве правыя. Адзінае чаму я не навучыўся рабіць левай – гэта пісаць. Хаця, я і правай пішу як курыца лапай, так што гэта норм.

Яшчэ я падумаў пра тое што арганізм павінны быць максімальна мабілізаваны на змаганне за аднаўленне і вырашыў выключыць шкодныя фактары з жыцця. Самакаты адпалі самі сабой, з лукашысцкай уладай, як крыніцай стрэсу, пакуль не атрымалася разабрацца, таму я выключыў з жыцця алкаголь цалкам. Пра гэты траўматычны досвед распавяду асобна іншым разам.

Дзякуючы зменам у рацыёне і парадку харчавання і выключэнню алкаголя, лічбы на вагах зменьшыліся з 106 да 101. Без якіх небудзь вялізарных высілкаў і абмежаванняў (НГ быў з аліўе ). Працягваю эксперымент і назіранні.

У якасці высноваў: я паступова распрацоўваю руку ў якой дзве вялізарныя пласціны і купа балтоў, маю дзве правыя рукі, на адной з якіх два аграменных суворых шнара, маю дзіўны стан арганізму праз цвярозы перыяд жыцця і адчуванне што атрымаў новую ачыўку ў жыцці.

Карацей, плаціце ўнёскі сацстраху, беражыце сябе і больш аптымізму, асабліва, калі ты стаў яшчэ больш стальным чалавекам, калі быў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(19)