Комментарии
Наста Дашкевіч, Facebook

«Што з намі? Што сталася з нашым народам?»

Мяне сёння цэлы дзень не пакідае адна і тая ж думка. Што з намі? Што сталася з нашым народам?

У 2003 годдзе, многа ці мала, але 11 гадоў таму хавалі Васіля Быкава. У прэсе, у архівах і цяпер можна знайсці багата рэпартажаў, дзе вы пераканаецеся ў тым, што пахаванне Быкава было не дзяржаўным, а народным. Труну неслі на руках – ад Дому літаратара, што месціўся ў р-не парку Горкага і да Усходніх могілак. Дзесяцітычнае шэсце дэманстрацыі любові, пашаны, адданасці да свайго прарока, пісьменніка, героя, што ўтапала ў кветках і бел-чырвона-белых сцягах.

11 гадоў таму. Няўжо ўсё так змянілася? Дзе тыя людзі? Хай сабе без сцягоў, але дзе тыя, што ўмелі шанаваць і любіць усім народам? Няма тых? А дзе іх дзеці? 11 гадоў – і як многа змянілася.. Я не хачу разважаць пра дзяржаву, каторая ігнаруе гэтыя постаці пры жыцці і баіцца адышоўшымі ў іншы свет. Па-здрадніцку з’яўляюцца думкі пра тое, што на хакейныя матчы і дзяржаўныя парады кожная трыбуна і кожны слуп на вуліцы распісваецца на ЖЭСы, школы, Вузы і г.д. Хаця бы вызвалілі дзетак з заняткаў па беларускай мове і літаратуры, каб развітацца з тымі, хто гэтую мову і слова пранеслі ўсё жыццё як сцяг. Хацелі бы – зрабілі. Але ладна. Будзем разважаць пра тых, хто прыходзіць не на загад, а сэрцам пакліканыя.

Няўжо нас так мала стала? 11 гадоў. Не верыцца. Знайшоўся верш Генадзя Бураўкіна да Васіля Быкава. Ён актуальны як да самога шаноўнага Генадзя, так і да дзядзькі Рыгора і тых, хто пакідае нас сам насам з гэтай страшнай, балючай і злой эпохай, дзе на развітанне з нацыянальнымі геніямі прыходзяць некалькі соцен ці можа тысяча чалавек.

Даруй, Васіль, за ўсё, што перанёс,

За ворагам нанесеныя раны,

За брудныя пляўкі з тэлеэкрану,

За сьлёзы ўшацкіх сьсечаных бяроз.

Даруй, што ўсе свае зямныя дні

Ты азіраўся з горыччу міжволі

На памяці закінутае поле

І спадзяваньня спаленыя пні.

Даруй за наш нялітасьцівы час,

За ціхае кананьне роднай мовы,

За ўдзячнасьці запозьненыя словы.

І давайце памятаць пра тых, хто жывы. Пра тых, хто побач. Пра Ніла Гілевіча давайце ўзгадаем. Каб напісаць яму ліст, тэлеграму, перадаць кветкі і падзякаваць за тое, што ёсць. Што з намі. Падзякаваць, каб было цёпла на душы і ў нас, і ў іх. Падзякаваць. Не ўпусціць гэтую мажлівасць. Нават калі новая эпоха, настаўшая праз 11 гадоў, згубіла сумленне і сэрца народа – мы-та ёсць, мы-та жывыя, мы ж тут недарэмна.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)