Филин

Сяргей Васілеўскі

Аналітык: Зяленскі даў зразумець, што Украіна не будзе дапамагаць беларусам вайсковай сілай

Што азначае завочная дыскусія ўкраінскага прэзідэнта і Святланы Ціханоўскай? Пра гэта, а таксама пра іншыя актуальныя падзеі Филин паразмаўляў у палітычным аглядальнікам Юрыем Дракахрустам.  

 

— На сустрэчы ў Варшаве міністры краін Балтыі і Польшчы дамовіліся, пры якіх умовах будзе цалкам закрытая мяжа з Беларуссю. Пры гэтым Літва ўжо анансавала закрыццё яшчэ двух пераходаў. Якія папярэднія высновы можна зрабіць з гэтага?

— Мне падаецца, гэтае рашэнне збалансаванае. У тым сэнсе, што як і раней, пагроза закрыцця застаецца больш моцнай за выкананне. Бо калі б яна была выкананая, то гэта мела б шмат негатыўных наступстваў і для саміх гэтых краінаў, і для сітуацыі ў цэлым.

У такім выпадку яны б страцілі вельмі моцны рычаг, каб уплываць на ўлады Беларусі. Літва зрабіла пэўны крок, хоць не выключана, што ў гэтым яна кіравалася ўласнымі матывамі, адрознымі ад тых, што ёсць у Польшчы і Латвіі.

Тым больш, калі зірнуць на статыстыку, то ў Літве мігрантаў заўважна менш, чым у той жа Польшчы, ці Латвіі. Тым не менш, акурат Літва закрывае яшчэ два памежныя пункты.

Некаторыя эксперты кажуць, што прычынай можа быць кантрабанда. На днях быў сюжэт пра вялікую партыю кантрабандных цыгарэтаў. Магчыма, ёсць іншыя чыннікі, нейкія ўнутрыпалітычныя моманты.

Але ў цэлым, я думаю, улады Польшчы і краінаў Балтыі сыходзяць з шахматнага прынцыпу: пагроза мацней за выкананне. Бо калі яе выканаеш — што рабіць далей, якія крокі?

І калі ізноў звярнуцца да статыстыкі, то на беларуска-польскай мяжы колькасць мігрантаў змяншаецца цягам апошняга месяца. Не выключана, што Мінск усё ж рэагуе на сігналы, што яму дасылаюць.

Акрамя таго, так, мы чулі заявы Лукашэнкі пасля гібелі Прыгожына, што «Вагнер у Беларусі жывы і будзе жыць». Магчыма, ён і будзе «жыць» як Ленін, які даўно памёр.

Сам Лукашэнка фактычна пацвердзіў дадзеныя Радыё Свабода, атрыманыя са спадарожнікавага здымку: лагер наймітаў пад Асіповічамі скарачаецца.

Так, Лукашэнка дзьмуў шчокі, маўляў, пры патрэбе сюды іх і дзесяць тысяч завязуць. Але патрэба можа і не ўзнікнуць. Бо і практыка, і аналіз паказваюць, што іх будзе прынамсі менш. А, магчыма, і ўвогуле не будзе. Гэта таксама фактар, чыннік, які спрыяе таму, што рашэнне прынятае менавіта такое.

І трэба нагадаць, што была гаворка пра пэўны механізм функцыянавання гуманітарных калідораў, які ці то ўжо распрацаваны, ці яшчэ будзе створаны. Каб людзі, якія хаваюцца ад пераследу, маглі з’ехаць у адпаведныя краіны. Гэта вельмі важны крок, калі, натуральна, такі механізм рэальны.

Так што, на мой погляд, гэта вельмі разумнае і збалансаванае рашэнне краінаў Балтыі і Польшчы. Яно працягвае аказваць ціск на афіцыйны Мінск з мэтай далейшага скарачэння мігрантаў на мяжы і на тое, каб «вагнераўцы» у рэшце рэшт сыйшлі.

— Брытанская выведка сцвярджае, што вучэнні Захад-2023 сёлета могуць не адбыцца. Нібыта праз тое, што Расія не мае для гэтага ні войскаў, ні тэхнікі. Пра што гэта можа сведчыць, калі такі прагноз спраўдзіцца?

