У гэтым і ёсьць лёгіка рэпрэсій: аніякай лёгікі — баяцца павінны ўсе. Пакуль вы замілаваныя праспэктам Незалежнасьці і будынкам Акадэміі навук, затрыманьні могуць адбывацца дзе заўгодна — і ў самой Акадэміі, і ў кінатэатры «Кастрычнік» насупраць, і ў Акадэміі мастацтваў, што засталася за вашай сьпінаю.
Саша Філіпенка — на форуме «Люксэмбурскія рашэньні»: «Я агучваю не даведнік пакутаў, а сутнасьць сучаснага Менску»
Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы і Сьвятлана Ціханоўская ініцыявалі канфэрэнцыю ў Люксэмбургу пра ролю нацыянальных парлямэнтаў эўрапейскіх краін у вырашэньні праблем беларускай эміграцыі. Радыё Свабода прыводзіць выступ пісьменьніка Саша Філіпенка.
На пачатку свайго выступу Філіпенка расказаў пра сустрэчу з жыхаркай Жэнэвы, на чыю думку ў Беларусі няма дыктатуры: жанчына расказала, што з мужам была ў Менску, і там «вельмі чыстыя вуліцы і добрыя рэстараны, а людзі прыгожа ды ахайна апранаюцца».
Філіпенка ж у сваёй прамове патлумачыў, што «фасадная палітыка» ня мае нічога супольнага з рэальнасьцю.
— Не адзін раз я сустракаў людзей, якія былі зачараваныя чысьцінёй майго гораду і нават не знаходзілі часу задацца элемэнтарным пытаньнем: а што ж тут адбываецца насамрэч? Я памятаю, што тады, у Жэнэве, спытаў, ці ведае мая суразмоўніца, што Беларусь — адзіная краіна Эўропы, дзе дагэтуль дзейнічае сьмяротнае пакараньне і прысуды прыводзяцца ў выкананьне ў самым цэнтры гораду, у турме, якая знаходзіцца якраз за сто мэтраў ад рэстарана, які ёй вельмі спадабаўся?
Не, яна, вядома, гэтага ня ведала, але гэта яе і не турбавала. Я прапанаваў маёй суразмоўніцы лепш даведацца пра Беларусь, але яна не захацела...» — расказаў Філіпенка.
Ён патлумачыў прысутным, чаго не заўважыла ягоная суразмоўніца ці міністар Вугоршчыны, які нядаўна наведаў Менск з афіцыйным візытам.
— Едучы ў Беларусь, вы адпраўляецеся ў краіну, дзе разгорнутыя поўнамаштабныя рэпрэсіі — арышты працягваюцца кожны дзень. Менск не адпускае боль. Каго затрымліваюць? Каго заўгодна!
Атрымліваючы асалоду ад савецкай архітэктуры, будзьце пільныя! Калі побач з вамі спыняецца мікрааўтобус «Фольксваген» з танаваным шклом — хутчэй за ўсё, кагосьці побач будуць арыштоўваць (цалкам магчыма, і вас), таму лепш пастаянна круціце галавой і пры першай жа магчымасьці ўцякайце... — расказваў у Радзе Эўропы пісьменьнік, вобразна «вандруючы па Менску».
Саша Філіпенка расказаў, сярод іншага, што ў сталіцы Беларусі трэба памятаць пра забарону спалучэньня белага і чырвонага колераў.
— Гэта ня жарт. Калі ў вас бел-чырвона-белыя шкарпэткі ці проста белая майка, над якой вы павязалі чырвоны швэдар — вас арыштуюць за пікетаваньне. Даходзіць да маразму. Майго бацьку, напрыклад, першы раз затрымалі за тое, што ён насіў бела-чырвоны шалік... мюнхэнскай «Баварыі». Вам здаецца, што гэта немагчыма, але з гэтым адчуваньнем лепш і зусім ня ехаць сюды — у Беларусі магчыма ўсё, акрамя перамен... пакуль!
У Менску вас могуць затрымаць за бел-чырвона-белую скрынку ад тэлевізара, якую вы выпадкова пакінулі на бальконе, ці за бел-чырвона-белы бранзалет.
Калі ня верыце мне — можаце паспрабаваць — толькі закладзеце на адпачынак як мінімум яшчэ пятнаццаць дзён. Прыкладна за кілямэтар ад кавярні — Першамайскае РУУС, дзе ўвесь час катуюць людзей, некаторых да сьмерці. Лепш не заходзьце туды, а калі выпадкова апыняцеся — паспрабуйце не правакаваць сілавікоў, бо там працуюць сапраўдныя, узорныя садысты.
У сваім выступе Філіпенка расказаў і пра перасьлед ягонага бацькі. Ён прывёў шмат іншых прыкладаў рэпрэсіўнай палітыкі беларускага рэжыму. Пісьменьнік запэўніў, што не перабольшвае.
— У вас можа скласьціся ўражаньне, што сёньня я агучваю даведнік пакутаў і прыгнёту, але гэта ня так. Я апісваю вам саму сутнасьць сучаснага Менску — Менску, які, нягледзячы на ўсе гэта, ня зломлены і працягвае супраціў. Магчыма, гэты супраціў зараз не такі прыгожы, як у 2020 годзе, але гэта зусім не азначае, што мы не павінны яго падтрымліваць. Мы павінны!
Мы павінны, і я заклікаю вас дапамагаць беларусам, якія знаходзяцца ўнутры краіны, і беларусам, якія вымушана пакінулі яе. Мы павінны, як бы ні здавалася, што перад намі задача, якую немагчыма вырашыць. Кожны дзень мы павінны шукаць новыя рашэньні гэтай невырашальнай задачы. Барацьба з дыктатурай — цяжкае і доўгае падарожжа, але мы павінны яднацца і рабіць яго разам, каб аднойчы Лукашэнка паляцеў на суд у Гаагу, а не на вакацыі ў Будапэшт.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное