Политика
Зьміцер Панкавец, ”Наша нiва”

Севярынец па сем гадзін у суткі працуе над новым раманам

Адначасова старшыня аргкамітэту Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец актыўна займаецца падрыхтоўкай да ўстаноўчага зьезду партыі, які, па папярэдніх разьліках, пройдзе 1 сакавіка.

«На сёньня ў базе БХД знаходзіцца 1800 чалавек. Для рэгістрацыі Мін’юсту патрэбна як мінімум тысяча, якія не адмовяцца ў сяброўстве ў арганізацыі. Вось цяпер рыхтуем падобны сьпіс «тысячы сьмелых». Мне здаецца, калі добра папрацаваць, што шанцы на рэгістрацыю прыкладна 50 на 50. Апошнія падзеі з той жа прэсай паказваюць, што рэжым гатовы ісьці на некаторыя саступкі. Дарэчы, за апошняе дзесяцігодзьдзе гэта толькі другая спроба зарэгістраваць апазыцыйную партыю. Першую — няўдалую — рабіў Навасяд», — кажа П.Севярынец.

Палітык расказвае, што акурат на днях адбыўся восьмы выпуск ды-джэяў Адраджэньня. Празь нейкі час павінна выйсьці ілюстраваная кніга Паўла «Люблю Беларусь». Працую Севярынец і над новым творам.

«Пішу раман. Працую над ім па сем гадзін у суткі. Пішу, бо ў нас бракуе буйных эпічных твораў. Гэта будзе раман пра Беларусь, болей пакуль сказаць не магу. Калі скончу? Думаю, што гэта справа не бліжэйшага году».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)