Гэта будзе праявай слабасці Масквы, ці ў Крамлі знойдуць што адказаць? Напрыклад, што вайна — найлепшае вучэнне.

— У дадзеным выпадку цяжка нешта казаць па некалькіх прычынах. Па першае, Лукашэнка казаў у часе наведвання БДУ пра вучэнні «Баявое братэрства-2023». Гэта не беларуска-расійскія вучэнні, а АДКБ.

Там, гледзячы па ўсім, будуць нейкія сімвалічныя кантынгенты іншых краінаў, акрамя Беларусі і Расіі. Тым не менш, гэта іншыя вучэнні, іншы фармат.

Пра адмену гэтых вучэнняў ніхто нічога не казаў. А паведамленне брытанцаў даволі няпэўнае: можа адменяць, а можа і не адменяць. І неабавязкова яны будуць на тэрыторыі Беларусі.

І, акрамя ўсяго іншага, тут важны момант, пра які вы згадалі: расійскае войска насамрэч вучыцца на полі боя. Беларускае — дзякуй богу, не.

У любым выпадку, трэба пачакаць, ці спраўдзіцца гэтая інфармацыя, яе трэба правяраць. Іншыя ж вучэнні праводзяцца, іх ніхто не скасоўвае.

— Уладзімір Зяленскі адрэагаваў на словы Святланы Ціханоўскай. Два месяцы таму ў інтэрв’ю яна не выключыла, што звернецца да яго па ваенную дапамогу. Украінскі прэзідэнт на гэта адказаў, што ўсё вырашыць перамога Украіны, у тым ліку ў пытанні вяртання да дэмакратыі Беларусі.

Здаецца, тут нічога новага — і ў самім адказе, і ў тым, якім чынам адбываецца камунікацыя Зяленскага і Ціханоўскай. Гэта ўсё яшчэ гульня «мы не хочам злаваць Лукашэнку», ці сігнал Кіева мае іншых адрасатаў?

— Гэта не толькі сігнал Лукашэнку. Па-першае, тут сапраўды варта сказаць, што Зяленскі гэтым самым расставіў пэўныя акцэнты. Бо насамрэч гэта не быў нейкі стэйтмент Ціханоўскай: маўляў, я маю намер звярнуцца да Зяленскага, каб ён даў войска.

Гэта не так. Дарэчы, гэта адна і тая ж журналістка, якая два месяцы таму і падкінула Ціханоўскай гэтую ідэю: маўляў, калі Украіна пераможа, то ці не звернецеся да ўкраінскага галоўнакамандуючага па вайсковую дапамогу.

Ціханоўская адказала тады, што магчыма зробіць гэта, а Зяленскі ўспрыняў гэта, як пэўнае сцвярджэнне. І зрабіў ёй заўвагу, назавём гэта так: няма чаго спадзявацца на чужыя войскі.

Думаю, гэта сігнал не толькі Лукашэнку, але і ўласнаму грамадству, якое не абавязкова збіраецца і хацела б увогуле адкрываць новыя франты, нават у будучыні.

А таксама заходнім партнёрам, якіх таксама не вельмі натхняе ідэя распаўсюду ўкраінскага сілавога ўплыву на суседзяў, у тым ліку і на Беларусь.

І пры тым, што Ціханоўская выказалася вельмі няпэўна, Зяленскі выказаўся пэўна. Фактычна ён сказаў: мы ў гэтым удзельнічаць не будзем. Так, нашая перамога адкрые дарогу да пераменаў у нашых суседзяў, але наўпрост мы ім дапамагаць, тым больш вайсковай сілай, не станем.

І калі прачытваць гэта далей, то гэта можа азначаць, што і нейкага дазволу ці дапамогі палку Каліноўскага таксама не будзе.

Іншая справа, што гэта гаворыцца тады, калі баявыя дзеянні вядуцца ў глыбіні Украіны, калі пятая частка яе тэрыторыі ўсё яшчэ знаходзіцца пад акупацый.

Што будзе, калі гэтыя тэрыторыі будуць вызваленыя, гэта гіпатэтычная сітуацыя. Не выключана, што тады Зяленскі будзе прымаць іншае рашэнне.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.3(15)