Шрайбман: «Некаторыя рэжымы дазваляюць сабе большую ступень рэпрэсіўнасці, чым Беларусь, але не квапяцца на выбарчыя працэдуры»
Апазіцыя перамагла партыю Эрдагана ў найбуйнейшых гарадах Турцыі. Чым тлумачыцца турэцкі фенамен, калі ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму справядліва падлічваюць галасы?
Галоўная апазіцыйная Рэспубліканская народная партыя атрымала па ўсёй краіне 37,8% галасоў, а Партыя справядлівасці і развіцця на чале з прэзідэнтам Рэджэпам Таіпам Эрдаганам — 35,5%, паведамляе агенцтва Anadolu.
Як адзначае BBC, мясцовыя выбары, якія прайшлі у Турцыі ў мінулую нядзелю, адбываліся ва ўмовах глыбокага эканамічнага крызісу. Многія эксперты назвалі гэтыя выбары «найбуйнейшай паразай Эрдагана ў гісторыі». Апазіцыйная партыя атрымала найбольшую колькасць галасоў за шмат дзесяцігоддзяў.
Чаму пры аўтарытарным рэжыме лічаць галасы справядліва, Филин абмеркаваў з беларускім палітычным аналітыкам Арцёмам Шрайбманам.
— Турцыя не з’яўляецца такой жа кансалідаванай дыктатурай, як Беларусь і некаторыя іншыя постсавецкія краіны, як некаторыя азіяцкія дыктатуры, — тлумачыць Шрайбман. — Там захоўваецца нямала элементаў дэмакратыі, у тым сэнсе, што гэта не толькі адносна справядлівыя выбары, але і жывыя СМІ.
Хоць там у турмах сядзяць журналісты, але ёсць яшчэ пэўныя іншыя асяродкі палітычнага ўплыву, якія не дазваляюць цалкам манапалізаваць уладу
Нават нягледзячы на вельмі жорсткія рэпрэсіі пасля спробы мяцяжу некалькі год таму, у Турцыі, тым не менш, мэры некаторых буйных гарадоў — апазіцыянеры. Гэта для краіны норма. Прэзідэнт Эрдаган сам ледзь не прайграў нядаўнія выбары — у другім туры набраў крыху больш за 50%.
Аналітык адзначае, што падобныя турэцкаму рэжымы ёсць у свеце. У прыклад ён прыводзіць Венесуэлу.
— Узровень рэпрэсіўнасці рэжыму не заўсёды наўпрост звязаны з якасцю электаральных працэдур.
Некаторыя рэжымы дазваляюць сабе большую ступень рэпрэсіўнасці, жорсткасці, забойстваў сваіх апанентаў, чым Беларусь, але пры гэтым не квапяцца на выбарчыя працэдуры, прынамсі наўпрост.
То бок яны могуць падкупаць выбаршчыкаў, выключаць апазіцыянераў, не дапускаць іх да выбараў, але не такая поўная зачыстка адбываецца. Таму ў іх часам магчыма тое, што называецца выбарамі, якія перакульваюць.
Рэжым ад гэтага не становіцца дэмакратычным, але выбары ўсё яшчэ застаюцца хоць нейкім вакном магчымасцяў для апазіцыі.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное