Филин

Юлія Кот

Стрыжак: «Беларусы, якія доўга жывуць за мяжой, забываюць, наколькі бесчалавечным і жорсткім можа быць лукашысцкі рэжым»

Яшчэ раз пра правілы бяспекі ў высокарызыкоўных абставінах. Праваабаронца — пра тое, хто трапляе ў зону рызыкі па вяртанні на радзіму.

Беларуская «стабільнасць» працягвае трымацца на рэпрэсіях, і навіны з радзімы гэта толькі пацвярджаюць. Вось некалькі фактаў са стужкі апошніх дзён: чат беларусаў Гданьска, верагодна, захоплены сілавікамі; беларус, які 15 гадоў жыве ў Польшчы, прыехаў на радзіму з сям’ёй і быў затрыманы; 5 гадоў пазбаўлення волі, паводле выраку беларускага суда, атрымала беларуска са Швецыі, якая прыехала да сваякоў.

Ці слушна казаць, што ў небяспецы абсалютна кожны беларус, хто доўгі час правёў па-за межамі краіны, і ці дастаткова базавых правілаў лічбавай гігіены, каб зменшыць рызыкі, а таксама дзе палягае мяжа паміж неабходнай асцярогай і параноей, Филин амберкаваў з сузаснавальнікам BYSOL Андрэем Стрыжаком.

— Усё складаецца ў пазл дастаткова доўгага марафону, у якім мы знаходзімся, — зазначае працаабаронца. — I пачаўся ён, зразумела, не ў 2020 годзе — пераслед людзей, якія маюць іншае меркаванне аб тым, як павінна развівацца Беларусь, ідзе ўжо трыццаць год, але з 2020-га ён абвастрыўся.

Акрамя папулярнага ў лукашысцкай улады пастулату «часам не да законаў», ёсць яшчэ адна непрыемная штука: яны пачалі сістэмна прымяняць зваротную сілу закона, калі гэты закон пагаршае стан чалавека. З пункту гледжання прававой логікі гэта недапушчальна.

Насамрэч зваротная сіла законаў можа мець месца, зазначае праваабаронца — але толькі ў адным выпадку: калі гэта паляпшае стан грамадзяніна, робіць сітуацыю больш справядлівай і правільнай з пункту гледжання грамадскай маралі і прававых нормаў. Але тое відавочна не пра Беларусь — таму працягваецца масавы пераслед, напрыклад, за колішнія лайкі ці ахвяраванні ў BYSOL, які не быў прызнаны «экстрэмісцкім» у 2020 годзе.

І ў лепшым выпадку справа скончыцца штрафам ці «добраахвотным» ахвяраваннем на карысць дзяржавы, у горшым — шматгадовымі тэрмінамі зняволення.

— І пра гэта трэба памятаць, — падкрэслівае Андрэй Стрыжак. — Натуральна, калі ты жывеш 15 год у іншай краіне, то думаеш па-іншаму, бо там ёсць свабода меркавання, свабода выказвання сваіх думак, ты можаш абсалютна спакойна пісаць у Фэйсбуку сваю ацэнку сітуацыі, ставіць падабайкі, расшарваць усё, што зацікавіла. А потым прыязджаеш у Беларусь — і атрымліваеш сабе ў плечы тэрмін.

Гэта асабліва важна разумець такім людзям, як у нядаўніх прыкладах — беларуска са Швецыі, беларус з Польшчы — якія вяртаюцца і думаюць, што нічога ж дрэннага не зрабілі. Насамрэч, не зрабілі. Але, па меркаваннях сучаснай беларускай улады, яны — злачынцы.

Такая сітуацыя тычыцца не толькі Беларусі — калі браць міжнародную практыку, то, на жаль, ёсць нямала краін у свеце, дзе абсалютна звыклыя для нас рэчы будуць лічыцца крымінальнымі злачынствамі. Канешне, перадусім гаворка ідзе пра краіны з іншым культурным і рэлігійным складнікам — але мы ведаем, што такія ёсць, і што ў іх свае правілы.

Калі так падыходзіць да пытання, можа, будзе менш эмоцый.

Проста трэба ведаць інструкцыю: што рабіць і што не рабіць у Беларусі, калі ты хочаш туды паехаць, інакш можна трапіць у вельмі непрыемную сітуацыю абсалютна на роўным месцы.

Гаворка найперш пра людзей, якія не ўдзельнічалі ў пратэстах 2020 года, але, скажам, былі падпісаны на «Зеркало» ўсе гэтыя гады. У гэтым самая галоўная праблема: беларусы, якія доўга жывуць за мяжой, забываюць, наколькі бесчалавечным і жорсткім можа быць лукашысцкі рэжым.

— То бок, фактычна кожнаму, хто вяртаецца ў Беларусь праз пэўны час, трэба ведаць і выконваць базавыя правілы бяспекі — бо нават калі вы не былі ў краіне 30 год, гэта не значыць, што на вас нічога не знойдуць.

— Цалкам так. У тым і асаблівасць, што прымяняецца зваротная сіла закону — і ніхто не застрахаваны, бо ў кожнага ёсць нейкі эпізод у жыцці, калі ўдзельнічаў у нейкім варушняку, нешта рэпосціў, адсылаў некаму грошы ў дапамогу — усё трактуецца беларускай уладай дастаткова адназначна, яна бачыць і разглядае гэта як злачынства.

Таму ўсім, хто нягледзячы на мае інструкцыі і парады, на тое, што кажуць і пішуць праваабаронцы, усё-ткі вырашыў ехаць у Беларусь па нейкай патрэбе (пабачыць блізкіх, памяняць пашпарт і г.д.), трэба хаця б праверыць: як вы едзеце, што з вашай тэхнікай, з вашымі акаўнтамі, што можа быць для вас небяспекай?

І калі вырашыце ехаць — застрахуйце сябе ад такіх нечаканасцяў. Гэта неабходныя правілы бяспекі ў высокарызыкоўных абставінах.

— Акрамя непасрэднай, фізічнай небяспекі пры перасячэнні мяжы, існуе яшчэ небяспека інфармацыйная, як у выпадку з чатам беларусаў Гданьска, калі ёсць рызыка сказаць зашмат не таму чалавеку.

Як вытрымаць мяжу паміж здаровай асцярогай і параноей, калі літаральна ў кожным бачыш верагоднага «агента спецслужбаў»?

— Прыгадайце, як гутарылі з вамі бацькі, што казалі пра паводзіны, калі вяртаецеся, скажам, з музычнай школы ці нейкага гуртка і нейкі незнаёмы дарослы чалавек падыходзіць, прапануе пагледзець нейкіх кацянят, ці пачаставаць цукеркай, ці паказаць мульцікаў. Вы ж не пойдзеце за гэтым дарослым дзядзькам, які вам не знаёмы і відавочна мае нейкі свой уласны інтарэс.

У нашым выпадку, па сутнасці, тое ж самае: ад пачатку варта прыглядацца да ўсіх незнаёмцаў. Слухайце сябе, сваю ўласную «чуйку», выпрацаваную за гады жыцця: калі адчуваеце, што з чалавекам некамфортна, ці ён занадта ліслівы, ці нешта яшчэ з ім не так — трэба прыгледзецца. І як з «дзіцячымі» рэкамендацыямі, калі бацькі перасцерагалі не ўступаць у раптоўны і хуткі кантакт з незнаёмцамі, так і для дарослых гэта, мяркую, лепшая рэкамендацыя на ўсё жыццё.

Асабліва ў цяперашняй сітуацыі, калі гэтыя незнаёмцы могуць аказацца цалкам сабе спецслужбістамі.

Не падпускайце да сябе людзей надта хутка — правярайце іх, даведвайцеся пра іх. Дбайце пра сваю бяспеку, бо часам гэта не толькі вашая бяспека — калі вы падпусціце ў сваё блізкае атачэнне такога чалавека, то верыфікуеце яго і для іншых.

Што да лічбавай бяспекі, гаворыць Андрэй Стрыжак, тут істотныя два моманты. Першы — тэхналагічны — вырашыць насамрэч прасцей: прывесці ў парадак свае дэвайсы і месенджары, усталяваць неабходныя праграмы можна з дапамогай надзейных спецыялістаў.

Але другая рэч — чалавечы фактар; бо ўсімі парадамі па бяспецы трэба карыстацца пастаянна, а ў закрытых чатах і суполках — разумець, з кім дакладна вы камунікуеце. Што рабіць? Ды ўсё тое ж, зазначае праваабаронца — «давярайце, але правярайце, будзьце больш адказнымі да свайго жыцця і бяспекі»:

— Мы бачым, як сёння квітнее сітуацыя з тэлефоннымі махлярамі, якія «разводзяць» людзей нібыта званкамі з банкаў. Гэта ж таксама пра тое, толькі стаўкі вышэйшыя: калі ў стасунках з махлярамі вы губляеце грошы, то ў стасунках з агентамі спецслужбаў можаце страціць свабоду альбо падставіць іншых людзей, якія згубяць свабоду.

Таму памятайце, што свет, вядома, цудоўны і яскравы, і адкрыты для нас, але ў ім таксама ёсць людзі, якія жадаюць нам зусім не дабра.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(28)