Филин

Сяргей Васілеўскі

Рудкоўскі: «Ёсць падставы лічыць, што Польшча прапануе «плату» за тое, што рэжыму Лукашэнкі і так прыйдзецца ажыццявіць»

Навошта Варшава заклікае Лукашэнку вывесці вагнераўцаў у абмен на адкрыццё памежных пунктаў.

Намеснік міністра ўнутраных спраў Польшчы Мацей Вонсік заявіў, што разлічвае на змякчэнне палітыкі афіцыйнага Мінска ў розных вымярэннях — не толькі ў міграцыйнай палітыцы, але і тым, што датычыць прысутнасці «вагнераўцаў». Па яго словах, польскі бок чакае, што «Лукашэнка пазбавіцца ад гэтых людзей».

Филин абмеркаваў заяву польскага чыноўніка з палітолагам Пятром Рудкоўскім.

Пётр Рудкоўскі

— На вашу думку, чым абгрунтаваныя і ці абгрунтаваныя ўвогуле гэтыя чаканні?

— Мяркую, тут два фактары згулялі сваю ролю. Першы — гэта імператыў каардынавання рашэнняў наконт мяжы з Беларуссю паміж Польшчай, Літвой і Латвіяй.

Мы не ведаем зместу непублічнай часткі нядаўніх перамоў паміж міністрамі ўнутраных спраў балтыйскіх краін і Польшчы, але падазраю, што асноўнай задачай быў пошук больш збалансаванага падыходу ў гэтай справе.

Бо да нядаўняга часу было так, што ў Літве дзейнічала шэсць кантрольна-прапускных пунктаў, у Польшчы — уключна з чыгуначнымі — чатыры, у Латвіі — два.

Хоць у публічнай прасторы пераважна агучвалася перспектыва поўнага закрыцця межаў (перспектыва пакуль што толькі тэарэтычная), але, я перакананы, што міністры абмяркоўвалі таксама — як адзін з варыянтаў больш збалансаванага падыходу — адкрыццё раней закрытых пунктаў (гэта тычылася Польшчы).

У міжчассі на гэта наклалася справа з гібеллю двух кіраўнікоў вагнераўцаў, што, імаверна, матывавала польскі бок «падштурхнуць» беларускі рэжым у бок дээскалацыі памежнага напружання. Гэта і ёсць другі фактар.

Ці «чаканні» абгрунтаваныя? Ну, гэта не столькі «чаканні», колькі элемент, калі можна так сказаць, гульні: польскі бок, бачачы нарастанне арганізацыйных і фінансавых праблем беларускага рэжыму з вагнераўцамі, (ці, дакладней, ужо экс-вагнераўцамі), дае рэжыму сігнал, які патрабуе пэўнай рэакцыі.

У залежнасці ад таго, якой будзе рэакцыя, будуць прыняты наступныя крокі (або адкрыццё закрытых пунктаў, або закрыццё чарговых пунктаў, або працяг цяперашняга стану рэчаў).

Ад рэдакцыі. Гэты каментар рыхтаваўся да з’яўлення рэакцыі Лукашэнкі. Вось яна:

Они достукались до того, что уже требуют немедленного вывода их из Беларуси. При этом сами увеличивают военные бюджеты, стягивают к нашим границам крупные воинские формирования.

 

Ответ простой: ни в Польше, ни в Литве, ни в других странах Балтии не должно быть ни одного иностранного военнослужащего. Тогда можно и нам предъявлять претензии по поводу присутствия здесь военнослужащих из других стран. А пока это необоснованные и глупые требования (даже не просьбы и предложения, а требования).

— Мацей Вонсік патлумачыў, што платай рэжыму Лукашэнкі за крокі насустрач будзе адкрыццё зачыненых раней памежных пераходаў на польска-беларускай мяжы. Ці дастатковая гэта плата для Мінска сёння?

— Уявім, што ў вас ёсць спраўны і добры аўтамабіль і хтось прапануе 100 даляраў за тое, каб вы яго пазбыліся. Плата, канешне ж, нічога не вартая. А ўявіце сабе, што аўтамабіль ваш безнадзейна паламаўся і далейшае яго захоўванне спараджае для вас больш праблем, чым карысці.

У гэтым другім выпадку плата ў памеры 100 даляраў за тое, што пазбудзецеся такога аўтамабіля, будзе цалкам дарэчнай. Справа з вагнераўцамі, канешне ж, не такая простая, як у прыкладзе з аўтамабілем, але агульная логіка застаецца актуальнай.

Калі зыходзіць з таго, што, як нядаўна заяўляў Лукашэнка, вагнераўцы ў Беларусі — усур’ёз і надоўга, што згортванне намётаў — элемент аптымізацыі, а масавыя выезды вагнераўцаў з краіны звязаны выключна з «перыядам адпачынкаў», то, хутчэй за ўсё, плата недастатковая.

Але дужа сумнеўна, што сапраўды так ёсць. Перабыванне вагнераўцаў у Беларусі, хутчэй за ўсё, пад вялікім пытаннем, бо

няма рэсурсаў на іх утрыманне, і — што асабліва важна — ёсць апасенні наконт таго, ці здольныя лаяльныя Лукашэнку спецслужбы эфектыўна кантраляваць іх у перспектыве многіх месяцаў або гадоў.

Такім чынам, ёсць падставы лічыць, што Польшча прапануе «плату» за тое, што рэжыму і так прыйдзецца ажыццявіць.

— Раней польскі бок агучыў патрабаванне да ўладаў Беларусі вызваліць Анджэя Пачобута ды іншых палітвязняў. У гэтай заяве прадстаўніка МУС Польшчы, падаецца, такой умовы не гучала. Чаму?

— Тут два тлумачэнні: логіка малых крокаў і прынцып захавання твару. У сітуацыі, калі партнёр (праціўнік) настроены варожа і няма шанцаў на вялікія саступкі, часам мае сэнс дамагчыся хаця б мінімальных, нават сімвалічных, саступак.

Гэта можа запусціць працэс далейшых саступак і павялічыць шанец дамагчыся большых мэт, як, напрыклад, вызваленне Пачобута.

Другое тлумачэнне: не агучваць публічна ключавое патрабаванне, каб даць магчымасць рэжыму «захаваць твар» у выпадку, калі ён усё ж наважыцца пайсці на саступку.

Калі будзе заяўлена: «Патрабуем вызваліць Пачобута», то рэжым у цяперашняй сітуацыі амаль напэўна не зробіць гэтага — толькі па той прычыне, што гэта сапсавала б яму «твар» моцнага і самаўпэўненага суб’екта. Бо атрымалася б, што Польшча выставіла такое і такое патрабаванне, а рэжым тут жа ўзяўся яго выконваць.

У цяперашняй сітуацыі адзіны спосаб павысіць шанцы на вызваленне Пачобута — зрабіць гэта, дазваляючы рэжыму захаваць твар. Гэта другое тлумачэнне, чаму не было ўзнята пытанне, якое для Польшчы, канешне ж, дужа важнае.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.1(12)